Немец ладзіць беларускамоўную сустрэчу ў Берліне

Немец ладзіць у Берліне беларускамоўную сустрэчу “Мова ці Kaffe”.  

Табіяс Вайман лічыць сябе аматарам Беларусі. Нашу мову ён вывучыў у Мінску, падчас навучання ў лінгвістычным універсітэце. Малады чалавек працуе ІТ-спецыялістам. Цікава, што ў яго берлінскай кватэры ёсць спецыяльны пакой для беларусаў. Нядаўна Вайман вырашыў арганізаваць у нямецкай сталіцы беларускамоўныя сустрэчы. 

- На іх будзе магчымасць пазнаёміцца, пагутарыць і ўдасканаліць валоданне мовай, як на імпрэзах "Moва ці кава" ў Мінску. Назву гэтых імпрэз я скраў і адаптаваў, - каментуе Табіяс.
Па словах аматара Беларусі, сустрэча пройдзе ў нефармальным фармаце ва ўтульнай берлінскай кавярні. - У мяне няма ілюзіі, што беларусаў і асабліва беларускамоўных у Нямеччыне шмат. З некаторымі з іх сябрую альбо іх ведаю, таму трэба актыўна шукаць удзельнікаў. Берлін - гэта не Варшава ці Вільня, - кажа ён.  
Цікава, што Табіяс разам з сябрамі ўжо ладзіў у Берліне тузін сустрэч для немцаў, якія цікавяцца Беларуссю. А таксама арганізоўваў вечарыны для беларусаў, якія прыехалі ў Германію вучыцца альбо жыць. Ён кажа, што сустрэцца ў межах “Мова ці Kaffe” - спантанная ідэя. - У дадзены момант я адчуваю недахоп беларускай мовы. Калі вывучаеш любую мову, карыстаешся ёю, атрымліваеш праз гэта шмат пазітыўных эмоцый, яна становіцца часткай цябе. Можна сказаць, што вывучэнне моў – свайго кшталту наркотык толькі без кепскіх наступстваў. Мова аб‘ядноўвае людзей розных поглядаў. Cярод маіх беларускамоўных сяброў ёсць “палітызаваныя” і непалітызаваныя, вернікі і атэісты, кансерватары і хіпы… У Беларусі па-беларуску размаўляе не так шмат людзей. Але мова - тая адметная рыса краіны, якую нельга недаацэньваць… З канкрэтнай датай і часам сустрэчы Табіяс пакуль не вызначыўся. Але мае надзею, што разам з зацікаўленымі знойдзе трапны варыянт. Да сваёй ініцыятывы ён заахвочвае праз сацыяльную сетку. Нагадаем, што нядаўна на Польскім радыё для замежжа з'явіўся матэрыял пра японку Сіёры Кіясава. За 11 месяцаў стажыроўкі ў БДУ яна гэтак вывучыла беларускую мову, што свабодна гаворыць на ёй і чытае Барадуліна.