Жнівень у ТБК Літвы

Вядучы спярша зачытаў віншавальны зварот віленчукам ад старшыні КХП-БНФ “Адраджэнне” Зянона Пазьняка з нагоды 25 жніўня – Дня здабыцця незалежнасці Беларусі. 

Пра  Валерыя Антонія Урублеўскага распавёў вядучы імпрэзы Вацлаў Гульбіновіч.

5 жніўня споўнілася 105 гадоў са дня смерці рэвалюцыйна-дэмакратычнага дзеяча, найбольш таленавітага паўстанцкага камандзіра 1863-1864 гг., генерала Парыжскай камуны Валера Урублеўскага.

     Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок, у Лідскім павеце 15 снежня 1836 года. У 1844 годзе разам з сям’ёй пераехаў жыць у Вільню. Скончыў Віленскі дваранскі інстытут-гімназію. Ад 1853 г. да 1856 г. навучаўся ў інстытуце лесу і геадэзіі ў Пецярбургу. У часе студэнцтва пазнаёміўся з многімі рэвалюцыянерамі, пасябраваў з Кастусём Каліноўскім. Пасля заканчэння інстытута лесу працаваў памочнікам загадчыка, а пасля загадчыкам лясной школы ў Саколцы на Гарадзеншчыне. Разам з Кастусём Каліноўскім стварыў сетку палпольных рэвалюцыйных арганізацый, рыхтаваў насельніцтва да збройнага паўстання супроць царызму. З гэтай мэтай разам з К.Каліноўскім  стаў выдаваць і распаўсюджваць газету “Мужыцкая праўда”, чым заслужыў вельмі добрае стаўленне з боку сельскага насельніцтва Беларусі. Падчас паўстання кіраваў вайсковымі дзеянямі, быў начальнікам генштаба паўстанцаў, пазней камандуючымі сіламі Гарадзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Быў моцна паранены. З дапамогай Балеславы Складойскай (цёткі будучай вучонай Марыі Кюры-Складоўскай) быў  перавезены на аўстрыйскі бок у Галіцыю. Далей з Галіцыі ў 1864 годзе выехаў у Францыю. На эміграцыі ў Францыі займаўся  арганізацыяй дапамогі для ўцекачоў – удзельнікаў паўстання.

     У 1871 г. Валеры Урублеўскі - генерал Парыжскай камуны. Пасля паразы камунараў быў завочна  прысуджаны да смерці. З прускім пашпартам выехаў у Лондан, дзе сябраваў з К.Марксам і Ф.Энгельсам. Быў членам Генеральнага Савета 1-га Інтэрнацыяналу. Пасля амністыі вярнуўся ў Францыю, жыў спачатку ў Ніцы, потым у Парыжы. Памёр 5 жніўня 1908 г. Пахаваны, так як і ён сам жадаў, каля сцяны камунараў на могілках Пер-Лашэз.

В.Урублеўскі ўшанаваны на радзіме. У Жалудку ў яго гонар названая вуліца, яго імя носіць школа пасёлка. Ёсць ідэя стварыць у Жалудку музей, прысвечаны памяці выдатнага земляка.

Пра Паўла Гуза і жыццё беларусаў Аўстраліі распавёў Хведар Нюнька.

      У 2002 годзе на запрашэнне беларусаў Аўстраліі і пры фінансавай дапамозе сваяка - Юркі Нюнькі мне пашчасціла наведаць гэтую, нават па сёняшніх мерках, далёкую і цікаваю краіну. Узровень жыцця там даволі высокі ў параўнанні з суседнімі краінамі.

      Сёння хачу расказаць пра сустрэчы з віднымі аўстралійскімі беларусамі і, у прыватнасці, з Паўлам Гузам. У гэтым месяцы спаўняецца 10 гадоў як яго не стала.

