І жыве Беларусь на чужыне! Да 90-годдзя Вольгі Грыцук

29 кастрычніка адзначае сваё 90-годдзе спадарыня Вольга Грыцук. Яна больш як паўвека жыве ў канадскім горадзе Кінгстан. А нарадзілася каля старажытнага беларускага горада Дзісна. І я нарадзіўся недалёка ад Дзісны ў 1942 годзе. Вольга, дачка Васіля Дуброўскага, назаўсёды пакінула руіны згарэлага ад бамбёжак дома ў 1944 годзе. Праз 60 гадоў пасля тых падзей пачалася наша перапіска і прадаўжаецца да гэтага часу. Лагоднай, чулай, зычлівай суайчынніцы прысвячаў вершы, дбаю, каб і на яе радзіме захаваліся добрыя згадкі пра зямлячку. Мы аднадумцы ў галоўным – у любові і павазе да свайго айчыннага мацерыка.

Невымерны патрыятызм Вольгі -- гэтай прыўкраснай галінкі на радаводным дрэве Дуброўскіх – натхняе чытача яе кнігі “Мы стваралі сваю Беларусь (Жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука)”. Гэты зборнік выдадзены ў Мінску ў 2007 годзе. Такім чынам была ўзноўлена памяць аб адным з лідараў пасляваеннай эміграцыі ў Канадзе Аляксею-Алесю Грыцуку (1910—1976) — таленавітым і мужным сыну беларускага народа, які пакінуў у памяці сучаснікаў, як пісала ў артыкуле “Ад укладальніцы” Вольга Іпатава, моцны духоўны імпульс.  Сваім уступным словам “Дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне” далучылася да гэтага выдання і Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР.  Чытачы кнігі пазнаёміліся з багатай творчай спадчынай Аляксея Грыцука – мужа спадарыні Вольгі. А пісьменніца Вольга Іпатава правяла літаратурную апрацоўку і творчых набыткаў самой Вольгі Васільеўны -- пра Паўліну Мядзёлку, уладыку Мікалая з Таронта…  Чытаю радкі маёй зямлячкі з аповеда “Маё жыццё да сустрэчы з Алесем”: “Мая радзіма – Дзісеншчына. І дасюль, як заплюшчу вочы, бачу свой родны дом, над якім узыходзіць сонейка, росныя ранкі, прыгожую беларускую прыроду. Усё гэта застаецца з чалавекам навечна, і я не магу зразумець тых, хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову, на ўсё тое, што робіць чалавека чалавекам”.  Вольга Грыцук, натхнённая сваім мужам, стала актыўнай дзяячкай беларускага руху. У 1965 годзе яна была адной з арганізатараў Згуртавання беларускіх жанчын Канады. У 1975-м абраная старшынёй ЗБЖ і ўзначальвала Згуртаванне да 1993 года. Узгадваю, як я быў расчулены кароткім аповедам спадарыні Вольгі пра дзяўчынку Лену, якая была “…жывой кветачкай з роднай Беларусі”. І не толькі Лену ратавала ад чарнобыльскіх хваробаў Вольга Грыцук і салідарныя з ёю жанчыны Канады.  І зноў невялікая цытата з названай кнігі Вольгі Грыцук: “Тут, у Канадзе, мы адбудавалі сваю Беларусь, мы стварылі яе наўзамен той,якую страцілі і аб якой заўсёды марылі. Як маглі, стараліся працаваць дзеля яе…”  Пісьмы з Беларусі Вольгі Грыцук на маю паэтычную Беларусь, у прыдзвінскае незабытае юнацтва рабіліся цытатамі ў маіх вершах. І за гэта пасылаю вялікую падзяку ў Канаду.  Сёлета спадарыня Вольга ўжо адзначыла адну незабыўную падзею – 55-годдзе яе шлюбу з Аляксеем-Алесем, якому яна аддала ўсю сваю любоў і ласку. А юбілей поўні жыцця канадскай беларускі-крывічанкі – лагодная магчымасць падзякаваць ёй за велічнасць духу, ахвярнасць, узбагачэнне меданоснага нацыянальнага вулея, перадаць “гаспадыні, сьлічнай пані” пажаданне з нашай прыдзвінскай велічальнай песні: “У тваім дамку – як у райку! Няхай так будзе!”.

        І здзейсніцца Дзісна !

"Мая радзіма -- Дзісеншчына. ...І я не магу зразумець тых,

хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову,

на ўсё, што робіць чалавека чалавекам".

                   Вольга Грыцук з дому Дуброўскіх

Жыла ў  Дзісне з Дуброўскімі, Ластоўскімі,

тут чула Жаўняровіча  псалмы...

Дасюль Дзісна ні крыгамі, ні войскамі

не змецена: тут Адзігітрыя і мы.

Да Друі, да Лявонпаля, да Браслава

схіляюца чупрыны курганоў.

І сёння ёй, Васільеўне,   прыўкраснага

тут вельмі многа для паромаў-сноў.

Дарожкаўскую вуліцу з каштанамі,

муры, капліцу помніла дзяўчо...

...Пранесліся нягоды -- ураганамі

і пад спадзеў падстаўлена плячо.

Каханейка  пякучае  не стоміцца

збіраць сляды дзяцінства ля Дзвіны...

Ёй здзейсніцца Дзісна! Вярба памоліцца,

каб наша суайчынніца-патомніца

прыйшла на фэст пад родныя званы.

     6.09. 2013

 Сяргей Панізьнік