Дзень, багаты на падзеі для беларусаў Іркуцка

20 снежня 2013 г. для Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага" (ІТБК ) быў унікальным днём.

Справа ў тым, што ў гэты дзень адбыліся дзве выдатныя падзеі.

Першае. З ініцыятывы Старшыні ІТБК Алены Сіпаковай 20 снежня адбыўся першы круглы стол па тэме “Што агульнага, суседзі?”.

Чаму першы? Ды таму, што Алена Сіпакова мае намер правесці цягам года мінімум чатыры пасяджэнні па гэтай тэме. Кожнае з пасяджэнняў будзе прысвечана абрадавым святам пэўнага перыяду. Так, першая сустрэча была прысвечана пытанню “Зімовыя святы беларусаў і іх суседзяў”.

У прэс-рэлізе з гэтай нагоды Алена напісала: “Іркуцкая вобласць - шматнацыянальны рэгіён. Тут больш за 350 гадоў побач жывуць прадстаўнікі розных народаў. ІТБК запрашае прадстаўнікоў дыяспар суседніх з Беларуссю краін (рускай, украінскай, польскай, літоўскай) да пытання пошуку агульнага ў культурных традыцыях суседніх народаў, у форме круглага стала, прысвечанага святам зімовага цыклу народнага календара.

Мэта сустрэчы: Навуковае асэнсаванне, вывучэнне, параўнанне і абагульненне культурнай спадчыны народаў Іркуцкай вобласці.

У сустрэчы возьмуць удзел актывісты і спецыялісты Літоўскага нацыянальна-культурнага цэнтра “ШВИТУРИС”, Польскай культурнай аўтаноміі “Крэсіва”, Украінскага культурнага цэнтра “Дніпро”, выкладчыкі Іркуцкага абласнога каледжа культуры, а таксама ўдзельнікі фальклорных калектываў горада.

Да супрацоўніцтва таксама запрашаюцца школьнікі, студэнты, навукоўцы, краязнаўцы, гісторыкі, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, фалькларысты і іншыя зацікаўленыя спецыялісты. Людзі ўсіх узроставых груп, якія цікавяцца гісторыяй беларусаў, літоўцаў, украінцаў, палякаў, рускіх.

На думку арганізатараў, такі круглы стол будзе спрыяць павышэнню пісьменнасці маладых людзей у галіне этнаграфіі і фальклору, а таксама прыцягне ўвагу людзей да сваёй культуры. І, безумоўна, у далейшым будзе садзейнічаць больш цеснаму развіццю міжнацыянальных супрацоўніцтва. Удзельнікі змогуць падтрымліваць ўзаемаадносіны і абменьвацца вопытам сваіх даследчых работ...”

Вось так, крыху амбіцыйна, але досыць зразумела (з пункту гледжання задумы) было прэзентавана гэтае мерапрыемства.

Што ж, на мой погляд, сустрэча атрымалася. На жаль, на Круглы стол не прыйшлі палякі і літоўцы, але астатнія былі. Прадстаўнікі беларускай (Алег Рудакоў) , украінскай (Андрэй Заўялаў), рускай (Алена Карпухіна) грамадскасці - практыкі-арганізатары народных святаў - распавялі пра свае напрацоўкі і асаблівасці сваёй нацыянальнай культуры.

Цікавым было і выступленне прадстаўніка “вучонага свету” - выкладчыка-этнографа Іркуцкай Акадэміі адукацыі Маргарыты Салаўёвай. А студэнт-гісторык Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Кухта расказаў пра некалькі агульных для ўсіх славян момантаў, грунтуючыся на археалагічных раскопках вядомых рускіх даследчыкаў (акадэміка Рыбакова і іншых)

Усе ўдзельнікі круглага стала адзначылі, што гэтая падзея “нас узбагаціла”.

А Старшыня ІТБК Алена Сіпакова выказала думку, што “на наступны круглы стол трэба больш шырока запрашаць студэнтаў іркуцкіх ВНУ, бо мы тут ужо ў пэўным сэнсе спецыялісты і толькі дапаўняем адзно аднаго, а вось студэнты могуць даведацца шмат новага і карыснага”.

Другая яркая падзея гэтага дня - гэта ўрачыстае пасяджэнне, якое прайшло ў кінатэатры “Художественный”, арганізаванае Адміністрацыяй Іркуцка.

Газета “Іркуцк” аб гэтай падзеі напісала так: “Больш за 300 іркуцянаў сабралася 20 снежня ў КДЦ “Художественный” на ўрачыстую цырымонію грамадскага прызнання “Сацыяльная зорка” : удзельнікі конкурсаў “Мільён на добрыя справы” і на найлепшае ТГС ( Тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне), “Найлепшае нацыянальна-культурнае аб'яднанне”, “Найлепшыя валанцёры” і “Найлепшыя партнёры сацыяльных праектаў”.

Пераможцаў віталі мэр Іркуцка Віктар Кандрашоў і Старшыня Думы Аляксандр Ханхалаеў”.

Далей газета Іркуцк паведамляе: “Сацыяльная зорка” праводзіцца ў Іркуцку ўпершыню. Мэта мерапрыемства - сабраць на адной пляцоўцы іркуцянаў, якія ўзялі ў 2013 годзе актыўны ўдзел у жыцці горада, а таксама паказаць маштабнасць сацыяльнага руху і важнасць працы грамадскіх арганізацый для нашага горада.

Мы разам робім адну вялікую і важную справу - працуем на развіццё нашага горада. Вы - сіла нашага горада. Вы - яго актыўны стваральны пачатак. Вы - лідары грамадскай думкі, - звярнуўся да прысутных Віктар Кандрашоў. - Менавіта на такіх людзях, як вы, трымаецца наш горад”.

Што ж, падзея і напраўду была значная.

А нам удвая прыемней, што сярод узнагароджаных былі і нашыя беларусы.

У конкурсе “Найлепшае Нацыянальна-культурнае аб'яднанне” другое месца і прэмію ў 60000 рублёў атрымала Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага” (ІТБК).

У конкурсе “Мільён на добрыя справы” ў намінацыі “Іркуцк шматнацыянальны”:

- першае месца і прэмію ў 15000 рублёў атрымалі Алена Сіпакова (Старшыня ІТБК) і Наталля Бакуновіч (сябра Абласной Рады ІТБК ) за праект “Этнаграфічная выстава “Скарбы з вясковых куфраў”;

- другое месца і прэмію ў 10000 рублёў атрымала Юля Пермінава (Старшыня Іркуцкага гарадскога аддзялення ІТБК) за праект “Майстар-клас па беларускіх танцах”.

Дыплом “Сацыяльная Зорка”, “За ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці ў горадзе Іркуцку” і падарунак атрымала Воля Галанава - Старшыня Іркуцкай гарадской маладзёжнай грамадскай арганізацыі “Моладзевы клуб “Крывiчы”.

Рэдакцыя “Маланкi” ад усёй душы віншуе ўсіх узнагароджаных і жадае вам, сябры, далейшых творчых поспехаў!