У Варшаве ўшанавалі памяць нарачонай Каліноўскага

Трэцяга верасня ў Варшаве прайшло традыцыйнае ўшанаванне памяці Марыі Ямант — нарачонай Кастуся Каліноўскага.

У гэты дзень споўнілася 105 гадоў з моманту яе смерці. Студэнты навучальнай праграмы Каліноўскага сабраліся на Паванзкоўскіх могілках польскай сталіцы, дзе пахаваная Марыя. Арганізатарам мерапрыемства выступіла "Беларуская Нацыянальная Памяць".

На магіле Марыі быў прачытаны верш Кастуся Каліноўскага, які ён напісаў з вязніцы да сваёй нарачонай. Прагучаў і верш Уладзіміра Караткевіча “Нявесце Каліноўскага”.

Таксама перад прысутнымі выступіў старшыня БНП Анатоль Міхнавец. Ён расказаў пра гісторыю знаходкі магілы і жыццёвы шлях самой Ямант. Пасля малітвы да магілы былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя знічы.