За Статкевіча і вольную Беларусь бегалі ў Катавіцах

У мінулую нядзелю ў польскім горадзе Катавіцы адбыўся лёгкаатлетычны прабег пад лозунгам «За Статкевіча і вольную Беларусь». На многіх удзельніках кросу былі майкі з партрэтам беларускага палітвязня.

Забег быў арганізаваны еўрадэпутатам Маркам Мігальскім і таварыствам «Праект Шлёнск». Як паведамляе афіцыйны сайт Марэка Мігальскага, забег арганізавалі, каб данесці да жыхароў Катавіц і ўсяе сілезскай агламерацыі звесткі пра стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і пра беларускіх палітычных вязняў. «Перадусім мы хацелі наблізіць да ўдзельнікаў спаборніцтваў постаць Міколы Статкевіча, кандыдата на выбарах прэзідэнта ў Беларусі 2010 году, які цяпер адбывае прысуд у 6 гадоў пазбаўлення волі ў закрытай турме ў Магілёве. Падчас забегу была прысутнай ягоная жонка Марына Адамовіч, якая ахвотна размаўляла з удзельнікамі і расказвала пра сітуацыю свайго мужа і барацьбу за ягоную свабоду», — паведамляе сайт Мігальскага. Спаборніцтвы прайшлі ў катавіцкім парку імя Тадэвуша Касцюшкі. Пяцікіламетровую дыстанцыю прабеглі 50 удзельнікаў. Пераможцамі сталі Лех Главяк, які адолеў яе за 17 хвілін 13 секунд, і Агнешка Глонб — 20 хвілін 43 секунды.