Крывіцкія руны сястры Ніны. Да 80-годдзя Ніны Янсанэ

Ніна Янсанэ з дому Панізнікаў нарадзілася 21 лістапада 1933 года у в.Бабышкі (Мёрскі раён Віцебскай вобласці). З 1951 года жыве ў Латвіі. У 1998 годзе атрымала латвійскае грамадзянства. Дасканала валодае латышскай мовай. Яе пераклады публікаваліся ў штогодніку "Ветразь", часопісе "Вожык", у газетах "Набат", "Наша слова", у кнізе "Ян Райніс" (серыя "Скарбы сусветнай літаратуры"), дзе яна і аўтар падрадковых перакладаў, а таксама ў кнізе "Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі". Біяграфічную нататку пра Ніну Янсанэ змясціў энцыклапедычны даведнік "Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету". Даведка пра яе і яе верш "Зорная пошта" змешчаны на сайце Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак".    Сястра Ніна дапамагала мне ў запісах народных песень, лексічных скарбаў з нашага прыдзвінскага мацерыка. У многіх маіх паэтычных зборніках ёсць вершы, прысвечаныя ёй. І сёлета ў дзень юбілею згадаю такія радкі:                   Сястра, зажурынка мая,                   і мне ты кладачкі масціла.                   Вясной пакормім салаўя,                   каб сонца па зямлі хадзіла.                   Са сцежак тчэцца радавод.                   Зара радню падмаладзіла.                   Каб разам быць -- глядзі на ўсход,                   дзе з сонцам па зямлі хадзіла.