Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію Вацлава Гаўла

Прэзідэнт Парламэнцкай асамблеі Рады Еўропы абвясціў Алеся Бяляцкага лаўрэатам прэміі імя Вацлава Гаўла на восеньскай сесіі ў Страсбуры.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, якая прысутнічае на цырымоніі ў Страсбуры, у сваёй прамове ад самага пачатку свайго шляху змагаўся за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Наталля Пінчук нагадала пра іншых беларускіх палітзняволеных, і падкрэсліла, што іх вызваленне павінна быць ўмовай кантактаў з уладамі Беларусі. Вось кароткі змест (пераказ) яе прамовы: «Барацьба за абарону правоў людзей стала асновай для стварэння праваабарончага цэнтру «Вясна» ў 1996 годзе.. Алесю нялёгка, ён у больш жорсткіх умовах, чым іншыя вязні, яго абмяжоўваюць у кантактах з блізкімі ды іншымі вязнямі, ён зазнае моцны ціск адміністрацыі. Улады ўсялякімі спосабамі дамагаюцца, каб Алесь напісаў пакаянне на імя Лукашэнкі. У турмах Беларусі яшчэ 10 палітвязняў, якія зрабілі свой выбар на карысць дэмакратыі і свабоды. Тым часам, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца... Я спадзяюся, што еўрапейскія структуры як гаранты і абаронцы дэмакратыі і свабоды не адступяцца ад сваёй прынцыповай пазіцыі... Прэмія, якую атрымаў Алесь, гэта знак салідарнасці не толькі з ім, але і з усёй беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Сімвалічна, што гэта прэмія мае імя Вацлава Гаўла. Гавэл — гэта сімвалічная постаць для дэмакратаў Беларусі. Алесь не раз казаў, што Гавэл — гэта прыклад для яго. Незадоўга да сваёй смерці, Гавэл накіраваў Алесю ў турму ліст падтрымкі. Алесь піша, што для яго гэты ліст стаў промнем надзеі і салідарнасці. Я таксама спадзяюся, што гэты прамень салідарнасці дапаможа Алесю і яго паплечнікам выйсці пераможцамі ў іх барацьбе за справядлівасць...» Мэта прэміі Вацлава Гаўла — заахвочванне выбітных дзеячаў грамадзянскай супольнасці ў абароне правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі. Іншымі кандыдатамі на прэмію былі Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія), Сетка абароны правоў (Кітай). Прэмію ўручаюць штогод. Памер узнагароды — 60 тысяч еўра. За апошні час Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца за кратамі, атрымаў некалькі ўзнагародаў:
  • узнагароду імя Пэтры Келі
  • узнагароду Леха Валенсы
  • прэмію партала «Хартыя’97» за выбітныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

Даведка

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 году турмы ў лістападзе 2011-га. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Мінску Літва і Польшча. Краіны Еўрасаюзу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.