"Берёзка на ветру" - новы зборнік Анастасіі Сазанковай

Выйшаў новы зборнік  вершаў беларускай паэткі Даўгаўпілса Анастасіі Сазанковай “Березка на ветру”.

Анастасія Аляксандраўна Cазанкова – жанчына цудоўная ва ўсіх адносінах. Галоўнае, што яна добра ставіцца да ўсіх людзей, нягледзячы на ўзрост, погляды, светаадчуванне, нацыянальнасць і веравызванне. Напэўна, гэта ад таго, што ў яе багаты жыццёвы вопыт і сталы ўзрост. А можа, гэта яшчэ і ад таго, што яна палачанка. Яна нарадзілася недалёка ад Полацка ў вёсцы Залессе 30 жніўня 1930 года. Нездарма ж яна напісала паэму пра гістарычную асобу - легендарную палачанку Рагнеду. Ёсць спадзеў, што паэма выйдзе асобнай кнігай у наступным годзе. Дарэчы, першы зборнік вершаў “Радзіма” выйшаў у 2003 годзе.  Потым - “Сведка” (2005), “Осень в декабре”(2009), “Перекрёсток” (2010), “Пой со мной” (2012). Сёлета выйшаў шосты зборнік - “Березка на ветру”.

Новы зборнік перш за ўсё здзіўляе  пяшчотнай любоўю да жыцця і да людзей, якія побач, а таксама грамадзянскай пазіцыяй аўтара. Этнічная Радзіма - гэта святое, бо Полацк - горад дзяцінства, а горад Даўгаўпілс - той, дзе прайшло ўсё жыццё. Тут яна шмат гадоў  працавала ўрачом-тэрапеўпам. Анастасія і сёння рэалізуе сябе як доктар. Яна збірае  лекавыя зёлкі і вельмі актыўна папулярызуе фітапэрапію. Яна дапамагае і сваёй паэзіяй. У кожным радку яе вершаў – каханне, дабро і надзея. Галоўны лірычны герой яе творчасці -жанчына. А любоў да маці - тое вялікае пачуццё, якое праходзіць праз усю творчасць Анастасіі Сазанковай.

Часам бывае так, што жывеш побач з чалавекам і нічога аб ім не ведаеш. А ён жыве сваей паэзіяй, ён хоча падзяліцца сваімі думкамі, сваім жыццёвым вопытам, сваім светаўспрыманеннем. Часам думкі паэта супадаюць з тваімі асабітымі, і ты знаходзіш у яго вершах штосьці блізкае і роднае. У паэзіі Анстасіі Сазанковай гэта любоў да жыцця, да прыроды, да Радзімы, роздум пра сэнс жыцця і пра сваё асабістае месца ў грамадстве.  Яе вершы лёгкія, лірічныя і вельмі добрыя.

З дзяцінства яна любіла маляваць. Але сур’ёзна займацца жывапісам пачала, калі выйшла на пенсію. Дыплом мастака атрымала ў Маскоўскім народным інстытуце мастацтваў ва ўзросце 58 гадоў. Цяпер яна – сябар Асацыяцыі свабодных латгальскіх мастакоў. Яе карціны выстаўляюцца ў нашым горадзе, таксама ў Даўгапілскім краі. Неаднаразова рабіліся выставы ў мясцовых бібліятэках, некалькі разоў - у прыгарадным пасёлку Калкуны, дзе пражывае шмат беларусаў.

І сёння яе чатыры карціны ўпрыгожваюць выставу Асацыяціі латгальскіх мастакоў у Калкунскай бібліятэцы. Сярод іх карціны пра Дзінабургскую крэпасць. Вельмі прыгожая тая, дзе бачныя адразу тры храмы розных веравызванняў. Ёсць такі знакаміты  куточак на адным кавалачку зямлі ў нашым горадзе.

Напрыканцы новага года адбылася прэзентацыя новага зборніка паэткі ў Цэнтры беларускай культуры, дзе прысутнічалі шматлікія госці, сябры, знаёмыя і блізкія Анастасіі Сазанковай. Вядучай гэтай цудоўнай імпрэзы была наш старэйшы сябар, адна з заснавальнікаў таварыства “Уздым” Яўгенія Вячаславаўна Гуляева. А калі яна бярэцца за справу, усё атрымоўваецца на “выдатна”.

З такіх карыфеяў нашага таварыства (у гэтым годзе нам споўнілася 20 гадоў), як паважаная паэтка і мастачка Анастасія Аляксандраўна, а таксама метадыст і заслужаны культработнік Яўгенія Вячаславаўна, трэба браць прыклад. Яны нясуць беларускую культуру ціха, неўзаметку, сціпла, дастойна і вельмі прыгожа. Водгукі аб гэтай вечарыне самыя найлепшыя.