   Павал Гуз нарадзіўся 15.08.1924 г. у вёсцы Дуброва Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. З братам Аляксандрам прайшоў разам праз канцлягер Дахаў. Пасля капітуляцыі Нямеччыны апынуўся ў лагеры ў Аўстрыі. Будучы вольным, займаўся арганізацыяй беларускага скаўцкага звязу. У 1949 г. разам з жонкаю выехаў у Аўстралію. У часе паездкі пазнаёміўся з беларускім дзеячам Міхасём Зуем і далучыўся да Беларускай Незалежніцкай Партыі. У Мельбурне пачаў наладжваць беларускую грамадскую дзейнасць. Сакратар першага створанага ў Мельбурне Беларускага Клуба. Пазней сябра ўправы і культурна-асветны рэферэнт Беларускага Аб’яднання ў Вікторыі. Спрычыніўся да выдання часопіса “Новае жыццё”. Друкаваў нататкі і вершы пад псеўданімам Паўлюк Дуброўскі. Ад 1989 г. – сакратар  Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. Дэлегат на пленумах Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), спрыяў абранню Міхася Зуя Прэзідэнтам БЦР. Меў узнагароды БЦР. Доўгагадовы сакратар-скарбнік, а апошнія гады жыцця да 2003 года старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў штаце Вікторыя.

    Я часта сустракаўся з яго братам Аляксандрам і Аўгенам Грушам. А з Паўлам Гузам запомнілася сустрэча, калі ён падараваў мне каштоўную і рэдкую кнігу “За Дзяржаўную Незалежнасць БЕЛАРУСІ”, падпісаўшы на рэдкасць прыгожым подчыркам, (маючы 77 гадоў):

“Высокапаважанаму змагару за вольную Беларусь сп-ру Фёдару Нюньку. Дарую этую кніжку як старшыня Бел.Цэнтральнага Камітэту ў Мельбурне ў чэсьць Вашага побыту сярод нас у Аўстраліі.

                           Паўлюк Гуз                       21.02.2002”

Вечная памяць Паўлюку Гузу - змагару і беларускаму патрыёту.

 Хачу коратка закрануць пытанне жыцця і дзейнасці беларусаў у новых для іх умовах Пятага кантыненту пасля Другой сусветнай вайны. Штосьці сам пабачыў і пачуў ад спадароў Аўгена Грушы, Аляксандра і Тамары Грыцукоў, Віктара Кавалеўскага, Міхася Бурноса і іншых у Мельбурне і Адэлаідзе, пра штосьці даведаўся з вельмі грунтоўнай кнігі “Беларусы ў Аўстраліі” Наталлі Гардзіенка.

       Беларусы пасля Нямеччыны ці Аўстрыі мелі магчымасць эміграваць у Аргенціну, але большасць выбралі Аўстралію. Напачатку эмігрантаў памясцілі ў лагеры, былыя казармы, каб адрабіць кантракт на два гады. Мясцовае насельніцтва непрыхільна ставілася да  прыбылых, якія не валодалі англійскай мовай. Але нашыя людзі ацанілі тыя магчымасці, якія адкрываліся перад імі: свабодна ўладкавацца - хай і на простую працу, высокія заробкі, добрае сацыяльнае забяспячэнне. Да 1960 года дзяржаўныя ўлады праводзілі палітыку асіміляцыі, былі супраць арганізацыі нацыянальных культурных згуртаванняў, асабліва супраць наплыву нееўрапейцаў.

З 70 гадоў, з прыходам да ўлады лейбарыстаў, змянілася іміграцыйная палітыка ўладаў. Пайшла шырокая падтрымка дзейнасці этнічных арганізацыяў (школы, СМІ, культурныя цэнтры). Эмігранты змянілі выгляд і лад жыцця краіны. Для атрымання аўстралійскага грамадзянства еўрапейцам дастаткова было пражыць 5 гадоў, а нееўрапейцам 15 гадоў.

50-70 гады беларусы Аўстраліі ўспамінаюць як самыя лепшыя. Па прыкладзе іншых эмігрантаў беларусы пачалі арганізоўвацца. Наладжваць сувязі з беларусамі Мельбурна, Адэлаіды, Сіднэя і інш. Будаваць свае дамы, цэрквы, свае могілкі, ладзіць нацыянальныя святы і дзе-нідзе закладаць нядзельныя школкі. Дзеці эмігрантаў, у большасці ўжо ў другім пакаленні, страчваюць сваю мову і традыцыі. Нацыянальную свядомасць старэйшае пакаленне набыло ў СБМ альбо ў школах Нямеччыны. У Аўстраліі да гэтага спрычыніўся створаны Аляксандрам Грыцуком і Паўлам Гузам скаўцкі звяз.

