Дзень Аднаўлення Незалежнасці адсвяткавалі беларусы Амерыкі

25 жніўня 2013г. у грамадска-царкоўнай зале пры Саборы Св.Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы адбылося ўрачыстае святкаванне 22-й гадавіны Аднаўлення Незалежнасці Беларусі.
 
Урачыстасць пачалася са славутай “Пагоні” Максіма Багдановіча, якую прысутныя слухалі стоячы. Імпрэзу адкрыла старшыня Бруклінскага аддзела БАЗА Таццяна Красоўская. Яна зачытала віншавальны ліст Старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ  Зянона Пазьняка. У сваім слове Т.Красоўская напомніла, як адбываліся падзеяі ў 1990-91 гг., якія прывялі да практычнай незалежнасці нашай краіны.
 
Пра гістарычны шлях змагання беларусаў многіх пакаленняў за волю і незалежнасць Беларусі цікава і змястоўна распавёў Андрэй Асадчы.
 З зацікаўленнем прысутныя слухалі літаратурную кампазіцыю па кнізе Зянона “Вялікае Княства” у выкананні Галіны Пазьняк.
 
Усе выступы суправаджаліся відэазапісамі беларускіх спеваў розных гадоў у выкананні знакамітых беларускіх спевакоў.
Напрыканцы урачыстай часткі імпрэзы прысутныя паглядзелі відэакліп  беларускіх мітынгаў у Мінску на фоне гучання  беларускіх гімнаў.
 
Інфармацыйны Цэнтр Беларуска-Амерыканскага Задзіночання
Фатаздымкі Дзьмітря Шчыгельскага