Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Людмiла Бунеева. «Слова роднае, суме мудры…» - Запозненая падзяка патрыёту беларускай мовы

Неяк сярод маіх знаёмых разгарэлася дыскусія на тэму, ці патрэбна сучаснаму чалавеку літаратура ўвогуле і беларуская ў прыватнасці. Распачаў спрэчку гуманітарый, які, адчувалася, грунтоўна заахвоціўся інтэрнэтам. Ён даводзіў, што папяровая кніга аджыла свой век, а пісьменніцкая місія перайшла да блогераў. Блогеры – маўляў, вось хто сёння з´яўляецца ўладаром чалавечых дум, сумленнем народа.

Завадатар спрэчкі правакаваў: «Лічу да трох! Назавіце мне сучаснага аўтара, які можа ўзяць за жывое? Раз! Два!..»

«Сакрат Яновіч. Кніга “Запісы веку”», – выгукнула я і выратавала гонар «кніжнікаў». І пры тым ні на грам не зграшыла супраць праўды. Кніжка сапраўды ўзяла за жывое. На жаль, імя аўтара маім сябрам было невядомае. І яны вельмі здзівіліся таму, што чалавек жыў у Польшчы, а працаваў на славу беларускай літаратуры.

Пазамінулай зімой група берасцейцаў ездзіла ў польскі Бельск-Падляшскі на прэзентацыю кнігі заўчасна памерлай дзяячкі беларускага нацыянальнага руху на Беласточчыне Марыі Базылюк-Саснюк. Вечарына праходзіла ў гарадской ратушы. У нейкі момант за акном пайшоў снег. Пяшчотны і адначасова ўрачысты, ён успрымаўся як прывітанне ад Марылькі. Удзельнікі мерапрыемства час ад часу выходзілі на ганак палюбавацца снегападам.

Разам з намі выйшаў мастак Лёнік Тарасэвіч, якога часта згадвае ў сваіх нататках Сакрат Яновіч. Мэтр быў у світары і расхінутай куртцы, на нагах – валёнкі з галёшамі. Кідалася ў вочы, што такі абутак даволі папулярны сярод беларускай інтэлігенцыі Бельска-Падляшскага. Такім чынам дэманструецца повязь часоў (у мінулым Бельск славіўся валюшным промыслам), а апроч таго бяльчане лічаць, што для зімы няма абутку цяплейшага і зручнейшага, тым больш калі ты за рулём машыны.

Мне хацелася падысці да мастака і праз яго перадаць паклон Сакрату Яновічу. Але тут была небяспека. Тарасэвіч мог прапанаваць: «А давай з´ездзім у Крынкі! Сама ўсё і скажаш!» Прыедзем – і што? Пацікавіцца гаспадар: «А што вы чыталі з маіх твораў?» – «Толькі “Дзённікі”» – «Ну і пра што вы тады збіраецеся размаўляць са мной?» – спытае гэты чалавек з вострым языком і крытычным розумам. Ну а калі я прызнаюся, што не згодна з тым, як ён падае ў мемуарах некаторых асоб, якіх я асабіста ведаю, ці скажу, што не па душы мне яго падзел грамадзян Беларусі на «беларусаў» і «саветаў», то і да сваркі можа дайсці. А потым пісьменнік напіша ў новых дзённіках, што прыязджала «саветка» з Брэста і забрала шмат часу на нікчэмныя размовы.

Карацей кажучы, не адважылася я тады падысці да прыяцеля Сакрата Яновіча. Вырашыла: нікуды гэта сустрэча ад мяне не дзенецца. Прыеду пазней. Вось прачытаю ўсё, што напісаў Сакрат Яновіч, – і прыеду.

