Не стала Марылі Пецюкевіч

6 лістапада прыйшла з Рыму сумная вестка - не стала Марылі Пецюкевіч, дачкі слыннага беларускага дзеяча Мар'яна Пецюкевіча. Яна належала да тых беларускіх патрыётаў, якія Беларусь праняслі праз усё сваё жыццё. Любіла яе ўсім сваім сэрцам і марыла пра вольнасць бацькаўшчыны і вяртанне беларускай мовы. Усё сваё жыццё прысвяціла захаванню і папулярызацыі спадчыны свайго бацькі Мар'яна Пецюкевіча. За ўласныя грошы выдала яго кніжкі. Сабрала і захавала багаты матэрыял аб яго жыцці і дзейнасці.

Нарадзілася Марыля Пецюкевіч у 1943 годзе ў Вільні. Маленькай зведала ГУЛАГ. Разам з бацькам была рэпрасаваная ў 1949 г. Пасля вызвалення сям'я пераехала ў Польшчу. Пазней Марыля Пецюкевіч выехала ў Рым, дзе працавала ў Ватыканскім радыё да выхаду на пенсію.

Мне пашчасціла з ёй быць асабіста знаёмым. Уражвала і захапляла яе велізарнейшая, шчырая, бескарысная любоў да Беларусі і беларускай мовы. Пры перапісцы яна ўвесь час мяне прасіла пісаць ёй толькі па-беларуску. І тут варта адзначыць, што ў самой Беларусі яна была толькі адзін раз - у 2008 г. Кожны раз у сваіх лістах яна выказвала надзею на адраджэнне Бацькаўшчыны і яе мовы. На жаль, не дачакалася.

У адным са сваіх лістоў да мяне яна пісала: „Вы чакаеце ад мяне ўспамінаў аб маім бацьку спакойных і ўраўнаважаных. Але мае ўспаміны аб ім зводзяцца перадусім да аблічэння страшнай сістэмы масавага злачынства, учыненага супраць шматлікіх народаў, што ў сусветным маштабе неабходна называць генацыдам. Я маю на ўвазе сістэматычнае знішчэнне не толькі беларускага этнаса як такога, але перадусім і знішчэнне беларускай інтэлегенцыі. Да гэтага часу ў Курапатах няма Мемарыяла Генацыду, а толькі пахілленыя ад непагадзі жалкія крыжы. У мяне ў памяці не засталося нічога, акрамя згустка горычы, пякучых папрокаў і жадання справядлівасці. Я як адна з мільёнаў ахвяраў сталінскага генацыду патрабую хаця б паказальнага і сімвалічнага нюрбергскага працэса над усімі, хто прыклаў руку да знішчэння беларускага народа, яго мовы і культуры.“

Спі спакойна ў Вечным Горадзе, у нябеснай Беларусі. І няхай Табе сняцца сны аб роднай Браслаўшчыне, Вільні і вольнай Беларусі!

Алесь Адамковіч

Управа МГА ЗБС "Бацькаўшчына" смуткуе з нагоды смерці Марылі Пецюкевіч і выказвае шчырыя спачуванні ўсім яе родным і сябрам. Светлая ёй памяць!