Гэта нашы людзі. Газета "Звязда" пра законапраект "Аб беларусах замежжа"

Законапраект «Аб беларусах замежжа» рыхтаваўся Міністэрствам замежных спраў з 2008 года. У парламенце яго планавалася разгледзець яшчэ ў 2011-м, але тэрміны былі перанесены з-за недастатковай гатоўнасці дакумента.

— Дакумент перш за ўсё прызначаны закласці асновы для сістэмнай работы беларускай дзяржавы з беларусамі замежжа, стварыць прававыя перадумовы для рэалізацыі адпаведнай дзяржаўнай праграмы і іншых падзаконных нарматыўных актаў, комплексу мер, якія накіраваны на далейшае развіццё супрацоўніцтва, — патлумачыў журналістам намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Віктар ФЯСАК.

Згодна з рознымі крыніцамі інфармацыі, у нашы дні за межамі радзімы пражывае ад 1,5 да 3,5 млн беларусаў. У многіх краінах існуюць беларускія дыяспары, якія зацікаўленыя ў тым, каб сувязі з Бацькаўшчынай не перарываліся. У Польшчы пражывае каля 200 тысяч беларусаў, у Латвіі — 96 тысяч, Літве — 95 тысяч, Казахстане —100 тысяч, у Расійскай Федэрацыі — каля 1 млн. У Ізраіль з 1970-х гадоў да 2002 года ўключна выехала каля 50 тысяч нашых суайчыннікаў. Беларусы жывуць таксама ва Украіне, у Эстоніі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аргенціне, Чэхіі, Іспаніі, Італіі і многіх іншых дзяржавах.

З беларусамі за мяжой працуюць у нашай дзяржаве міністэрствы замежных спраў, культуры, адукацыі, інфармацыі, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Менавіта праз апарат Упаўнаважанага з 1993 года рэалізуецца праграма «Беларусы ў свеце». Дзякуючы гэтай праграме за кошт бюджэтных сродкаў былі набыты і адпраўлены ў беларускія дыяспары атрыбуты дзяржаўнай сімволікі, нацыянальныя строі для мастацкіх калектываў, музычныя інструменты, аргтэхніка, відэаматэрыялы.

— У маі на пасяджэнні «круглага стала» ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, якое было прысвечана законапраекту, ішла размова пра тое, што нядрэнна было б мець «карту беларуса», але мы пакуль яшчэ не можам сабе гэтага дазволіць, — заўважыў парламентарый. — Тым не менш, мы не маем права казаць, што мала робім для суайчыннікаў.

Пры падрыхтоўцы законапраекта выкарыстоўваўся досвед Азербайджана, Венгрыі, Ізраіля, Кітая, Украіны, Расіі, Славакіі і многіх іншых краін, паведаміў Віктар Фясак.

Згодна з дакументам, галоўным каардынатарам у дзяржаўным рэгуляванні адносін з беларусамі замежжа будзе выступаць Міністэрства замежных спраў Беларусі.

— Мы лічым, што прыняцце такога закона будзе садзейнічаць забеспячэнню салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захаванню нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацаванню сувязяў з Беларуссю, — сказаў Віктар Фясак. — Спадзяёмся таксама, што новы закон будзе садзейнічаць вяртанню беларусаў на радзіму.

Валерый КАЗАКОЎ, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі»:

— Гэта закон актуальны, патрэбны, прымаць яго трэба было даўно. Мы ўсе яго абмяркоўвалі, прыйшлі да кансенсусу па праблемных пытаннях. Добра, што беларуская дэмакратыя дае магчымасць браць удзел у заканатворчасці грамадзянам не толькі сваёй краіны, але і іншых краін, бо будучы закон іх датычыцца. Мы абмяркоўвалі законапраект ва ўсіх арганізацыях. У выніку беларуская дыяспара ў Расіі ўнесла больш за 20 прапаноў, большасць з якіх у праекце ўлічана. Але не забывайце, што закон прымаецца для дзяржслужачых, яны павінны будуць выкарыстоўваць яго ў сваёй практыцы.

Што тычыцца «карты беларуса», то для беларусаў, якія пражываюць у Расіі, яна не актуальная. Мы і без таго жывём у Саюзнай дзяржаве, не адчуваем ніякай дыскрымінацыі, па які б бок мяжы ні знаходзіліся. Каб не атрымалася, што той, хто валодае «картай беларуса», не аказаўся па статусе вышэй за грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У Польшчы прыдумалі «карту паляка» для таго, каб перш за ўсё прыцягнуць да сябе танную працоўную сілу з Беларусі і Украіны. Для Беларусі гэта не актуальна.

Ян СЫЧЭЎСКІ, кіраўнік Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы:

— Мы задаволены тым, што дзяржава цікавіцца беларусамі замежжа. Далей усё будзе залежаць ад таго, як закон гэты, калі яго прымуць, будзе рэалізоўвацца. Вядома, што законы рэалізуюцца па-рознаму. Гэта залежыць ад добрай волі і ад магчымасцяў. Калі здзейсніцца і першае, і другое, то гэта будзе выдатна для беларусаў замежжа.

«Дагэтуль добрая воля з боку беларускай дзяржавы ярка праяўлялася ў дачыненні да беларусаў замежжа, — казаў Ян Сычэўскі журналістам яшчэ ў маі, падчас свайго ўдзелу ў пасяджэнні «круглага стала» ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, якое было прысвечана законапраекту. — Яна дапамагала нам як магла, а часам — і намнога больш. Мы бачылі тое з боку дзяржаўных дзеячаў, міністэрстваў, рэгіянальных улад: усе яны нам дапамагалі. З гэтай мэтай быў створаны і Культурны цэнтр Рэспублікі Беларусь у Польшчы, які выдатна працуе ў сферы культуры, асветы».

Вольга Мядзведзева