Цюменская палітра для “Універсітэта культуры”

У мастацкай галерэі Мінска ладзілася выстава творчых работ маладых мастакоў з Заходняй Сібіры Экспазіцыя, амаль 120 прац, уключала творы жывапісу, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, графічныя лісты. Іх аўтары – студэнты і выпускнікі Інстытута выяўленчых мастацтваў і музейных тэхналогій Цюменскай дзяржакадэміі культуры, мастацтваў і сацыяльных тэхналогій. Паміж акадэміяй і Беларускім дзяржуніверсітэтам культуры і мастацтваў мацнеюць сувязі, таму і стаў магчымым адметны дыялог культур. Ён тым больш быў да месца, што ўвайшоў у афіцыйную праграму VIII форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў-удзельніц СНД.  Сёлета ўвесну Ганаровы консул Беларусі ў Цюменскім рэгіёне Уладзімір Шугля сустракаўся са студэнтамі Інстытута права, эканомікі і кіравання Цюменскага дзяржуніверсітэта. Тады і нагадаў, што ўніверсітэт ужо заключыў дамову аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржуніверсітэтам. Выкладчыкі з Цюмені ездзілі ў Беларусь, а мінскія ў Цюмень. Будуць абмены студэнтамі, шэраг іншых сумесных праектаў. Падобныя дамовы заключылі з роднаснымі вну ў Беларусі Нафтагазавы ўніверсітэт, Акадэмія культуры, Архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт.  Чым парадавалі мінскіх аматараў мастацтва цюменцы ў галерэі “Універсітэта культуры”? “Творы жывапісу – пейзажы, нацюрморты, партрэты – прадставілі вучні прафесара Сяргея Струннікава, – расказала Наталля Барсукова, дырэктар мастацкай галерэі. – Ён узначальвае ў Акадэміі кафедру жывапісу. Былі творы таленавітых выхаванцаў і іншых педагогаў. Як вядома, працы студэнтаў – гэта мікс, сінтэз творчых метадаў, светапогляду майстра і вучня, іх творчы дыялог, дзе маладая экспрэсія падсвечана жыццёвым досведам сталых майстроў. І таму ўсім вельмі цікава было знаёміцца з творчымі набыткамі цюменцаў”. Прэзентаваліся дываны, паласы, габелены і ручнікі: маладыя творцы прадаўжаюць традыцыі народнага мастацтва. Іван Іванаў