Калядны канцэрт у Беларускай клубоўні ў Празе

Увечары 7-га студзеня на нашай клубоўні прайшоў цудоўны вечар - беларуская елка з калядкамі для маленькіх прадстаўнікоў дыяспары. Сабралося шмат дзяцей, мігцелі агенчыкі на елцы і панавала вясёлая атмасфера: дзеткі гуляліся, бегалі вакол елкі, частаваліся мандарынамі і цукеркамі, радаваліся святу. 

Павіншаваць дзетак, што сабраўліся на клубоўні, прыйшлі Дудар, Дзед-механоша і Каза, якіх прывяла таленавітая вядучая Святлана Судноўская, трымаючы ў рукох прыгожую калядную звязду. З дазволу гасцей казачнікі заспявалі калядкі, Каза танчыла пад дуду, пакуль не стамілася і не ўпала. А каб Каза зноў пайшла і затанчыла, ёй далі пачастуначкі.

Атрымаўшы пачастункі, Каза засталася задаволеная, зноў заскакала пад дуду і паабяцала стварыць гэты год ураджайным.

Яшчэ Козачка загадвала дзеткам беларускія зімовыя загадкі, а тыя, хто адгадваў словы, атрымліваў салодкае ўзнагароджанне ад Дзеда-механошы. 

Калі ўсе загадкі былі адгаданыя, Дзед-механоша падараваў кожнаму дзіцёнку калядны падарунак - пакуначак смакоццяў. Радасныя дзеткі вадзілі карагоды вакол елкі пад музыку Дудара.

Каб дзеткі падсілкаваліся пасля актыўнай праграмы, ім арганізавалі асобны столік з салодкасцямі.

Паступова стомленыя дзеткі разыходзіліся, і вечар завяршыўся гітарнай часткай праграмы для старэйшых беларусаў. На гітары гасцям заіграў Цімафей Авілін, які перад гэтым выконваў ролю Дзеда-механошы. 

Падчас ягонага выступу госці не толькі атрымалі задавальненне ад прыемнай музыкі, але таксама даведаліся пра шмат цікавых рэчаў, напрыклад, што азначае беларускае слова "канцынямер", чым праславіліся мясціны "Лукішкі", "Бяроза Картузская" і "Валадарка", як гучыць вясковы блюз і якія грыбочкі самыя вясёлыя.

Самыя стойкія дзеці, якія дачакаліся гітарнага выступу, бралі ў канцэрце актыўны ўдзел.

Словам, вечар удаўся на славу!

Агульны фотаальбом можна праглядзець тут.