У абласной бібліятэцы ўдалося разжыцца «Запісамі веку». Кніжачка тоненькая, за паўтары гадзіны можна адолець. А пратрымала я яе больш за месяц. Глыбіня думкі, гранічная спрасаванасць слоў, гумар высокага кшталту – як тут не ўгрузнуць амаль на кожным абзацы. Перачытвала, сёе-тое нават выпісала. Ну і асаблівая ўцеха – россып моўных зваротаў, характэрных выключна для беларуска-польскага памежжа! «Людкове сыпанулі межамі прэч», «мардаты мужчыніска ў дажджавым плашчы», «і пайшоў сабе далей растапыраным крокам пузатага чалавека з карабініскам за плячыма».

Паглядзіце, якім мінімумам слоў можна абыйсціся пры пераказе найноўшай гісторыі беларусаў. «Была Расея, прыйшла Нямеччына, мільганула Беларусь, з´явілася Польшча; чарга зноў паўтарылася потым (настолькі іначай, што загавелі душою жыды і прапалі немцы, а начальнікі і крамнікі пасмакавалі Сібіры)».

Цяпер я ўжо ведала, што магла б сказаць пісьменніку падчас сустрэчы. І, думаю, меркаванне звычайнага чытача было б ім успрынята з цікавасцю.

Па-першае, я б яму расказала, што яго тэксты валодаюць дзіўнай уласцівасцю выклікаць зваротную рэакцыю чытача, бударажыць яго, запрашаць да супольнай творчасці. Прачытаеш абзац, а потым думаеш сабе: як удала схоплены, літаральна двума-трыма словамі, складаны чалавечы характар! Альбо «а мне такое ў галаву не прыходзіла». Ці «о! мне ёсць што дадаць да сказанага!».

Вось у невялічкім апавяданні «Акно» аўтар, звяртаючыся да свайго маленства, апісвае пачуцці дзіцяці, якое адкрывае для сябе навакольны свет. Малы ўпершыню бачыць кур з пеўнем, парасят ля свінні. «Моцна здзіўлены, я не спадзяваўся, каб намаляваныя ў дзіцячай кніжцы тыя стварэнні напраўду жылі!» Трэба ж! І я магу прывесці прыклад спасціжэння жыцця праз кніжку. Мой маленькі пляменнік-гараджанін упершыню трапіў у вясковую хату. Ён падбег да печкі і выгукнуў: «Совсем как в сказке!» Дакрануўся да прытуленай у куце качаргі: «Как в сказке!» Прысеў ля курыцы-квахтухі і азірнуўся шчасліва: «Как в сказке!»

Вось яшчэ кавалачак адтуль. «Азіраўся на нашу хатку з рассмяяным акном, рагатліва расчыненым, і ветрык навейваў адтуль попахі смажаных скварак з цыбуляю…» Якой радасцю быцця струменіць гэты малюнак! Сапраўды, расчыненыя вокны – як усмешка на твары.

«Клункастая постаць», «гарэлчыныя сябры», «пеўневыя хвасты аеру», «талент злачынца брыняў у Ясю, як цяжарнасць у бабе»… Сапраўды, сакавітая мова. «Смаката!»

А колькі забытых слоў уваскрэсілі тэксты Яновіча! «На дварэ марусіў дождж…» Мая бабуля ўжывала гэтае слова – «марусіў», а я ўжо яго забыла. Як і слова «куртаты».

А яшчэ Сакрат Яновіч шмат што растлумачыў у менталітэце беларусаў на тым баку мяжы. Бываючы на Падляшшы, сёе-тое заўважаеш, але саромеешся спытаць. Напрыклад, мне давялося некалькі разоў спыняцца на начлег у прыватных дамах-гмахах. І кожны раз не магла пазбавіцца ад уражання, што ў гэтых сценах застыў дух расчаравання. І справа не ў тым, што памеры дома не адпавядалі сацыяльнаму статусу гаспадароў. А ў тым, што бацькоўскі будаўнічы подзвіг не быў ацэнены нашчадкамі. Сваё шчасце яны шукалі далёка ад роднага парога.

