Мастак Лявон Тарасевіч стаў лаўрэатам прэміі Норвіда

Статуэтку і чэк на 20 тысяч злотых (6 380 даляраў) польскі мастак беларускага паходжання атрымаў падчас урачыстасці ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Лявон Тарасевіч стаў лаўрэатам Прэміі імя Цыпрыяна Норвіда ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва». Узнагароду мастак здабыў за выставу ў галерэі «Spokojna», а таксама адкрытай галерэі ў Доме Палёніі ў Варшаве.

Польскі мастак беларускага паходжання (нарадзіўся ў 1957 г. у в. Валілы на Падляшшы) Лявон Тарасевіч вучыўся ў варшаўскай Акадэміі мастацтваў. Удзельнічаў у шэрагу выставаў у Польшчы і за мяжой. Прадстаўляў Польшчу на 49-ым Біенале мастацтва ў Венецыі.

Уручэнне Прэміі імя Цыпрыяна Норвіда адбылося ў 192-ю гадавіну з дня нараджэння класіка польскай літаратуры. Узнагароды прысуджаюцца ў намінацыях: літаратура, музыка, тэатр, выяўленчае мастацтва.