    Нажаль, не ўсё праходзіла гладка. У 1958-1963 гг.адбыўся раскол па ідэалагічных прычынах паміж беларусамі на прыхільнікаў БЦР і БНР. Падзел адбыўся нават у цэрквах і ў грамадскай дзейнасці. Але з часам, дзякуючы а. Аляксандру Кулакоўскаму і інш., беларусы аб’ядналіся. І ўжо разам ладзілі імпрэзы і сустрэчы. Усяго сустрэч беларусаў у гарадах Аўстраліі адбылося дзесяць.

   Неабходна адзначыць, што сваімі страннямі аўстралійскія беларусы  першымі пабудавалі капліцу памяці з тэкстам “На вечны ўспамін спачылых усіх ведамых і няведамых Беларусаў”. За адно гэта яны заслугоўваюць высокай пахвалы  беларусаў свету.

    Пасля 1917 года, калі многія народы былой Расійскай імперыі атрымалі магчымасць пабудовы нацыянальных дзяржаваў, нарадзілася некалькі новых дзяржаваў, а тыя, якім не пашанцавала ў гэтым працэсе, у той ці іншай спробе засведчылі свету таксама аб сваім жаданні пакінуць моцныя абдымкі расійцаў і жыць у сваіх дзяржавах. Беларусы не былі ў баку ад гэтых працэсаў, але, на жаль, ім пашанцавала менш, чым літоўцам, латышам, эстонцам, фінам, і надалей яны працягвалі заставацца ў абдымках усходняга узурпатара. Нягледзячы на змену ўлады і палітычнага кірунку, гэты ўзурпатар і працягваў заставацца турмой і нявольнікам народаў і праводзіць палітыку русіфікацыі і асіміляцыі насяляючых яго тэрыторыю народаў. Найбольш у гэтым кірунку ў яго атрымалася з беларусамі. І вынік сёння бачны цудоўна: беларусы перасталі быць беларусамі нават у сваёй незалежнай дзяржаве. А першыя спробы па дэнацыяналізацыі і асіміляцыі маладога народа пачалі з рэформы яго мовы, а менавіта з рэформаў беларускай мовы, якія наблізілі б (а значыцца і зраўнялі б) яе з рускай.

Справа з аднаго боку вельмі простая: змяняй правілы па нормах рускай і ўсё будзе ў парадку - але з іншага боку трэба было ўсё зрабіць хітра, каб гэта адразу не кідалася ў вочы, бо народ проста зможа не прыняць рэформаў. Таму, відаць, гэтая рэформа планавалася не адразу, мела некалькі этапаў, і вось у жніўні 1933 г. была прынятая пастанова, згодна з якой рэфармалася беларуская мова. Самае дзіўнае – у камісіі, што распрацоўвала папраўкі, не было ніводнага лінгвіста. І сёння можна сказаць, што менавіта тады быў нанесены адзін з наймацнейшых удараў па мове, пасля якога яна страчвала сваю самабытнасць і пачала набываць усё больш і больш рысаў рускай мовы. Самым вялікім ударам было тое, што ўласныя беларускія імёны і прозвішчы павінны былі запісвацца не паводле формаў беларускай мовы і таго, як іх вымаўлялі беларусы, а паводле рускай мовы. І так мы страцілі не толькі Янкаў, Алесяў, Міхасёў, Антосяў, але і саміх беларусаў, бо страціўшы свае ўласныя імёны, пачалі пакрысе страчваць і сваю беларускую ідэнтычнасць. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што тое, што сёння беларусы ўжо не беларусы, адбылося па віне менавіта рэформы гэтага пласта лексікі.

