Віншаванні Вользе Грыцук

29 кастрычніка споўнілася 90 гадоў Вользе Грыцук, слыннай дзяячцы беларускай эміграцыі ў Канадзе, чый жыццёвы шлях выклікае гонар і пашану. 

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" шчыра віншуе шаноўную юбілярку з гэтым святам і зычыць выдатнага настрою, моцнага здароўя, радасці і цяпла!

Вольга Грыцук выдавала беларускую газету ў пасляваенны час у Аўстрыі разам з паэтам Алесем Салаўём і Уладзімерам Дудзіцкім, Міколам Ганько і сваім будучым мужам Алесем  Грыцуком. Доўгія гады была актывісткай Згуртавання беларусаў Канады, шчырай верніцай Беларускай царквы.

У 2007 годзе ў выдавецтве «Бацькаўшчына» выйшла яе  кніга «Мы стваралі сваю Беларусь».

Вольгу Грыцук віншуе вершам пісьменніца Вольга Іпатава, якая падтрымлівае з юбіляркай шчырыя творчыя і чалавечыя адносіны шмат гадоў.

Сяклі навальніцы, і град, і свінец

Шлях ейны, даўгі і няпросты...

Ды верыць чамусьці не хочацца мне,

Што Вользе Грыцук – дзевяноста.

Яе каралеўскай паставы струна,

Яе далікатнасці цнота –

Як непадступнага замка сцяна,

Як гімна заключная нота.

Ёй вершы паэты складалі, але

Другія паклікалі высі.

Ляжыць у зямлі канадыйскай Алесь –

А словы яго засталіся.

Усё, што было, не растала, як дым –

Каханне, радзіма святая...

...Канада, у яркім уборы тваім

Як стужка яна залатая.

Вольга Іпатава

29 кастрычніка 2013