Марыля Пецюкевіч: Мяне дапытвалі чатыры гадзіны

Сёлета 6 лістапада ў Рыме памерла Марыля Пецюкевіч — дачка вядомага беларускага дзеяча Мар’яна Пецюкевіча. У 2008 годзе з Марыляй Пецюкевіч я зрабіў інтэрв’ю, - піша Сяргей Чыгрын. У Беларусі яно нідзе не публікавалася.

Марыля Пецюкевіч. Фота з хатняга архіва
 

Нарадзілася Марыля Пецюкевіч у 1943 годзе ў Вільні. Маленькай зведала ГУЛАГ. Разам з бацькам была рэпрэсаваная ў 1949 годзе. А пасля вызвалення сям’я пераехала ў Польшчу. Пазней выехала ў Рым, дзе пражыла 45 гадоў, да выхаду на пенсію працавала на Ватыканскім радыё.

Усё жыццё спадарыня Марыля прысвяціла захаванню і папулярызацыі спадчыны свайго бацькі. За ўласныя грошы яна выдала некалькі яго этнаграфічных кніг, кніг успамінаў і лістоў. Сабрала і захавала багаты матэрыял аб жыцці і дзейнасці Мар’яна Пецюкевіча і яго братоў.

Я шмат гадоў сябраваў з Марыляй Пецюкевіч, ліставаўся з ёю, пісаў пра яе бацьку, пра яе дзядзькаў. Яна была вельмі задаволеная, што на Беларусі ведаюць і памятаюць пра Пецюкевічаў. Асобныя артыкулы пра братоў Пецюкевічаў я ўключыў у свае кнігі «З беластоцкай зямлі» (Беласток, 2008) і «Беларуская Беласточчына» (Мінск, 2008).

— Спадарыня Марыля, як так склаўся лёс, што вы ў 1960-х гадах з Польшчы трапілі ў Італію, дзе шчасліва пражываеце і сёння?

— У апошнія гады майго жыцця ў Польшчы я выкладала рускую мову і літаратуру ў старшых класах аднаго з варшаўскіх ліцэяў. У сакавіку 1968 года пачаліся вядомыя ва ўсім свеце масавыя дэманстрацыі пратэсту супраць дыктатуры, фактычна, адзінай партыі ПАРП і палітыкі ўрада, які паставіў Польшчу ў становішча васала СССР. У хваляваннях у асноўным узялі ўдзел студэнты варшаўскіх ВНУ і інтэлігенцыя. Я вельмі свядома далучылася да супраціўлення, будучы глыбока ўпэўненай у яго неабходнасці. Польшча тады была культурна зняволеная, жыла нібы ва ўдушлівай і смярдзючай турэмнай камеры, нарастаў гнеў і незадаволенасць у розных слаях грамадства. Апошнім штуршком для хваляванняў стала зняцце са сцэны паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды» на загад... савецкага пасла ў Варшаве, які на польскай зямлі адчуваў сябе гаспадаром. Супраць тых, хто пратэставаў, былі пасланыя атрады АМАПу. Я, дарэчы, такіх чалавекападобных малпаў яшчэ ніколі ў жыцці не бачыла. АМАП увайшоў нават на тэрыторыю Варшаўскага ўніверсітэта, пасягнуў на яго імунітэт.

Я сама чула, як адзін амапавец збіў варшавяка і казаў: «Вось вам (далей рускі мацюк), інтэлігенцыя, мы зараз вам пакажам...» Але АМАП не набраўся смеласці ўварвацца ў храмы, дзе мы хаваліся ад гумовых дубінак і слёзатачывага газу.

Хачу сказаць і вярнуцца яшчэ да культурнага ўдушша ў тагачаснай Польшчы. На факультэце рускай філалогіі, на якім я вучылася, былі практычна забароненыя такія класікі рускай літаратуры, як Ахматава, Гумілёў, Пастэрнак, Мандэльштам, Цвятаева і многія іншыя празаікі і паэты рускай літаратуры, пра якіх нашыя няшчасныя выкладчыкі былі вымушаны амаль не згадваць.

— Ці страшна было вам, маладой дзяўчыне, ісці тады супраць амапаўцаў?

— У час адной з дэманстрацый мяне збілі і забралі пасведчанне асобы. На другі дзень у школе мае вучні спыталі, што, фактычна, адбываецца ў краіне. Я расказала ім праўду, бо лічу, што сваім падапечным настаўнік маніць не мае права. У класе была група дзяцей наменклатуры. Адным словам, на мяне данеслі, а сам дырэктар ліцэя пагразіў аддаць мяне ў рукі «бяспекі». Праз некалькі дзён прыйшла павестка з’явіцца ў злавесны Палац Мастоўскіх. Мяне дапытвалі больш за чатыры гадзіны, але мне ўдалося неяк выкруціцца і пераканаць следчых у маёй прававернасці. Яны мяне выпусцілі, але сказалі, што ў Варшаве і ў іншых гарадах Польшчы мяне ўжо не прымуць на працу, хіба што толькі ў вёску.