Саму рэформу можна крытыкаваць шмат, як і тыя вынікі, што яна прынесла. На жаль, праблема, відаць, не ў ёй адной. Але яе адгалоскі відавочныя і сёння, калі беларусы падзяліся паміж сабой яшчэ і на прыхільнікаў гэтай рэфармаванай мовы (наркамаўка) і тых, хто супраць (тарашкевіца). У дадзеным выпадку не хацелася б абараняць адных, нападаць на іншых, але хочацца толькі зазначыць, што недахопы маюцца і ў адной, і ў другой граматыцы. Сёння тарашкевіца таксама аддалілася ад жывой беларускай мовы ці не далей за наркамаўку. Па-першае, асноўнае правіла тарашкевіцы: хто як хоча, той так і піша. Да гэтага часу яна канчаткова не ўнармаваная. Маецца таксама адзін істотны недахоп тарашкевіцы – пры яе стварэнні не былі ўлічаныя ўсе беларускія дыялекты, а толькі цэнтральныя гаворкі. І галоўны недахоп тарашкевіцы: абы не так, як у рускай мове. Гэта прыводзіць да таго, што мова засмечваецца паланізмамі. Хацелася б спытацца ў тых, якія ўводзяць у абарот паланізмы, ці не маглі б яны калі-нікалі разгарнуць дыялектныя беларускія слоўнікі і там пашукаць сапраўдныя беларускія словы, якіх знойдзецца шмат, у тым ліку і такіх, якіх няма ў рускай мове. Скажам, зупа. Адкрыйце любы слоўнік 20-30 гг. ХХ ст., і там знойдзеце: крупнік, крупеня, юшка, суп, поліўка, страва і інш., але ніяк не зупа. І такіх прыкладаў шмат. Гэты працэс, каб не было так як у рускай мове, прыводзіць і да іншага, з беларускай мовы мы выкідваем уласна беларускія словы, якія ў рускую прыйшлі з беларускай. На жаль, пра гэты пласт лексікі гаварыць не прынята. Але шмат беларусізмаў пранікла ў XVIII ст. праз захопніцкія войны Масковіі, калі ў палон падчас вайны было ўзята 300 000 беларусаў. Як ні дзіўна, але шмат беларусізмаў у рускую мову ўвёў А. Пушкін. Яго выхоўвала на Пскоўшчыне Арына Радзівонаўна, якая будучаму рускаму паэту і стваральніку новай літаратурнай мовы пераказала шмат мясцовага фальклору, які меў многа агульнага з беларускім, а разам з ім перадала яму і шмат беларускай лексікі, якая потым аказалася на старонках ягоных казак. Думаю, пра гэты пласт беларускай лексікі таксама забывацца нельга.

Можна паглядзець толькі некалькі прыкладаў, каб убачыць беларускія словы ў рускай мове. Скажам, назва птушкі шпак. Па руску гэта скварэц. Але ў старабеларускай мове былі такія словы: скверет (крык), сквірк, скверціся – адсюль і назва птушкі, што азначае крычаць. А гэта ўказвае на запазычанасць скварца з беларускай мовы. Затым, мы ведаем слова патэльня – гэта германізм. Сваё беларускае слова замянілі нямецкім. Зноў жа, старабеларускае сквара – спякота, гарычыня, скварыціся, пячэ, гарэць. Вось і засталося ў нас ад скварады толькі тое, што дзе-нідзе ў вёсцы можна пачуць: скваркі на патэльні скварчаць. Зразумела, што сёння няварта і не мае сэнсу гэтыя словы вяртаць, але ведаць пра тое, што нашая мова стала донарам для рускай, таксама трэба.

Часамі бываюць іншыя крайнасці, калі пранікаюць русізмы, якія там не прыжыліся. Самы яркі прыклад, гэта слова іспыт. Калі ўважліва ўгледзімся, ўбачым класічнае рускае словаўтварэнне: прыстаўка іс- і корані пыт-іс-пыт-ываць. Так і перакладаецца экзамен з лацінскай мовы. Таму калі ўжо трымацца беларускай мовы, варта карыстацца нормай выпыт. Так больш па-беларуску.

