«Мяцеліца» закружыла ў танцы

Увесь дзень у Палацы мастацтваў танчылі беларускія танцы. Ды так, што толькі пыл ляцеў з-пад абцасаў. Конкурс «Мяцеліца» ўпершыню прайшоў у Мінску і сабраў аматараў традыцыйных скокаў з усёй Беларусі. Арганізатарамі выступілі Школа традыцыйнага мастацтва і кампанія «Будзьма беларусамі!».

Зала запоўнілася людзьмі ў яркіх нацыянальных строях. Цягам конкурсу на пляцоўку выйшлі 38 аматарскіх параў розных узростаў не толькі са сталіцы, але і з вёскі Капаткевічы, з Баранавічаў, Асіповічаў і г.д. «Усе яны танчаць для сваёй асалоды, часцей за ўсё ў гуртах, якія пераймаюць танцавальныя рэгіянальныя традыцыі. Яны танчаць на добрым узроўні, але не сцэнічны танец, не стылізаваны, а добра зроблены рэгіянальны варыянт», – кажа дырэктар Школы традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта GUDA Вікторыя Міхно.

Менавіта таму адной толькі лявоніхі можна было пабачыць на сцэне безліч варыянтаў. «Ніхто на пляцоўцы не выконвае адзін і той жа стэрэатыпны малюнак, кожны паказвае штосьці сваё. Таму перад журы стаіць вельмі цяжкая задача», – дадае яна.

Журы конкурсу складалі даследчыкі традыцыйнага танцу, выкладчыкі, этнахарэографы. У праграму ўваходзілі самыя вядомыя беларускія танцы – лявоніха, падэспань, кракавяк, полька-какетка, ночка, каханачка, карапет, барыня. Некаторыя пары танчылі з асаблівай харызмай і імпэтам і пры канцы конкурсу займелі прыхільнікаў і заўзятараў. Напрыклад, Уладзімір Семяніцкі і Таццяна Яроміна – пара сталага веку з вёскі Капаткевічы – дэманстравала такую спрытнасць і задор, што ператанчыла многіх маладых і ўзяла першае месца. «Беларускімі танцамі мы займаемся ўсё жыццё, пачалі яшчэ ў школе. Увесь час танчым разам», – кажа няўрымслівая пара.

Акампанавалі ўсяму гэтаму танцавальнаму марафону інструментальныя капэлы “Дзвіна", “На таку”, якая некалі грала ў той самай “Жар-птушцы”, а цяпер у клубе “Сіта”, а таксама Васіль Семашкевіч – музыка з Любані.

Выпадкова ў глядацкую залу трапілі 15 харэографаў з Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, якія прыехалі ў Мінск пераймаць досвед беларускіх танцавальных калектываў. Загадчыца сектара харэаграфіі аддзела народнай творчасці Камітэта па культуры ўрада Ленінградскай вобласці Вольга Гарбунова падзялілася ўражаннямі: «У Расіі такіх конкурсаў няма, гэта дакладна, гэта цяпер мая мара. Нам ёсць чаму ў вас павучыцца. Я глядзела на банеры ў зале, цікава, што вы можаце пісаць паўсюль “мы беларусы, і гэта здорава”. У Расіі так нельга, усе за талерантнасць, але ж трэба помніць пра свае карані».

Аўтар ідэі конкурсу, галоўны беларускі этнахарэограф Мікалай Козенка, які не раз выступаў ініцыятарам многіх фальклорных фестываляў, у тым ліку найбуйнейшай «Берагіні», расказаў, што сёння танцавальны рух найбольш актыўны ў рэгіёнах: «Напэўна, найлепш падтрымліваецца ён на Берасцейшчыне і Гомельшчыне. Магілёўшчына ў гэтым сэнсе спіць, а Мінск, магчыма, таксама пачне танчыць са з’яўленнем «Мяцеліцы».

«Мяркую, што ў наступным годзе «Мяцеліца» будзе яшчэ больш маштабнай, на больш высокім арганізацыйным узроўні і сапраўды стане выдатным рэспубліканскім конкурсам, – кажа Вікторыя Міхно. – Мы паказалі, што традыцыйны танец – цікавы, захапляльны і ёсць у ім тры тысячы інтрыг, як і ў бальных, і ў ірландскіх танцах. Беларускі танец хвалюе нас, бо ён нам родны”.

Пры канцы грымнула полька, і пары-пераможцы, якія танчылі ўвесь дзень, з яшчэ большым спрытам закружыліся на пляцоўцы, быццам і не было той стомы.