Галіна Тварановіч: Беларуская філалогія мусіла б быць сімвалам Універсітэту ў Беластоку

Размова з прафесаркай Галінай Тварановіч, кіраўніцай Кафедры беларускай філалогіі Філалагічнага факультэту Унівэрсітэту ў Беластоку. Нагодай для размовы стала нядаўняе паведамленне, што дэкан Філалагічнага факультэта прыняў пастанову прыпыніць набор студэнтаў на Кафедру беларускай філалогіі ў сувязі са слабым зацікаўленнем гэтай спецыялізацыяй сярод патэнцыяльных студэнтаў. Калі так адбудзецца, згаданай кафедры ў Беластоку – адной з нешматлікіх устаноў за мяжой, дзе вывучаюць беларускую мову на ўніверсітэцкім узроўні – можа пагражаць ліквідацыя. РС: Калі было прынятае рашэнне аб спыненні набору на беларускую філалогію ў Беластоку і што галоўным чынам паўплывала на яго? Галіна Тварановіч: Канкрэтна 29 лістапада дырэктар Інстытуту ўсходнеславянскай філалогіі, пані прафесар Супа, паведаміла аб тым, што дэкан вырашыў прыпыніць набор на беларускую філалогію ў наступным навучальным годзе. Потым гэтую сумную навіну пацвердзіў дэкан Філалагічнага факультэта, прафесар Нававейскі. І ён дадаў, што акрамя прыпынення набору студэнтаў у наступным годзе, маецца на ўвазе ліквідацыя гэтага кірунку – беларускай філялогіі ва Універсітэце ў Беластоку. Ён абгрунтаваў гэта эканамічнымі прычынамі – тым, што ўніверсітэт апынуўся ў цяжкіх фінансавых умовах і што трэба эканоміць на ўсім, на чым магчыма. А беларуская філалогія, маўляў, такі нерэнтабэльны кірунак, на які набіраецца няшмат студэнтаў, і праца Кафедры беларускай філалогіі ў сувязі з гэтым таксама не апраўдвае сябе. Але я хачу адразу падкрэсліць, што наша Кафедра, якая сёлета адзначыла сваё 20-годдзе, у гэтым годзе паспяхова прайшла гэтак званую параметрызацыю і выйшла на другое месца ў Інстытуце ўсходняй філалогіі, што тычыцца ацэнкі нашага навукова-дыдактычнага ўзроўню. А тое, што ў гэтым годзе, на вялікі жаль, у нас няма першага курсу, звязана, пэўна ж, і з дэмаграфічнымі прычынамі, з тым дэмаграфічным «нізам», які ўвайшоў у Польшчу ў апошнія гады. На іншых кірунках і факультэтах таксама ёсць праблемы з наборам студэнтаў. Але гэта не з'яўляецца падставай для ліквідацыі беларускай філалогіі, якая мусіла б быць сімвалам Універсітэту ў Беластоку, таму што дзе ж як не на Беласточчыне, дзе кампактна пражывае беларуская нацыянальная меншасць, быць вышэйшай беларускай філалагічнай адукацыі? Мы ўсё ж спадзяемся, што рэктар універсітэту падкарэктуе заяву дэкана і вырашыць захаваць беларускую філалогію, тым больш што філалогіі іншых нацыянальных і этнічных меншасцяў у Польшчы – лэмкаў, кашубаў, немцаў – таксама карыстаюцца падтрымкай дзяржавы. РС: Вы сказалі, што ваша Кафедра існуе ўжо 20 гадоў. А як было са студэнтамі ў мінулых гадах? Галіна Тварановіч: Беларуская філалогія за гады свайго існавання выпусціла каля 200 магістраў і каля 20 ліцэнцыятаў... Цяпер на Кафедры працуе малады і вельмі перспектыўны калектыў, і важна падкрэсліць, што ў асноўным – гэта выпускнікі беларускай філалогіі Універсітэту ў Беластоку... РС: А колькі студэнтаў вам трэба было б набіраць штогод, каб улады ўніверсітэту не выстаўлялі вам прэтэнзій адносна малой зацікаўленасці кірункам? Галіна Тварановіч: Цяпер кажуць, што адна група мусіць мець не менш за 30 студэнтаў на кожным кірунку ва ўніверсітэце. Зразумела, што 30 студэнтаў для беларускай філалогіі – гэта цалкам немагчыма. У нас цяпер 29 студэнтаў на трох курсах. Гэта цалкам няблага, як нядаўна сказаў нам прадстаўнік Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі, калі параўноўваць нашу сітуацыю з сітуацыяй філалогій іншых нацыянальных меншасцяў у Польшчы... Для філалогій нацыянальных меншасцяў трэба ўстанавіць нейкі рэальна дасягальны ўзровень студэнтаў... РС: Я сёлета быў на семінары ў Інстытуце русінскай мовы і культуры ў Прэшаве ў Славаччыне. Там у іх прыблізна па пяць студэнтаў на курсе, і ніхто не збіраецца ліквідаваць ім гэтага інстытуту. Дарэчы, славацкія русіны спалучаюць навучанне русінскай мовы з іншымі спецыялізацыямі. У іх там выходзяць спецыялісты, прыкладам, па русінскай і ангельскай мовах. Вы так не спрабавалі ў Беластоку? Галіна Тварановіч: У нас таксама беларуская спалучаная з ангельскай. І апошнія пяць гадоў мы трымаліся цалкам няблага. Набіралі па 10-15 чалавек на першы курс. Але сёлета – магчыма, з увагі на дэмаграфічны «ніз» і на пэўную насычанасць ангельскай мовай – гэтая тактыка не спрацавала... Але не менш істотны момант – гэта тое, каб беларускае асяроддзе на Падляшшы добра падумала, як працаўладкоўваць выпускнікоў беларускай філалогіі... Я запыталася ў аднаго са сваіх студэнтаў, які закончыў філалогію гадоў 10 таму, чаму, паводле яго, тады не было праблемаў з наборам. Ён мне адказаў, што тады ішлі на філалогію тыя, якія сапраўды былі пакліканыя, якія ішлі з патрэбы сэрца і з патрэбы свайго светапогляду... РС: На вашу думку, ці ўплывае на зацікаўленасць беларушчынай на Падляшшы сітуацыя беларушчыны ў Рэспубліцы Беларусь, ці гэта не мае вялікага значэння?

Галіна Тварановіч: Пытанне, пэўным чынам, правакацыйнае. Вы самі разумееце, што мае. Яшчэ як мае! Зразумела, што сітуацыя, у якой беларуская мова аказалася ў значнай ступені падчаркай на сваёй радзіме, не можа не ўплываць на тое, якія адносіны да яе і ў Польшчы агулам, і на Падляшшы ў прыватнасці. Гэта вельмі балючая тэма, і гэтая тэма гучыць ужо з другой паловы мінулага стагоддзя...