Зразумела, што недахопаў шукаць можна шмат. Проста хацелася б звярнуць увагу многіх да праблемаў беларускай мовы і паказаць, што не ўсё так проста і адназначна вырашаецца, як формула, абы не было так, як у рускай мове. У прыхільнікаў жа наркамаўкі, зразумела, існуе іншая праблема – абы не было так, як у польскай мове. Магчыма, самы прымальны варыянт – сесці за стол перамоваў і выпрацаваць сярэдні варыянт. Пры гэтым не забывацца, што беларуская мова, павінна застацца беларускай. А таксама, калі ўзнікае неабходнасць увядзення ў мову новых лексічных адзінак, найперш карыстацца беларускімі дыялектнымі слоўнікамі, якіх, на шчасце, выдадзена шмат. І навошта прыдумваць розныя дыгеліталізацыі, калі ёсць свой тэрмін лічбаванне. І тады ўсё стане на свае месцы. Зразумела, у сёняшняй антыбеларускай сітуацыі, гэта зрабіць немагчыма. Але сесці за стол перамоваў і выпрацаваць беларускія формы можна. А калі Беларусь стане беларускай, яны вельмі хутка ўвойдуць ва ўжытак.

Але відаць, праблема не толькі ў тарашкевіцы ці наркамаўцы, праблема перадусім у светапоглядзе чалавека і яго разуменні, што такое беларуская мова. І відавочна, не праблема ў тым, якой граматыкай чалавек карыстаецца, праблема ў тым, якой мовай чалавек карыстаецца. І тут мы бачым, што на жаль не ў тарашкевіцы ці наркамаўцы справа, а ў тым, што беларусы прынцыпова не хочуць размаўляць па-беларуску. Іх не цікавіць ні адна ні іншая граматыка, ні беларуская літаратура, ні беларуская культура, гісторыя, іх цікавіць мова, літаратура, гісторыя свайго суседа і яны жадаюць як мага хутчэй забыцца, што яны беларусы. Таму праблема ў іншым – беларусы не хочуць быць беларусамі.

1 жніўня споўнілася 70 гадоў з жудаснай трагедыі, калі каля Наваградка фашысты растралялі 11 сясцёр-назарэтак, якія ахвяравалі свае жыцці дзеля мірнага насельніцтва. Сёння цяжка сказаць, што стала прычынай тае трагедыі, і чаму захопнікі ўчынілі такі страшны акт вандалізму, і чым маглі нашкодзіць безабаронныя манашкі акупантам. Але гэтае злачынсва не засталося незаўважаным, і пра сясцёр не забыліся. Як сведчаць многія сведкі, сёстры перад смерцю прамовілі, што няхай лепш іх растраляюць, чым мірных жахыроў. І іх ахвяра была прынятая.

Каталіцкая царква высока ацаніла іх ахвяру. У 2000 г. яны былі беатыфікаваныя. Іх парэшткі знаходзяцца ў фарным касцёле Наваградка. Многія тысячы людзей прыходзяць сюды, каб аддаць ім даніну павагі і паразважаць у каторы раз, чаму людзі здольныя на такія нечалавечыя злачынствы. Чаму сёння найлепшыя навукоўцы працуюць не над паляпшэннем дабрабыту, удасканальваннем бытавой тэхнікі, апаратуры па даследванні касмічнай прасторы, а над удасканальваннем і вынаходніцтвам новых відаў зброі, якая знішчае чалавецтва. Чаму зноў, нягледзячы на гэтую і тысячы іншых трагедыяў, паўтараецца тое самае, калі да ўлады прыходзяць людзі, якія забываюцца на чалавечнасць, робяць з сябе багоў і нявечаць тысячы і тысячы чалавечых лёсаў. Таму важна памятаць гэтыя ахвяры, якія сведчаць, да чаго можа прывесці ўлада, сканцэнтраваная ў руках адной асобы.

Сёстры-назарэткі сталі прыкладам не толькі ахвярнага служэння людзям, але яшчэ тым голасам, які кажа кожнаму, хто пераступіў цераз парог чалавечнасці, адумацца, вярнуцца, бо такія трагедыі не павінны паўтарацца, таму што яны прыводзяць толькі да новых бесчалавечных ахвяраў і памнажэння зла ў гэтым свеце.

Вацлаў Гульбіновіч