У Вільні абвясцілі пра стварэнне арганізацыі паспяховых беларусаў

У новае аб’яднанне GBL увайшлі тыя, што зрабілі ўдалую кар’еру за мяжой. А таксама бізнесмены, творцы і кіраванцы з самой Беларусі.

Наватарскае для Беларусі аб’яднанне “Глабальныя беларускія лідары” (GBL) было створана ў апошні дзень лета ў Вільні. Сюды прыехалі не толькі нашыя землякі, якія прабіліся за мяжой, але і замежныя журналісты, і навукоўцы, якія цікавяцца Беларуссю. А таксама прадстаўнікі непасрэдна з нашай краіны.

“Гэта арганізацыя створана для прафесіяналаў, яна не палітычная. Пры дапамозе GBL нашы людзі змогуць пазнаёміцца і дапамагчы адно аднаму ў развіцці, — распавядае ўладальнік кансалтынгавай кампаніі ў Нью-Ёрку і адзін з каардынатараў GBL Мікола Цімашэнка. — Раней такой структуры, якая б яднала маладых паспяховых беларусаў па ўсім свеце, не было. Чым болей сярод нас будзе самадастатковых людзей, якія цвёрда стаяць на нагах, тым лепш будзе для Беларусі”.

Еўрарадыё: А чаму пра стварэнне арганізацыі абвясцілі ў Вільні? Ці будзе рэгістравацца GBL у Мінску?

Мікола Цімашэнка: "Вільня — не чужая для беларусаў, гэта духоўная сталіца. Сімвалічна, што арганізацыя была абвешчана ў сэрцы гэтага горада — у Віленскай ратушы, якая сыграла ролю ў нашай гісторыі. Што тычыцца рэгістрацыі GBL у Беларусі, то гэта пытанне цяпер абмяркоўваецца. Асабіста я з’яўляюся прыхільнікам гэтай пазіцыі і адстойваю яе".

“А хто з вядомых людзей прыбыў на абвяшчэнне GBL?” — цікавімся ўТаццяны Кулакевіч, адной з заснавальніц новай арганізацыі (з’яўляецца кандыдаткай ў прафесары ўніверсітэта Ратгерс у Нью-Джэрсі).

Таццяна Кулакевіч: “Напрыклад, з Вашынгтону змагла прыляцець дачка Вітаўта Кіпеля, вядомага дзеяча беларускай дыяспары. У ЗША Алеся Кіпель уваходзіць у дваццатку найлепшых адвакатаў сваёй галіны, займаецца справамі буйных карпарацый. Прыехаў вядомы канадскі прафесар Дэвід Марплз, які даследуе Беларусь. Таксама былі сусветна вядомыя спартоўцы, чалавек, які займаецца вытворчасцю прыладаў у радыялогіі, музыкі, кіраўнікі, бізнесмены і іншыя людзі, якім уласцівы лідарскія якасці”.

У час, калі з Беларусі працягваецца адток мазгоў, GBL, наадварот, прапаноўвае прыцягнуць у краіну добрых кадраў з замежжа, падцягнуць да новага ўзроўню маладых і перспектыўных. Пытанне ў тым, ці падтрымае гэту ініцыятыву афіцыйны Мінск і ці атрымаецца ў хутаран-беларусаў стварыць па-сапраўднаму эфектыўную структуру ўзаемадапамогі.