Беларусы замежжа рыхтуюць Сусветную акцыю 19 снежня

23 лістапада падчас анлайн-канфэрэнцыі прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў розных краінах абмеркавалі сумесныя дзеянні супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

У размове бралі ўдзел Алесь Міхалевіч і Аляксей Францкевіч («Асацыяцыя за мадэрнізацыю»), Ганна Сурмач («Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне»), Вольга Карач(«Наш Дом»), Зміцер Бародка («Разам за Беларусь»), Юры Жылка («Беларускі інфармацыйны цэнтр у Антверпене»), Вячаслаў Сіўчык («Беларускі цэнтр ва Украіне»), Зьміцер Шчыгельскі («Беларусы ў выгнанні»), а таксама асобныя эмігранты з розных краінаў. Паколькі прадстаўнікі беларускай дыяспары знаходзяцца ў розных краінах, нарада адбывалася праз скайп. Асноўнае пытанне, якое абмеркавалі падчас нарады, — каардынацыя інфармавання сусветнай грамадскасці пра сітуацыю ў Беларусі. У якасьці першага кроку беларусы замежжа плануюць 19 снежня правесці Сусветную акцыю, прысвечаную трэцяй гадавіне разгону Плошчы 2010 года. «Сэнс у тым, каб у розных краінах адбыліся разнастайныя крэатыўныя акцыі. Галоўнае, каб гэта адбылося ў адзін дзень і інфармаванне пра іх таксама прайшло супольна», — кажа Алесь Міхалевіч. Ініцыятары ўпэўненыя, што сілаў для правядзення Сусветнай акцыі дастаткова, таму што за кожным з удзельнікаў анлайн-нарады стаіць пэўная арганізацыя, якая яднае шматлікіх беларусаў. Мяркуецца, што ў акцыі возьмуць удзел беларусы не толькі з традыцыйна моцных гарадоў, такіх як Варшава, Прага, Вільня, але і з іншых гарадоў, пра беларусаў з якіх інфармацыя з'яўляецца не так часта. Дата 19 снежня абраная невыпадкова: па-першае, ужо праведзеная вялікая праца для папулярызацыі гэтай даты як сімвала беларускага змагання, а па-другое, паводле меркавання арганізатараў, пакуль у турме застаецца адзін з непасрэдных удзельнікаў Плошчы-2010 кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, гэтая дата будзе па-ранейшаму выклікаць шмат эмоцыяў, звязаных з парушэннем правоў чалавека. «Насамрэч ёсць шмат арганізацыяў, а таксама асобных беларусаў, якія б хацелі нешта праводзіць, але яны даведваюцца пра акцыі толькі тады, калі яны ўжо адбыліся, то бок постфактум. Мы паставілі задачу звязацца з усімі беларусамі, якія цяпер жывуць па-за межамі Беларусі, і скаардынаваць правядзенне акцыі 19 снежня, а таксама інфармаванне пра яе. Такім чынам, мы прыцягнем увагу еўрапейскіх і сусветных СМІ і распавядзем ім пра сітуацыю ў Беларусі», — гаворыць каардынатар Сусветнай акцыі Аляксей Францкевіч. На думку Аляксея Францкевіча, Сусветная акцыя, прысвечаная гадавіне разгону Плошчы 19 снежня 2010 года, стане добрым адказам намаганням афіцыйнага Мінска «абяліць» сучасны рэжым у Беларусі праз працу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары: «Цяпер афіцыйны Менск праводзіць вельмі вялікую працу з беларусамі замежжа, скіраваную на „абельванне“ дзейснага рэжыму і адпаведна на адмену эканамічных санкцый і скасаванне спісаў невыязных чыноўнікаў. Гэта розныя святы беларускай культуры, кірмашы беларускай кухні, якія дэманструюць сувязь афіцыйных дыпламатычных прадстаўніцтваў з беларускімі дыяспарамі. Таму наша задача — паказаць, што ў Беларусі ёсць палітвязні, дзейнічае смяротнае пакаранне, парушаюцца правы чалавека. Беларусаў у свеце не так шмат, як кітайцаў. Мы ладзім акцыі, але на іх выходзіць па 15-20 чалавек. Таму каб прыцягнуць увагу СМІ, трэба, каб такіх акцыяў у адзін дзень прайшло вельмі шмат». Арганізатары пагадзіліся, што цяпер вельмі спрыяльны час для падрыхтоўкі да такога кшталту Сусветнай акцыі, таму што шмат беларусаў у розных краінах самі праяўляюць ініцыятыву ў тым, каб мець магчымасць атрымліваць інфармацыю пра пратэстныя мерапрыемствы, якія плануюць праводзіць беларускія арганізацыі ў замежжы.