Еўрамайдан правядзе акцыю салідарнасці з Беларуссю

“Памятаем 19 снежня 2010 года!” - з такім лозунгам беларусы і ўкраінцы пройдуць сёння шлях ад Майдану Незалежнасці да Беларускай амбасады ў Кіеве, каб перадаць там петыцыю з патрабаваннем вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі і правядзення справядлівых і празрыстых выбараў. "Гэта акт дэманстрацыі салідарнасці цяперашняга Майдана, які адстойвае еўрапейскі шлях, з беларускай Плошчай", - кажа Вячаслаў Сіўчык:

- Мы праводзім акцыю салідарнасці з Беларуссю. “Беларускі цэнтр ва Украіне” праводзіць яе супольна з украінскім “Камітэтам вызвалення палітвязняў” і штабам Майдана, таксама чакаем дэлегацыю Руху салідарнасці “Разам” з Беларусі, якая прыедзе. Акцыя пачнецца на Майдане Незалежнасці а 13-й гадзіне па кіеўскім часе з выступаў са сцэны. Пасля будзе разгорнуты наш сцяг і мы пойдзем па вуліцах Крашчацік і Багдана Хмяльніцкага да пасольства Беларусі. 

На Майдане Незалежнасці ў Кіеве прыхільнікі еўраінтэграцыі Украіны будуюць новыя і ўмацоўваюць старыя барыкады.

Яго ўдзельнікі не выключаюць, што за расійскую фінансавую дапамогу Украіне, прэзідэнт Віктар Януковіч паабяцаў разагнаць лагер пратэстоўцаў на цэнтральнай плошчы Кіева.

У Вярхоўнай Радзе, дзе апазіцыя працягвае блакаваць працу парламента, таксама чакаюць ад улады тлумачэнняў – на якіх умовах Масква зніжае для Украіны на 30% кошт на расійскі газ і дае крэдыт у 15 мільярдаў даляраў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя