Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Вячка Целеш. Ён маляваў на беразе Балтыі (згадкі пра мастака Валерыя Дзевіскібу)

Маё знаёмства з мастаком Валерыем Дзевіскібам пачалося ў канцы 1960-х гадоў. Я ў той час днём працаваў, а вечарамі наведваў падрыхтоўчыя курсы ў Латвійскай акадэміі мастацтваў, якія вёў вядомы жывапісец Міхаіл Карнецкі. Менавіта там я пазнаёміўся з Валерыем. Ён прадставіўся беларусам з Гомеля. Мне прыемна было сустрэць земляка і разам рыхтавацца да паступлення ў акадэмію.

Ён усюды афіцыйна пісаўся Валерыем, але пры знаёмстве прадстаўляўся як Валянцін, і ўсе яго звалі Валянцінам. Я тады не разумеў, чаму ён мае два імя. Пазней я даведаўся, што ён каталік, а каталікам пры хрышчэнні даюць два імя. Праўда, пазней ён ужо прадстаўляўся як Валерый: відаць, яму хацелася неяк звязаць сваё імя з імем вядомага беларускага змагара, паплечнікам Кастуся Каліноўскага, Валерыем Урублеўскім.

Пра сваю біяграфію Валеры не любіў гаварыць. А прычына была адна: Валеры быў дзіця вайны, нарадзіўся ў Германіі, як ён мне пазней расказаў. Яго маці, беларуска з вёскі Новая Мільча, што недалёка ад мяжы з Гомелем, у час вайны была вывезена фашыстамі ў Германію. Там у 1943 г. і нарадзіўся Валеры. Па яго словах, пасля вайны маці вярнулася ў вёску і жыла ў сваёй хатцы. Бацька Валерыя Пётр, які таксама быў вывезены ў Германію, дзе і пазнаёміўся з маці, пасля вайны не паехаў у Гомель да маці Валерыя, а жыў недзе на Далёкім Усходзе. У 1980-х гадах Валеры нават спрабаваў з ім звязацца праз пошту, але яны так і не сустрэліся.

Пасля заканчэння сярэдняй школы, у 1960-х гадах, Валерыя забіраюць служыць у войска, трапіў у ваенна-марскі флот на Чорнае мора. Яшчэ са школы ён любіў маляваць і нават хадзіў у мастацкую студыю - у яго была мара стаць мастаком. Аднойчы, калі ён служыў у Севастопалі, горад наведаў вядомы латышскі жывапісец, марыніст, прафесар Эдуард Калныньш, які маляваў там эцюды Чорнага мора. На беразе за працай і ўбачыў Валеры славутага мастака і пазнаёміўся з ім. Расказаў пра сябе, паказаў яму свае малюнкі, і Калныньш параіў яму пасля заканчэня службы ехаць у Рыгу і паступаць у акадэмію. 
Як толькі скончылася служба, Валеры прыехаў у Рыгу, уладкаваўся на працу матросам на баржу ў Балдэраях за 10 км ад Рыгі - там размяшчалася марская база. Атрымаць прапіску і жыллё ў інтэрнатах Рыгі тады было складана. Яму далі жыллё ў каюце старой баржы, якая стаяла ля прычала, там жылі і іншыя халастыя рабочыя базы. Пасля працы ён і пачаў хадзіць на падрыхтоўчыя курсы акадэміі мастацтваў, дзе мы і сустрэліся. 
З таго часу мы надоўга пасябравалі з Валерыем, разам паступалі ў Латвійскую акадэмію мастацтваў. Менавіта тады мы вырашылі размаўляць паміж сабой толькі па-беларуску. Ён добра маляваў, асабліва накіды алоўкам. Аднак, калі рыхтаваўся да ўступных экзаменаў і падчас іх, у яго не хапала цярпення да канца заканчваць малюнак, што патрабавалася для паступлення ў акадэмію. Пасля некалькіх спробаў ён не змог паступіць на графічнае аддзяленне, дзе патрабаванні да акадэмічнага малюнка былі вялікія. 

Калі я ўжо быў студэнтам акадэміі, на канікулах у 1970-х вырашыў паехаць у Мінск. Згадзіўся са мною ехаць і Валеры. У Мінску на Ленінскім праспекце на паддашшы Яўгена Куліка мы сустрэліся з Міхасём Чарняўскім, Зянонам Пазьняком і Васілём Шаранговічам. Тая сустрэча зрабіла нас абодвух большымі патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны, бо мінскія хлопцы далі нам шмат гістарычнай літаратуры, і там мы даведаліся шмат пра нашу гісторыю, чаго раней не ведалі. 

Пасля той паездкі Валеры вырашыў прыехаць летам у Мінск і паступаць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на графічнае аддзяленне. Але і там яму не пашчасціла стаць студэнтам, так як і мне ў 1966 годзе. Пасля гэтай няўдачы Валеры вырашыў, што непатрэбныя яму ніякія афіцыйныя навукі, і вырашыў сам пастаянна і шмат маляваць, каб стаць мастаком. Найбольш ён вучыўся па карцінах латышскіх мастакоў-акварэлістаў, якія мы з ім бачылі на мастацкіх выставах у Рызе. Шмат працаваў з натуры, пісаў мора, прычал з баржамі і караблямі, дзе ён жыў, пастаянна рабіў замалёўкі людзей у невялікі блакноцік, які пастаянна насіў з сабою.

Праз некаторы час Валеры з баржы з Балдэраяў, дзе ён жыў, пераехаў у Рыгу. Якраз на мяжы горада па Елгаўскай шашы ў старой прыватнай хаце ён знімаў пакойчык. А пасля знаёмства Валерыя з Лідзіяй (прозвішча яе я не запомніў), якая жыла ў Прэдайнэ і працавала касірам на чыгуначнай станцыі Атгазэнэ, з яе дапамогай ён перасяліўся і прапісаўся ў прыгарадзе Рыгі Бабітэ ў прыватнай хаце побач з чыгуначнай станцыяй, дзе жыла старая бабуля-латышка. На другім паверсе ў мансардзе хаты Валеры меў невялікі пакойчык і кухню, трымаў ката, для якога пастаянна ездзіў на электрычцы на Цэнтральны рыжскі рынак па свежую і марожаную рыбу. У той хаце ён шмат маляваў. Я летам часта заязджаў да яго, і мы ішлі пісаць пейзажы Бабіцкага леса і возера, што знаходзіцца непадалёку. 

Калі ён яшчэ не быў жанаты, то мы часта сустракаліся. Я яго пазнаёміў з многімі маімі беларускімі сябрамі: Сяргеем Панізнікам, Адамам Мальдзісам, Уладзімірам Арловым, Эрнэстам Ялугіным, Юркам Голубам, Яўгенам Лецкам і інш., якія прыязджалі з Беларусі ў Рыгу і бывалі ў маёй майстэрні. У 1980 г. у Доме творчасці ў Дубулты адпачывалі Уладзімір Караткевіч і Алег Лойка са сваімі жонкамі, быў у Юрмале і Сяргей Панізнік. У адну нядзелю яны захацелі, каб я іх звазіў у Этнаграфічны музей пад адкрытым небам, аб гэтым мне па тэлефоне паведаміў Сяргей. Я з задавальненнем згадзіўся і, канечне, запрасіў на гэту сустрэчу і Валерыя. Валеры ў той дзень спазніўся, прыехаў у музей і знайшоў нас, калі мы ўжо збіраліся дамоў. Пасля музея ўся наша кампанія - тады ж з намі была і перакладчыца, філолаг Мірдза Абала - завітала да мяне ў майстэрню на вул. Брывібас, 40. Тады ж ён і пазнаёміўся з вядомымі класікамі беларускай літаратуры. 
Мы з Валерыем не аднойчы ездзілі ў Мінск, бывалі ў гасцях у У.Караткевіча і А.Лойкі, пазнаёміўся ён там з мастакамі Міколам Купавам, Аляксеем Марачкіным, Уладзімірам Крукоўскім, іншымі мастакамі. У 1980 г. мы нават вазілі ў Мінск свае працы на выставу, прысвечаную 500-годдзю Міколы Гусоўскага. Пасля Мінска ён ездзіў у Гомель, дзе наведваў сваю маці. Адзін раз я нават узяў яго з сабой у пасёлак Краснасельскі, дзе жылі мае бацькі. 

У 1980 г. была скончана пабудова маёй майстэрні. Валеры пастаянна заходзіў да мяне. У той час у Рыжскім інстытуце грамадзянскай авіяцыі выкладчыкам нямецкай мовы працаваў беларус са Слонімшчыны Уладзімір Сакалоўскі, у Рызе жыла і працавала выкладчыцай патэса з Гродзеншчыны Аўгіння Кавалюк. Я з дапамогай маіх мінскіх сяброў адшукаў іх, мы пазнаёміліся і пачалі сябраваць, збірацца ў маёй майстэрні. Кампанія стварылася добрая - Сакалоўскі з жонкай Галінай, настаўніцай, Аўгіння з мужам Лявонам - навукоўцам Латвійскай акадэміі навук, мая стрыечная сястра Раіса Сазон - настаўніца, я з жонкай і Валеры Дзевіскіба з Лідзіяй. Нашы агульныя сустрэчы праходзілі на беларускай мове і былі цікавымі. Аўгіння Кавалюк чытала свае вершы, Уладзімір Сакалоўскі расказваў пра свае пераклады з нямецкай літаратуры на беларускую мову, пастанна ішла гаворка пра нацыянальную беларускую культуру і гісторыю. За кавай пад чарачку мы спявалі беларускія песні. Для таго, каб усе маглі спяваць, я на вялікіх лістах ватмана пісаў словы песень і вешаў на мальберце, каб усім было відаць. Нашу сябрыну можна было лічыць першым нелегальным неафіцыйным нацыянальнальным беларускім таварыствам у Латвіі. Там мы адзначалі і дні нараджэнняў, у 1983 г. адзначалі 40-годдзе Валерыя, а ў 1988 годзе - маё 50-годдзе.
Калі муж Лідзіі памёр, а дзеці яе пажаніліся, Валерый афіцыйна ажаніўся з Лідзіяй і пераехаў да яе жыць. Яна жыла ў Юрмале, у Прэдайнэ, у старым прыватным доміку з садам. З таго часу ён нідзе афіцыйна не працаваў, маляваў дома, сяды-тады прадаваў свае карціны. Лідзія бачыла ў ім таленавітага мастака, клапацілася аб ім і стварала ўсе ўмовы для таго, каб ён найбольш маляваў, а яму больш нічога не патрэбна было. 

Як пачаў развальвацца Савецкі саюз, пачалася латвійская Атмода (Адраджэнне), змаганне за незалежную Латвійскую дзяржаву, пачалі стварацца нацыянальныя культурныя таварыствы. У 1988 г. я пачаў займацца стварэннем афіцыйнага Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". Валеры з Лідзіяй не далучыліся да маіх намаганняў, не сталі яны і сябрамі таварыства. Не гледзячы на тое, што Валерый Дзевіскіба не стаў сябрам "Сьвітанка", мы 13 снежня 1990 г. арганізавалі першую персанальную выставу яго твораў у Зялёнай зале Малой гільдыі на вул. Амату, 5, дзе тады размяшчаўся "Сьвітанак" і Беларуская мастацкая студыя "Вясёлка". Пасля закрыцця выставы на вул.Амату, 5 па маёй дамове з дырэктарам Эдуардам Шыракам у Доме работнікаў мастацтваў Латвіі на вул. Вальню 10 студзеня 1991 г. мы адкрылі другую выставу Валерыя Дзевіскібы. 

12 студзеня 1991 г. я сабраў мастакоў у майстэрні для арганізацыі Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". Валеры таксама прыйшоў на сход і стаў адным з заснавальнікаў нашага аб'яднання, але сябрам гэтага аб'яднання, на жаль, таксама не стаў. Я разумеў, што Лідзія вельмі цаніла Валерыя не толькі як мастака, але і як маладога мужа, які быў нашмат маладзейшы за яе, таму, верагодна, раўнавала яго і не адпускала ад сябе туды, дзе збіралася шмат людзей.

У пачатку тых 1990-х гадоў Валеры маляваў дома невялікія пейзажы і нацюрморты з кветкамі і прадаваў іх ля латвійскай філармоніі, дзе і да сёння выстаўляюцца на продаж розныя мастацкія карцінкі. У хуткім часе ён захварэў на цукровы дыабет і ні з кім з беларусаў больш не сустракаўся. У гэты час у Латвіі пачалася дэнацыаналізацыя ўсіх будынкаў, якія адабрала ў латышоў пасля вайны савецкая ўлада, хаты і дамы вярталіся гаспадарам. Знайшліся гаспадары і той хаткі ў Прэдайнэ, у якой жылі Валеры з Лідзіяй, і пачалі патрабаваць, каб яны выехалі з дома. У Рызе ісці ім не было куды, дачка Лідзіі мела невялікую кватэру толькі для сваёй сям'і. Тады яны вырашылі ехаць пад Гомель у Новую Мільчу, дзе засталася невялічкая хатка пасля смерці маці Валерыя. Пасля гэтага наша сувязь з Валерыем поўнасцю спынілася, на маё пісьмо ён не адказаў. Пасля пераезда ў Беларусь ён і там не кантактаваў ні з кім з нашых агульных сяброў. Чуў я пазней, што яго адзін раз наведаў наш агульны знаёмы літаратуразнаўца Яўген Лецка. 

Акварэльную тэхніку Валеры Дзевіскіба асвоіў самастойна і асвоіў добра, яна вызначалася асаблівым майстэрствам, уласцівым для латышскай акварэльнай тэхнікі. У 1979 г. яго акварэльныя працы "Рыба ідзе" і "Моцны вецер" былі прыняты на Восеньскую выставу прац юрмальскіх мастакоў, і яго імя ўвайшло ў каталог выставы разам з такімі вядомымі латышскімі мастакамі, як Ансіс Артумс, Херберт Сіліньш, Улдыс Земзарыс і інш. У пачатку 1980-х адна яго акварэльная праца "Прычал зімой" была прынятая ў Латвійскую экспазіцыю на Усесаюзную мастацкую выставу ў Маскву і была адзначана ў каталозе выставы. Ён пастаянна ўдзельнічаў у мастацкіх выставах Юрмальскай групы мастакоў. Яго працы экспанаваліся ў г. Рызе і ў г. Валміеры падчас Дзён мастацтва. 

У акварэльнай тэхніцы ён мог бы зрабіць кар'еру мастака і быў бы прыняты ў Латвійскі саюз мастакоў, але ў Валерыя хутка з'явілася жаданне асвоіць тэхніку пастэлі. Гэтая тэхніка жывапісу таксама складаная, у рэалістычных малюнках нацюрмортаў і асабліва партрэтаў патрабуецца дакладны, акадэмічны малюнак, ён і гэту тэхніку асвоіў. Апошнія 1980-я і пачатак 1990-х гадоў ён найбольш маляваў пастэльнымі фарбамі, акварэллю амаль не пісаў. 
Працуючы ў тэхніцы пастэлі, Валеры Дзевіскіба зрабіў шмат добрых партрэтаў славутых беларусаў: Міколы Гусоўскага, Францішка Багушэвіча, Міхала Клеафаса Агінскага, Кастуся Каліноўскага, Францішка Скарыны, намаляваў партрэт Сцяпана Панізніка, бацькі Сяргея Панізніка. Ён маляваў вулачкі Старой Рыгі. Гэтыя і іншыя творы выстаўляліся ў 1990-1991 гг. Некаторыя з іх былі падораны Валерыем нашым агульным сябрам Адаму Мальдзісу, Алегу Лойку і Уладзіміру Сакалоўскаму. У Сяргея Панізніка захоўваецца партрэт бацькі, зроблены пастэллю ў Юрмале. 

