Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Архімандрыт Сяргей (Гаек). Выступленне на міжнароднай і міжканфесійнай Канферэнцыі ў Рызе (4.10.2013 г.), прысвечанай Памяці Слугі Божага Біскупа Баляслава Слосканса

1. Ушаноўваем памяць Біскупа Баляслава з нагоды 120-ых угодкаў ягонага нараджэння на латвійскай зямлі. З удзячнай памяццю праглядаем складаныя шляхі ягонага жыцця, нястомнай душпастырскай працы, мужнасці і вялікага сведчання веры падчас пераследванняў - шляхі, якія закранулі многія краіны Усходняй і Заходняй Еўропы, уключна з Беларуссю і Беларусамі на эміграцыі. 

Каталіцкая Царква перажывае Год Веры. І для мяне вялікай радасцю з’яўляецца магчымасць удзельнічаць ва ўшанаванні памяці Вялікага Сведкі Веры, Надзеі і Любові – Біскупа Баляслава, сына латышскага народа і пастыра Каталіцкай Царквы. 

2. Я хацеў бы сёння даць невялікае сведчанне пра гэтага вялікага Сведку, сведчанне пра важнасць душпастырскай апекі беларусаў Біскупа Баляслава. 
Такім чынам, я, як Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, хачу выказаць глыбокую ўдзячнасць Біскупу Баляславу Слоскансу за гэтую ўвагу і душпастырскую падтрымку, якую ён надаваў Беларусам візантыйскага абраду (г.зн. грэка-католікам) і лацінскага абраду, якія, знаходзячыся па-за межамі іх Радзімы, жылі ў розных краінах Заходняй Еўропы, асабліва ў Бельгіі, Францыі, Германіі і Велікабрытаніі. Афіцыйна Біскуп Баляслаў Слосканс з 19 снежня 1952 г. быў Апостальскім Візітатарам для беларускіх грэка-католікаў, а з 14 лютага 1953 г. – таксама Адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе (Director Missionarium Alboruthenorum in Europa ad Occidentem versa), але ўжо ў папярэднія гады ён наведваў і падтрымліваў духоўна многіх беларусаў-эмігрантаў і асабліва дапамагаў беларскім студэнтам, якія вучыліся ў Каталіцкім Універсітэце ў Лювэне. Ён шчыра быў зацікаўлены духоўным і культурным развіццём сярод беларускіх эмігрантаў на Захадзе, асабліва маладых студэнтаў і інтэлектуалаў. 
Ягоная прысутнасць на І Навуковым Тыдні, арганізаваным Беларускім Універсітэцкім Каталіцкім Аб’яднаннем “Рунь” у манастыры ў Шэветоне 16-21 ліпеня 1951 г., стала вялікім заахвочваннем для маладых беларускіх эмігрантаў. 
Для духоўнага і культурнага жыцця беларусаў на Захадзе вельмі важнай была таксама падтрымка, якую Біскуп Баляслаў аказваў вядомаму беларускаму музыку Міколу Равенскаму (памёр у Лювэне ў 1953 г.) – аўтару музыкі да беларускага рэлігійнага гімна “Магутны Божа”. 
Гэты актыўны ўдзел Біскупа Баляслава Слосканса ў духоўным і культурным жыцці беларусаў замежжа праяўляўся і ў матэрыяльнай (і маральнай) дапамозе, якую ён надаваў беларускім каталіцкім часопісам “Зніч” (выдаваўся ў Рыме) і “Божым шляхам” (выдаваўся ў Парыжы). 

3. Але найбольшай заслугай Біскупа Баляслава Слосканса для душпастырскіх патрэбаў беларусаў на эміграцыі трэба лічыць той факт, што ён, як Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа, падтрымаў ліст, які беларускія святары напрыканцы іх агульнай Сустрэчы ў Рыме прадставілі Папе Яну XXIII 6 лютага 1960 г., з просьбай прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа. Ліст-мемарыял быў падпісаны Біскупам Баляславам Слоскансам і беларускімі святарамі, якія займаліся душпастырскай апекай беларускіх эмігрантаў абодвух абрадаў у Заходняй Еўропе. 