З гэтым «воўчым білетам» мне было дазволена адпрацаваць да канца навучальнага года. Таму нічога больш не заставалася рабіць, як паехаць за мяжу. Мае знаёмыя запрасілі мяне ў Італію, а маці адной з маіх вучаніц, якая працавала ў МУС, параіла, каб мне выдалі пашпарт, тым больш, што ў гэтым міністэрстве ў постсакавіцкі перыяд панавала поўная блытаніна. Атрымаўшы пашпарт, 20 ліпеня 1968 года я перасекла італьянскую мяжу, апынуўшыся на волі, пасля 25 гадоў сібірскай ссылкі і жыцця ў Польшчы, прыгнечанай саветамі.

— І як вас сустрэла Італія?

— Першыя месяцы ў Рыме былі вельмі цяжкімі, магчыма з-за таго, што я не хацела злоўжываць дадзенай мне гасціннасцю і знайшла сабе працу ў настаўніцы-пенсіянеркі, а таксама давала прыватныя ўрокі рускай мовы. Грошай не было не толькі на харчаванне, але нават і на білеты на гарадскі транспарт. Такім чынам я абыходзіла старажытны Рым пешкі, а апухлыя ад хадзьбы ногі мачыла ў халоднай вадзе фантана.

Праз некалькі месяцаў, зусім выпадкова, а ў мяне ўжо з’явіліся знаёмыя, мне прапанавалі працу ў рускай секцыі Ватыканскага радыё ў якасці перакладчыка, дыктара і памочніка ў апрацоўцы і рэдагаванні матэрыялаў для радыёперадач. Адначасова я паступіла на факультэт сучасных замежных моў і літаратур і пачала збіраць матэрыялы для дыпломнай працы па Восіпу Мандэльштаму, геніяльнаму паэту, які загінуў у 1938 годзе ў чаканні этапу на Калыму. Мне прыйшлося здаць толькі некалькі дадатковых экзаменаў, і сваю дыпломную працу, пад кіраўніцтвам выдатнага славіста прафесара Анджэла Марыі Рыпеліна, я прысвяціла свайму бацьку, таксама былому вязню сталінскіх лагераў і абаранілася ў 1973 годзе, атрымаўшы самую высокую адзнаку.

— А ці была для вас карыснай праца на рускім радыё Ватыкана?

— Шчыра скажу, праца на радыё ў значнай ступені пашырыла мае веды ў галіне багаслоўя і паглыбіла веру ў Бога. Я працавала ў асяродку інтэлектуальных і адукаваных людзей. Маю на ўвазе перш за ўсё айцоў-езуітаў. Мой бацька штодзённа слухаў мяне ў Польшчы ў эфіры і быў шчаслівы. Слухалі мяне таксама іншыя сваякі. Двума гадамі пазней я перайшла ў рускую рэдакцыю RAI International, якое перадавала італьянскія навіны на 26 мовах свету. Там я адпрацавала да канца студзеня 2007 года і пасля пайшла на пенсію. За гэты час мне таксама ўдалося выпусціць у свет некалькі кніг майго бацькі Мар’яна Пецюкевіча, аб’ездзіць шмат краін свету, бо люблю падарожнічаць, вырасціць дачку і займацца дабрачыннай дзейнасцю.

Мар'ян Пецюкевіч. 1981 год. Фота з архіва Марылі Пецюкевіч

— Якія кнігі Мар’яна Пецюкевіча вы маеце на ўвазе?

— Апублікаваныя ўсе кнігі мемуараў майго бацькі. Гэта выданні — «У пошуках зачараваных скарбаў» (Вільня, 1998), «Кара за службу народу» (Беласток, 2001), «Трагічныя ніткі лёсу беларускага патрыёта» (Вільня, 2003), дзе змешчана выбарка з пратаколаў допытаў у Лукішскай палітычнай турме ў Вільні ў 1952 годзе і тэкст прысуду да 25 гадоў катаргі. Кнігі «Лісты (1956–1982)» (Беласток, 2005), «Сляды незабыўныя продкаў» (Мінск, 2007) і «Мой дзённік» (Вільня, 2007). Засталася яшчэ неапублікаванай перапіска з пляменнікамі Уладзімірам і Мар’янам — ваеннымі сіротамі, сынамі Генрыха. Мне толькі вядома, што ў этнаграфічным музеі ў Торуні зберагаецца дыпломная праца майго бацькі аб стараверах, напісаная пад кіраўніцтвам вядомага этнографа Казіміра Машыньскага, а таксама манаграфія роднай вёскі бацькі Цяцеркі Браслаўскага раёна, якую ён не паспеў апрацаваць. Некаторыя вучоныя з Беларусі і Польшчы лічаць, што многа матэрыялаў са спадчыны Мар’яна Пецюкевіча яшчэ не апублікавана.

