Івонка Сурвіла віншуе беларусаў з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну

З нагоды чарговых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў са сваім традыцыйным віншавальным зваротам:

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну - Днём Героеў Беларусі.

Кожны год мы святкуем гэты восеньскі дзень, каб прыпомніць і аддаць чэсць тым адважным Случчаком, якія ўзялі на сябе заданне абараніць сваю зямлю ад бальшавіцкай навалы.

Дарагія Суродзічы! Случчакі жывуць таму, што мы іх памятаем. А таму, што мы іх памятаем, і мы жывём! І ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Усе мы ведаем пра ролю памяці ў жыцці кожнага народу.

У канадскай правінцыі Квебек, дзе я жыву, народным дэвізам ёсць JE ME SOUVIENS! (Я ПАМЯТАЮ). Нашую памяць акупанты стараліся выкараніць на працягу двух стагоддзяў, бо ведалі, што без памяці народ памрэ. Аднак нашая нацыянальная свядомасць, па якой і свае, і чужыя не раз адпраўлялі паніхіды, перамагла ўсе спробы генацыду. Памяццю мы даказалі нашую жыццяздольнасць.

Апошняя надзея нашых ворагаў - выкараніць з памяці народу беларускую мову. Не ведаю як вам, але мне падаецца, што і тут яны прайграюць! Я моцна веру, што і тут пераможа нашая генетычная памяць, бо наш цярплівы народ не адмовіцца ад жыцця. Выратуем мы і нашую цудоўную мову.

Жывуць Случчакі! Жыве Беларусь! Будзе жыць беларуская мова! Бо мы памятаем!

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 

Лістапад 2013