Беларусы Канады наведалі Вольгу Грыцук

29 кастрычніка 2013 года споўнілася 90 гадоў Вользе Грыцук - адной з актыўных дзяячак беларускага руху ў Канадзе. Муж спадарыні Вольгі, Аляксей Грыцук, быў выбітнай асобай беларускай дыяспары: гісторыкам, літаратуразнаўцам, настаўнікам, старшынём Згуртавання беларусаў Канады. Сама Вольга Грыцук выступіла адной з заснавальніцаў Згуртавання беларускіх жанчын Канады, а потым узначальвала гэтую арганізацыю на працягу 18 гадоў. 2 лістапада 2013 сябры Галоўнай управы ЗБК і Рады парафіі св. Кірылы Тураўскага наведалі спадарыню Вольгу ў Кінгстане (правінцыя Антарыё), дзе яна жыве з сям'ёй дачкі Юльяны. Вольга Грыцук, якая сама родам з Дзісны, шмат і цікава распавядала пра гісторыю жыцця яе сям'і на Радзіме і потым у эміграцыі, пра знаёмства з будучым мужам у Аўстрыі, пра іх супольнае жыццё ў Канадзе. Госці цёпла павіншавалі спадарыню Вольгу з 90-годдзем, пажадаўшы ёй здароўя і доўгіх гадоў жыцця.