І калі разважанні на гэтую ж тэму знаходзіш у пісьменніка, ступень даверу да яго абагульненняў вырастае. «Панскі двор мы ўжо перагналі, го-го, і ўраджаямі, і выгодамі, і машынамі. І па-польску размаўляем, як у самой Варшаве! Гэтак мы, наша пакаленне. А дзеці нашы? Заварожанасць панствам ім стане не столькі смешнай, колькі наогул незразумелай. Ім будзе: давай Еўропу, во, Парыж і Лондан, і твайму сыну гэта твая мураванка з паверхам убачыцца дакладна так, як табе наша бацькоўская хата, ведай».

Пісьменнік шмат піша пра хваробы духу сваіх землякоў-беларусаў. Гэта «заварожанасць панствам», «тайны комплекс хама на паркетах», «інстынкт ганьбы гнязда». Яго жорсткая дыягностыка прымушае і беларусаў з метраполіі задумацца: а з намі ўсё ў парадку? Якія мы? Ці тыя прыярытэты выбралі?

Чым больш я чытала Сакрата Яновіча, тым больш хацелася сустрэцца з ім, каб падрыхтаваць змястоўнае інтэрв´ю. Але ўжо было позна. 17 лютага гэтага года пісьменнік пайшоў з жыцця.

А мы якраз у той дзень вандравалі з сябрамі па маленькіх вёсачках і запісвалі ўспаміны іх жыхароў. І разы тры – не меней – мне прыходзілі на памяць чаканныя фармулёўкі Сакрата Яновіча. Містыка! Помніцца, зайшлі ў адну хату. На кухні было цеснавата, і мы з дазволу гаспадара вырашылі для працягу размовы перайсці ў большы пакойчык. Яшчэ з выгляду дужы дзед споўз са стула і пайшоў наперадзе на каленях: ногі перасталі дзейнічаць. Ён так і па двару перамяшчаецца. Пасля смерці жонкі застаўся адзін. Прыйшоў яго сябра, былы гарманіст, расказаў пра вячоркі сваёй маладосці. Мы папрасілі: «Можа, што зайграеце?» А ён моўчкі паказаў пусты рукаў. Траўма на гаспадарцы. Таксама жыве адзін. Мы доўга не маглі пазбавіцца пачуцця прыгнечанасці. Успомніўся выраз Сакрата Яновіча: «Мы сведкі катастрофы сялянскай цывілізацыі».

А потым была вёска з адным-адзіным жыхаром. І мы разважалі: як знайсці хату, дзе тлее жыццё? Па пратаптанай сцежцы ад варот да ганка? Па дымку над комінам? Як пастукаць у дзверы і не спалохаць чалавека? Ізноў, як напамін, – «Мы сведкі катастрофы сялянскай цывілізацыі».

А на наступны дзень даведаліся: Сакрата Яновіча няма з намі.

І вось якое супадзенне. Пахаванне Сакрата Яновіча адбывалася тады, калі Беларусь адзначала Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў Брэст з Падляшша прыехалі землякі пісьменніка – у абласным грамадска-культурным цэнтры яны рэпрэзентавалі літаратуру, якую выдае грамадскае аб´яднанне «Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах». Менавіта госці перакінулі мосцік паміж дзвюма падзеямі аднаго дня: журботнай і абнадзейваючай, калі Эльжбета Фіёнік прадэкламавала верш у прозе Сакрата Яновіча «Малітва». Яго радкі гучалі як запавет нашчадкам:

“…Слова матчынае, ты мая сляза. Мая трывога ў вечары кахання чыстаквяцiстага, у садзе юнацтва. I чарнабрывы позiрк дзяўчыны сарамлiвай, i бяссонне зорнае. Ты, як лёс, паўстаеш у даляглядзе нязбытным.

Слова роднае, суме мудры! Мая радасць неўгамонная, што часамi лунае вясёлкаю на небе краiны майго прызначэння. I няспешна павучаеш мяне жыць сваiм розумам, i гасцiнцам iсцi шырокiм праз гады раз дадзеныя...”

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.