Каб зразумець беларускую песню – трэба яе праспяваць

Сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства прадставілі ў Варшаве ўнікальныя беларускія песні.

Нашыя сённяшнія суразмоўцы – абаяльныя дзяўчыны, якія займаюцца незвычайнай справай. Яны адраджаюць старажытныя беларускія спевы. Юлія Лісіца й Аліцыя Зарэмба абвергнуць міфы пра тое, што на вёсцы ніхто ўжо не памятае старажытных песень, а таксама растлумачаць, чаму меркаванне пра сумны характар беларускіх спеваў – беспадстаўнае.

Калі слухаеш старажытную народную мелодыку песні, цяжка паверыць, што яе спяваюць дваццацігадовыя дзяўчыны. Юля Лісіца й Аліцыя Зарэмба - сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Юля тлумачыць, што падштурхнула яе ўступіць у таварыства і заняцца адраджэннем народных спеўных традыцыяў.

Ю. Лісіца: Я вельмі захапілася тым адчуваннем беларускасці, якое да мяне прыйшло праз песню. Слухаць народныя песні было для мяне нечым цікавым, але не надта “модным”. Але калі я паспрабавала заспяваць, то зразумела, што ўсе мае ранейшыя ўяўленні былі памылковымі. Калі ты спяваеш, то ў цябе зяўляецца зусім іншае адчуванне песні.

Аліцыя Зарэмба полька і працуе ў рэкламным бізнэсе. Яна занялася адраджэннем беларускіх спеўных традыцыяў, бо была зачараваная Беларуссю й яе культурай.

А. Зарэмба: Так здарылася, што я проста закахалася ў Беларусь. У Беларусі ў мяне ўжо безліч сяброў, у тым ліку СЭТ. Мы нават разам калядавалі. Калі я пачула беларускія калядкі, то захапілася імі.

Старажытныя мелодыі сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства знаходзяць у вандроўках, якія ладзяць па ўсёй краіне. І казаць, што старых песень ужо ніхто не памятае, можа толькі той, хто фальклёру ніколі не шукаў – кажа Юля.

Ю. Лісіца: Мы збіраем песні ў фальклёрных экспедыцыях, якія рэгулярна ладзім па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Апошнім часам мы наведвалі Магілёўскую й Віцебскую вобласць, але мы стараемся кропкава ахапіць іншыя рэгіёны. Часта мы сустракаемся з меркаваннем, што вёска бедная, што знаўцы песень ужо памерлі й запісваць няма чаго. Магчыма, так усё выглядае, калі глядзіш збоку й гэтым не займаешся. Але варта адзін раз паспрабаваць – і пераконваешся ў адваротным.

Песні спадарожнічалі кожнай падзеі ў жыцці чалавека. І кожны цыкл песняў меў сваю сімволіку, свой настрой. Даволі добра апісаныя калядныя ці вясельныя спевы, аднак пра тое, што ў Беларусі багатая традыцыя жаўнерскіх песень, ведаюць нямногія. Гэта як баявыя песні, так і песні рэкруцкія. У царскае войска хлапцоў забіралі на 25 гадоў, таму, сыходзячы з дому, яны развітваліся з сям’ёй назаўсёды, кажа Юля Лісіца.

Ю. Лісіца: Гэтыя песні адлюстроўвалі пераходны перыяд у жыцці мужчыны. Ён сыходзіў у невядомы свет і не ведаў, ці выжыве. Што тычыцца песень, то іх можна падзяліць на тыя, якія прыдаюць баявога духу і тыя, якія напоўненыя тугой па сям’і.

Аднак несправядліва казаць пра тое, што ўсе беларускія песні – тужлівыя, кажа Юля Лісіца. І нават за знешнім сумам можа хавацца зусім іншы настрой.

Ю. Лісіца: Звычайна народныя песні сапраўды ў мінорным ладзе. Але як мінор, так і мажор можа быць розны. Мінор бывае станоўчы й натхняльны, а мажор бывае разбуральны. Адчуваць гэта вельмі важна. Старонні крытык не зможа адчуць напоўніцу твору. Трэба яго праспяваць.

Суполкі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства дзейнічаюць у Мінску, Магілёве, Віцебску, Гародні. Магчыма, неўзабаве суполка па вывучэнні беларускіх песень з'явіцца і ў Варшаве, куды Юлія Лісіца прыехала на вучобу. Першая сустрэча ўжо прайшла паспяхова.

Размаўляў Аляксандар Папко