— Спадарыня Марыля, а ці расказваў вам бацька пра сваіх родных братоў? І наогул, што вы ведаеце пра іх лёс?

— Так, тата часам успамінаў пра іх, але з вялікай любоўю і павагай, а ў яго голасе чуліся слёзы. Ён сваіх братоў заўсёды аплакваў. З тымі, хто застаўся пасля вайны ў жывых: з братам Баляславам, які быў паранены на вайне, з сястрой Янінай і яе мужам — таксама беларускім патрыётам Ігнатам Данусевічам, — падтрымлівалі цесныя эпісталярныя кантакты, і тата наведваў іх, калі мог, хаця заўсёды былі вялікія праблемы з візай. Мой бацька знайшоў брацкую магілу ў горадзе Ліепая (Латвія), дзе пахаваны мой дзядзька Генрых, які загінуў у канцы снежня 1944 года. Шукаў таксама магілу дзядзькі Уладзіслава.

Пасля смерці бацькі я знайшла ў яго дакументах сіні канверт з надпісам: «Зямля з магілы Уладзіслава». Яшчэ пры жыцці бацька мне казаў, што дзядзька Уладзіслаў быў забіты нямецкай куляй у Баранавічах. На месцы могілак там цяпер знаходзіцца гарадскі парк. Яшчэ адзін брат таты — Алёйзы — быў застрэлены немцамі ў Аўгустоўскіх лясах, калі вырашыў бегчы з калоны палонных, якіх гналі з аднаго канцлагера ў другі. Пра гэта мне казаў тата.

— Ведаю, што браты Пецюкевічы заўсёды былі шчырымі беларусамі...

— Пацвярджаючы патрыятызм братоў Пецюкевічаў, мой стрыечны брат Мар’ян — кампазітар і выкладчык музыкі, сын Генрыха, напісаў мне наступнае, дазволіўшы спаслацца сёння на яго ліст. Брат напісаў: «Усе браты Пецюкевічы заўсёды і моцна перажывалі за Беларусь. Генрых быў кіраўніком гуртка ў роднай вёсцы Цяцеркі ад «Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў Вільні». У дзяцінстве я знайшоў у нашым доме дзве афіцыйныя пячаткі гуртка з надпісам на беларускай мове. На адной было напісана «Бібліятэка імя Францішка Скарыны», а на другой — «Гурток у Цяцерках». Далей Мар’ян пісаў: «Трое братоў Пецюкевічаў загінулі ў жорсткай неразбярысе вайны. Найбольш асцярожным быў Баляслаў, хаця ён заўсёды заставаўся патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Была патрыёткай і цётка Яніна. Яна мне перадала кнігу Язэпа Найдзюка «Беларусь учора і сёння». Мой сябра яе перапісаў ад рукі і выдаў у 1990-х гадах. Боль за Беларусь быў і застаецца ў нармальных беларусаў».

— Ці не быў Баляслаў Пецюкевіч пасля вайны нават старшынёй калгаса?

— Так, пасля вайны дзядзька Баляслаў аднавяскоўцамі быў выбраны ў роднай вёсцы старшынёй калгаса. Людзі ведалі яго як шчырага і прыстойнага чалавека, добрага гаспадара і працаўніка. Але дзядзька Баляслаў не захацеў уступаць у кампартыю, таму яго хутка знялі з пасады старшыні калгаса, і ён з сям’ёй пераехаў жыць у Латвію. Яшчэ хачу дадаць, што браты Пецюкевічы размаўлялі дома толькі па-беларуску, умелі добра пісаць лацінкай і кірыліцай, ігралі на розных музычных інструментах. Дзядзька Алёйзы выдатна іграў на старой і дарагой скрыпцы, а цётка Яніна мела цудоўны голас і спявала ў касцельным хоры. Мне, выйшаўшы з такой сям’і па лініі таты Мар’яна Пецюкевіча, застаецца толькі дзякаваць Богу і свята берагчы ў сэрцы памяць пра маіх продкаў.

Марыля Пецюкевіч з дачкой у Манголіі. 2008 год