V Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве

Беларускія паэты ў арыгінале і перакладзе на польскую мову прадставілі свае творы ва Уроцлаве. У межах фестывалю незалежнай беларускай культуры прайшла паэтычная вечарына Уладзіміра НякляеваАндрэя Адамовіча і Андрэя Хадановіча.

"Беларуская літаратура - неад’емная частка беларускай тоеснасці, гэта мы спрабавалі данесці нашым слухачам", - кажа старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

- Беларусь такая, якая яна ёсць, з усімі сваімі плюсамі, з усімі сваімі мінусамі, з усімі цудамі ў беларускім характары, а таксама з усім, што мы яшчэ маем зрабіць. У вялікай ступені ў гэтым заслуга беларускай літаратуры, бо напрыканцы дзевятнаццатага, у дваццатым стагоддзі Беларусь - вельмі літаратурацэнтрычная нацыя. Хто ведае, як пайшла б гісторыя, калі б паэт Францішак Багушэвіч сваечасова не выгукнуў лозунг “Беларусь, беларусы”.

Пра тоеснасць беларусаў у моўным палітычным ды гістарычным кантэксце гаварылі падчас дыскусійнай часткі фестывалю з удзелам беларускіх палітыкаў ды навукоўцаў. 

"Самае важнае, што мы можам сёння з упэўненасцю сцвердзіць, - беларусы ўжо прызвычаіліся жыць у незалежнай беларускай краіне", - адзначыў удзельнік дыскусіі, беларускі палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка:

- Калі мы вырашым пытанне з дыктатурай, то трэба будзе прайсці цяжкі шлях па прывучэнню грамадзянаў, што гэта не толькі іх краіна Беларусь, але гэта таксама іх дзяржава Беларусь. У нас атрымліваецца, што краіна - гэта наша, а дзяржава - не зусім.  

"Беларуская мова - гэта скарб нацыі, але моўнае пытанне сёння нават замінае ў яе пабудове", - адзначыў беларускі філосаф Валянцін Акудовіч:

- Мы трапляем у гэтую пастку - няма мовы, няма нацыі, але гэта не так. Будзе нацыя, нейкае месца будзе мове. Можа яна не будзе дамінаваць, але я спадзяюся, што калі паўнавартасная беларуская нацыя складзецца на іншых чынніках, а не на чынніку мовы, то яна падтрымае мову.

Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве стартаваў напярэдадні. У межах фестывалю праходзяць выставы, вечарыны ды канцэрты беларускіх незалежных творцаў. Арганізатарам фестывалю з’яўляецца фонд за нашу і вашу свабоду.