Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Віржынія Шыманец. Беларусазнаўства ў Францыі: безнадзейная справа?

У 1990-х, калі фрацузскі студэнт жадаў пісаць дысертацыю па тэматыцы Беларусі, ён мусіў пераадолець сапраўдны шлях з перашкодаў. Да таго як пачаць апісанне абранае праблематыкі, ён мусіў адказаць на шматлікія пытанні, часам вельмі далёкія ад навуковых, такія як: "Ці існуе Беларусь?", "Ці існуе беларуская мова?", "Ці беларуская ёсць дыялектам рускае?", "Ці можна яшчэ казаць, што Беларусь – не Польшча?", "Ці можна яшчэ казаць, што Беларусь – не Расія?". Гэтыя пытанні і тая зласлівасць, з якою іх часам ставілі, стваралі напружаны палітычны і ідэалагічны кантэкст, імаверна, унікальны для французскіх акадэмічных колаў, у якіх для "саветолагаў" вывучаць СССР азначала вывучаць выключна Расію, а ўсялякія разыходжанні між прыхільнікамі і праціўнікамі СССР знікалі, як толькі гаворка заходзіла аб праблемах, якія маглі пагражаць адзінству так званае "ўсходнеславянскае сям'і".

 

"Беларусазнаўства" давялося ствараць цалкам з нуля, у колах, якія пераважна былі наогул непрыхільныя да прынцыпаў "рэгіёназнаўства", і ў варунках амаль поўнай адсутнасці французскае літаратуры па прадмеце. Кожны, хто пажадаў бы вывучаць Беларусь, – а значыць, пажадаў бы вывучаць беларускую мову, – мог быць падазраваны ў прыналежнасці да кола "нацыяналістаў-сепаратыстаў". Вызначальным крытэрам пры ацэнцы даследаванняў студэнтаў, выкладчыкаў або навукоўцаў была абраная мова даследванняў: выбар рускае мовы азначаў іх "аб'ектыўнасць", а беларускае – "суб'ектыўнасць".

Апрача таго, у асяроддзі, у якім адбываліся гэтыя даследаванні (яго часта памылкова ўважалі за строга "якабінскае" і "рэвалюцыйнае", хаця насамрэч на яго больш паўплывалі французскія імперскія традыцыі), дакор у "тутэйша-філіі" (фр.: indigénophilie) зазвычай успрымаўся як спроба "палітычнае абразы", што перашкаджала педагагічным падыходам, а таксама элементарным даследаванням па праблематыцы. Варта нагадаць, што ў 1990-х галоўнымі працамі па тэматыцы Беларусі ў Францыі былі даследаванні 1930-х гадоў (Мартэль і Жабэр).

Таму маладыя навукоўцы стварылі ў 1996 годзе незалежную арганізацыю Perspectives biélorussiennes для даследаванняў, культурніцкіх мерапрыемстваў і пашырэння інфармацыі аб Беларусі. Галоўнаю мэтаю чальцоў гэтае арганізацыі было пашырэнне інфармацыі аб Беларусі на французскай мове і з уласнага досведу. Чальцы арганізацыі разумелі, што асноўным заданнем іх працы ёсць легітымізацыя Беларусі як суб'екта ведаў. На працягу дзесяцігоддзя гэтая навуковая арганізацыя зрабіла так шмат для задзіночання і кшталтавання тых, хто цяпер сталіся найлепшымі французскімі спецыялістамі ў гэтым пытанні, што часам можна было пачуць, што ў Францыі паўстала нейкая адметная "французская школа" беларусазнаўства. Гэтыя першапраходцы здолелі абараніць свае навуковыя погляды, стварыўшы прэцэдэнты ў шматлікіх навуковых установах, сярод якіх былі парыжскі Інстытут палітычных даследаванняў, Унівэрсітэт Парыж ІІІ – Новая Сарбона ці Вышэйшая школа сацыяльных навук. У сваёй працы яны закраналі такія дысцыпліны, як паліталогія, сацыялогія, гісторыя ці гісторыя культуры. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, яны ўсе былі здольныя ладзіць даследаванні, карыстаючыся прынамсі дзвюма або трыма мовамі краінаў былога СССР. Гэтыя выбітныя навукоўцы былі супрацоўнікамі Міністэрства адукацыі і навуковых даследванняў ды Міністэрства абароны. Надзвычай важна, што не ўсе яны мелі беларускае паходжанне. Гэта падкрэслівала, што іх разуменне Беларусі не ёсць выключна пытаннем кроўнае прыналежнасці. Паралельна з іх навуковымі дасягненнямі адбывалася і падвышэнне колькасці студэнтаў, зацікаўленых гэтаю тэмаю. У той час здавалася, што ўсе яны будуць мець паспяховую кар'еру ў розных установах Французскай Рэспублікі.

