Акцыі з нагоды 3-й гадавіны разгону Плошчы прайшлі ў ЗША

21 і 22 снежня адразу ў трох гарадах ЗША прадстаўнікі беларускай дыяспары ўшанавалі падзеі трохгадовай даўніны, калі беларускія афіцыйныя ўлады гвалтоўна стлумілі масавыя пратэсты супраць фальшавання вынікаў выбараў прэзідэнта краіны. Выхадцы з Беларусі выйшлі ў гэтыя дні на вуліцы ў Нью-Ёрку, Філадэльфіі ды Маямі. 21 снежня прадстаўнікі трох беларускіх арганізацыяў выйшлі да штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, каб нагадаць пра тое, што вось ужо тры гады, як у Беларусі няма легітымнай улады, а былыя кандыдаты ў прэзідэнты ды іншыя актывісты дэмакратычных сілаў знаходзяцца за кратамі і маюць статус вязняў сумлення. Каля 40 прадстаўнікоў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, Беларуска-Амерыканскага Згуртавання “Пагоня” ды арганізацыі “Беларусы ў выгнанні” выйшлі са сцягамі ды плакатамі на перакрыжаванне 1-й Авеню ды 43-й вуліцы ў Манхэтэне. Перад прысутнымі выступілі Дзмітры Шчыгельскі, д-р Ала Орса-Рамана, Віктар Едзіновіч, Вячка Станкевіч, Ганна Сурмач ды Юрась Зянковіч. Выступоўцы адзначылі важнасць салідарнасці беларусаў усяго свету з суайчыннікамі і, у першую чаргу, з тымі, каго рэжым Лукашэнкі трымае за кратамі, і заклікалі беларусаў за мяжой і на радзіме да аб’яднання дзеля вызвалення краіны ад дыктатуры. 22 снежня ў грамадска-культурнай зале Сабору св.Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, што ў Нью-Ёрку, адкрылася фотавыстава, прысвечаная падзеям беларускай Плошчы-2010. Выставу арганізавалі “Беларусы ў выгнанні” ды Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне. На адкрыцці выставы прысутнічала былая адвакат кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Марына Кавалеўская, якую беларускія ўлады ў якасці помсты пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, але якая паспяхова скончыла навучанне ў Юрыдычнай школе Гарвардскага ўніверсітэту. Марына ды яе муж – Валеры Кавалеўскі, былы супрацоўнік беларускага МЗС ды амбасады Беларусі ў ЗША – падзяліліся ўласнай гісторыяй таго, як яны перажылі тыя дні і падзеі, звязаныя з Плошчай. “Мы палічылі, што прафесійная адказнасць ды сумленне абавязваюць мяне дапамагчы тым, хто цярпіць, і ўзяцца за абарону майго кліента Андрэя Саннікава нягледзячы на пагрозу пазбаўлення ліцэнзіі, хаця на той час ад яго ўжо адмовіліся ўсе іншыя адвакаты пад ціскам і пагрозамі ўладаў”, - падкрэсліла ў сваім выступе Марына Кавалеўская. У той жа дзень, 22 снежня 2013 Паўднёва-Флорыдскі аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзіночання правёў сваю акцыю, прысвечаную трэцім угодкам з дня падаўлення мірнай дэманстрацыі нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Акцыя адбылася на галоўнай вуліцы Колінз-авеню ў Сані-Айлз-Біч, а пасля перанеслася на гарадскі пляж. Мерапрыемства прыцягнула больш за 10 удзельнікаў, неабыякавых да падзеяў таго жудаснага дня. Да акцыі далучыліся таксама беларусы, якія праходзілі побач і, пабачыўшы родныя сцягі, далучыліся да дэманстрацыі. Кіроўцы аўтамабіляў, што праяжджалі па Колінз-авеню, трубілі ў падтрымку. Беларускія і амерыканскія сцягі, агульны плакат акцыі, а таксама палітычныя карыкатуры беларускага мастака Дзмітрыя Багацішчава прыцягнулі ўвагу жыхароў Маямі да Беларусі і яе праблемаў. У тую ж нядзелю, 22 снежня, каля  Залы Незалежнасці ў Філадэльфіі, дзе размешчаны Звон Свабоды, адбыўся мітынг мясцовых беларусаў, прымеркаваны да 3-й гадавіны падзеяў 19 снежня ў Мінску. Беларуская моладзь сабралася, каб нагадаць пра падзеі 2010 года і выказаць салідарнасць з палітычнымі зняволенымі. Месцам правядзення акцыі быў абраны адзін з галоўных амерыканскіх сімвалаў барацьбы за незалежнасць – Звон Свабоды. Выступленні ў Нью-Ёрку, Маямі ды Філадэльфіі праходзілі ў межах сусветнага марафону салідарнасці беларусаў замежжа з суайчыннікамі на Радзіме і палітычнымі зняволенымі, што пакутуюць у лукашэнкаўскіх турмах. На мінулым тыдні аналагічныя акцыі адбыліся таксама ў Вашынгтоне ды Лос-Анджэлесе (19 снежня), а таксама ў Польшчы (Варшава ды Познань), у Кіеве на Майдане Незалежнасці ды ў Канадзе (Таронта).