Памерла Ала Ходан

Пайшла з жыцця кіраўніца сяброўскага клуба «Беларуская хатка» Ала Ходан.

Клуб быў заснаваны на пачатку 1990-х аматарамі творчасці паэта і атрымаў назву паводле аднайменнага літаратурнага гуртка, у якім удзельнічаў Максім Багдановіч.

Сябры клуба пад кіраўніцтвам Алы Ходан зладзілі дзясяткі экскурсій па гістарычных мясцінах Беларусі, паэтычных, літаратурных і творчых вечарын з вядомымі паэтамі, бардамі і палітыкамі ў філіяле музея Максіма Багдановіча на вуліцы Рабкораўскай у Мінску.

Сябра аргкамітэта ра стварэнні партыі БХД Валерыя Чарнаморцава кажа: «Для многіх людзей, мяне ў тым ліку, творчыя імпрэзы ў музеі Багдановіча былі першымі крокамі ў адкрыцці прыгажосці роднага слова, беларускай паэзіі, багацця гісторыі і культуры Беларусі. Шмат для каго імя Алы Міхайлаўны Ходан звязана з самымі лепшымі ўспамінамі, а памяць пра гэтага чалавека застанецца назаўсёды светлай».