Аднак, з некаторых палітычных прычынаў абсалютная большасць гэтых даследнікаў так і не атрымала пасадаў, прынамсі ў Францыі. А тыя, хто атрымалі пасаду, сёння больш не пішуць аб Беларусі, бо гэтая тэма зноў можа пагражаць іхняй паспяховай кар'еры. Патлумачыць заняпад беларусазнаўства ў Францыі, здаецца, можна як палітычнымі прычынамі, так і сацыяльнымі і эканамічнымі чыннікамі. Асноўныя падзеі дагэтуль адсочваюцца, з аднаго боку як частка шырэйшай сферы славяназнаўства, а з іншага – у кантэксце ўнутранага палітычнага развіцця Беларусі і Расіі. Адмоўныя наступствы для беларускіх даследаванняў маюць і масавыя скарачэнні навуковых пасадаў пасля выхаду на пенсію асобаў, якія іх займалі, а таксама новая праблема праблема недастатковага ўладкавання надзвычай кваліфікаваных кадраў у навуцы – афіцыйныя лічбы сведчаць, што 70% выпускнікоў не атрымаюць пасады ў навуковых установах.

Значныя змены 1990-х, дыялог з усходам, распачаты пасля разбурэння Берлінскага мура, – усё гэта спынілася ў пачатку 2000-х. Французскія незалежныя даследнікі сталіся надзвычай ізаляванымі з 2006 года – года, калі ў выбарчы перыяд у Беларусі павялічылася колькасць гвалту. Незалежныя даследнікі часам спрабавалі працягнуць свае даследаванні, нават калі ім не ставала сродкаў, але часта яны былі вымушаныя адмовіцца ад гэтага, проста каб знайсці сродкі на жыццё. Галоўным наступствам гэтае сітуацыі для ўраду Францыі ёсць тое, што ён сёння губляе спецыялістаў, якіх ён сам дапамагаў кшталтаваць у 1990-х – гэта найперш людзі, якія былі сведкамі ўздыму дыктатуры ў Беларусі і якія здольныя патлумачыць гэта не праз нейкія ідэалагічныя канструкцыі, а праз уласны досвед. Можна казаць пра тое, што адбыўся разрыў у перадаванні ведаў, што з вялікімі намаганнямі былі здабытыя даследнікамі, кшталтаванымі ў 1990-х, якіх сёння нярэдка лічаць "экстрэмістамі". Для развіцця беларусазнаўства ў Францыі ўрад мусіць падтрымліваць доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы з вывучэннем моваў, а таксама – міждысцыплінарных тэарэтычных і мэтадалагічных аспектаў.

Мы разумеем, што гэта досыць дорага. Але ў той жа час, нягледзячы на намаганні цэлага пакалення, відавочна, што ў французскіх навуковых установах беларусазнаўства пакуль не атрымала інстытуцыйнай значнасці. Можна адно спадзявацца, што да таго часу, пакуль гэтае пытанне будзе развязана, веды будуць перадавацца нефармальна. Але гэта ж згуба часу і высілкаў!

Гэты артыкул зьявіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 25, No. 4.
© 2013 The_Point Journal/Belarusian Review

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.