Валеры Дзевіскіба быў таленавітым мастаком. Яго талент раскрыўся дзякуючы вялікай пастаяннай працы над малюнкам і жывапісам. Ён мог бы нядрэнна сябе праявіць і ў тэхніцы рэльефнай разьбы па дрэве. На маё 40-годдзе Валеры падараваў мне выразаны з дрэва рэльеф з пагоняй. Тая пагоня, як герб, пастаянна вісела ў маёй майстэрні, цяпер яна ўпрыгожвае офіс Латвійскага таварыства беларускага культуры "Сьвітанак".

Я мяркую, што пасля вяртання на Радзіму Валерый Дзевіскіба і там мог займацца творчасцю, рабіць добрыя працы, далучыцца да гомельскіх мастакоў, удзельнічаць у выставах. Чаму гэтага не адбылося, чаму яго талент не быў да канца рэалізаваны - мне невядома. Магчыма, прычына - не вельмі добрае здароўе.

Ці меў Валеры нейкія кантакты з Гомельскай групай Саюза мастакоў Беларусі? Ці маляваў ён там увогуле і дзе засталіся яго ўсе творы? На жаль, на гэтыя пытанні мне таксама не ўдалося адшукаць інфармацыю. Можа, гэтым зоймуцца гомельскія мастацтвазнаўцы і краязнаўцы, якія раскрыюць творчае імя мастака, каб упісаць яго не толькі ў гісторыю беларускага мастацтва Латвіі, але і ў гісторыю беларускіх мастакоў Гомельшчыны.

Добрай данінай памяці пра мастака Валерыя Дзевіскібу магла б стаць выстава яго твораў, калі б знайсці і сабраць усе яго працы. 

А пакуль што сёлета, у год юбілея мастака, змяшчаем здымкі, якія захаваліся ў архіве Сяргея Панізніка і аўтара гэтых радкоў, якія нагадаюць нам пра яго і тыя дні, калі жыў і тварыў на беразе Балтыі беларускі мастак Валеры Дзевіскіба.

Валеры Дзевіскіба 1980-я гг. У майстэрні Вячкі Целеша. Фота С.Панізніка.

 

Злева Сяргей Панізнік, Валеры Дзевіскіба і Айвар Калвэ ў майстэрні В.Целеша. Фота С.Панізніка.

 

В. Дзевіскіба ў Старой Рызе.1980-я г. Фота В.Целеша

 

Адкрыццё персанальнай выставы В. Дзевіскібы. Злева -  Сяржук Кузняцоў, справа -  Вячка Целеш. 1990 г.

 

Партрэт Ф.Скарыны В. Дзевіскібы на выставе 1990 г.

 

В. Дзевіскібу на выставе 1990г. віншуе Ларыса Лойка

 

Валеры Дзевіскіба. Пагоня. 1978 г. Разьба па дрэве.

 

Адкрыццё выставы В. Дзевіскібы ў Маза гілдэ. 1990 г.

Адкрыццё выставы ў Доме работнікаў мастацтва. Справа Эдуард Шырак, Вячка Целеш, Валеры Дзевіскіба і Андрэй Германіс. 1991 г.

 

В.Дзевіскіба. Партрэт Міколы Гусоўскага. Са зб. А.Мальдзіса.

 

 В.Дзевіскіба. Партрэт Сяргея Панізніка.

 

В.Дзевіскіба і бацька Сяргея Панізніка - Сцяпан. Каўгуры. Фота С.Панізніка. 

 

У Каўгуры ў гасцях у Ніны Панізнік, побач Вераніка Панізнік. 1980-я г. Фота С.Панізніка.

 

2011 г. Бабітэ. Хата Сэлі, у якой жыў В.Дзевіскіба.

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.