І сапраўды, 2 ліпеня 1960 г. Папа Ян ХХІІІ намінаваў Айца Часлава Сіповіча M.I.C., рэктара Беларускай Місіі ў Лондане, першым беларускім біскупам ад часу знішчэння ў 1839 г. царскімі ўладамі Расійскай Імперыі структур Унійнай (грэка-каталіцкай) Царквы. 
Абодва іерархі засталіся ў глыбокай сяброўскай сулучнасці аж да смерці. Абодва памерлі ў адзін год: Біскуп Баляслаў Слосканс – 18 красавіка 1981 г., Біскуп Часлаў Сіповіч – 4 красавіка 1981 г. (г.зн. 32 гады таму). 
Гэтае іх сяброўства было таксама важным знакам сяброўства латышскага і беларускага народаў. 

Біскуп Часлаў Сіповіч пазней быў намінаваны Апостальскім Візітатарам для беларусаў замежжа. У гэтай якасці ён, як адзіны беларускі біскуп, удзельнічаў ва ўсіх чатырох сэсіях ІІ Ватыканскага Сабора. 
У цёмны перыяд савецкай акупацыі Беларусі, гвалтоўнай атэізацыі і запланаванай дэнацыяналізацыі беларускага народа на Бацькаўшчыне, пастырскае служэнне Біскупа Часлава Сіповіча сярод беларусаў у вольным свеце было знакам надзеі і суцяшэння. 

4. Біскуп Баляслаў Слосканс застаецца ва ўдзячнай памяці беларусаў у Беларусі і ў замежжы. 
Духоўная спадчына Слугі Божага Біскупа Баляслава Слосканса з’яўляецца сёння вельмі актуальнай і важнай для хрысціянаў у Беларусі. 

Хачу тут толькі прыгадаць Сімпозіум, прысвечаны памяці Біскупа Баляслава Слосканса, які быў арганізаваны ў мінулым годзе (у траўні месяцы 2012 г.) каталіцкай парафіяй г. Магілёва пад патранатам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і з каштоўнай і жаданай прысутнасцю дэлегацыі Каталіцкай Царквы ў Латвіі, пад кіраўніцтвам Яго Эмінэнцыі Кардынала Яніса Пуятса. 
Беларусы замежжа таксама згадваюць памяць Біскупа Баляслава. У асаблівы спосаб ягоная Асоба (а таксама ягонае нябеснае заступніцтва) вельмі дарагая для беларускіх грэка-католікаў у Бельгіі. 

У грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага ў Антвэрпэне ў нядзелю, 6 кастрычніка 2013 г., будзе адслужана Боскага Літургія за беатыфікацыю Слугі Божага Біскупа Баляслава.
А сёння, 4 кастрычніка 2013 г., у грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа у Мінску (у 18:30 гадз.) пройдзе малітоўны ўспамін Біскупа Баляслава і Біскупа Часлава (які памёр 4.10.1981 г.)

Цяперашні Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа Найдастойны Мітрафорны Протаіерэй Аляксандр Надсан з Лондана ў сваёй біяграфічнай кнізе пра Біскупа Часлава Сіповіча піша наступным чынам пра Біскупа Баляслава Слосканса: 

“Гэта быў чалавек святога жьщця. Гады зняволення, калі яму давялося сведчыць аб сваёй веры ў Хрыста разам з зняволенымі праваслаўнымі біскупамі i святарамі, а таксама гады выгнання далі яму магчымасць глыбей уведаць i палюбіць расейскі народ, узмоцнілі жаданне еднасці між каталікамі i праваслаўнымі. І гэта не замінала яму з аднолькавай павагай i любоўю ставіцца да іншых, у тым ліку беларусаў. Чалавек міру, далёкі ад палітыкі, ён балюча перажываў усялякія нацыянальныя i рэлігійныя канфлікты i непаразуменні”. [А. Надсан, Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус, раздз. 8].

Гэтае сведчанне поўнасцю сугучнае са словамі, якія яшчэ пры жыцці Біскупа Баляслава я асабіста меў магчымасць чуць у Бельгіі, у Брусэлі, ад Ірыны Пасновай, дырэктара Выдавецтва “Жыццё з Богам” – экуменічнага выдавецтва, якому Біскуп Баляслаў Слосканс аказваў поўную падтрымку, і ў якім упершыню выйшлі на Захадзе кнігі айца Аляксандра Меня.

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.