Станіслаў Шушкевіч выдаў у Вільні кнігу сваіх мемуараў

«Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР» - па-беларуску выйшла з друку ў Вільні кніга Станіслава Шушкевіча. Гэта перапрацаваны і дапоўнены беларускамоўны варыянт першага рускамоўнага выдання, якое з'явілася ў маскоўскім выдавецтве "РосПЭн" у снежні мінулага года.

Станіслаў Шушкевіч кажа, што адпачатку хацеў пісаць свае ўспаміны па-беларуску і тут іх выдаваць:

- У Беларусі ніхто б яе не выдаў. Тут адзін выдавец хацеў спачатку выдаць, калі ў мяне быў яшчэ рукапіс, але праз два дні ён сказаў, як яму растлумачылі, што гэта будзе апошняя кніга, якая выйдзе ў яго выдавецтве. Таму я выдаў гэтую кнігу ў Вільні. Хоць я яе сам набраў - пераважна гэта была мая ўласная праца, нават вёрстка. Пасля ўжо ўсё крышку падправілі. Таму значыцца, што кніга тутэйшая – беларуская, менская.

Кніга пазіцыянуецца як палітычная аўтабіяграфія, спалучаная з ацэнкай і аналізам значных падзеяў, удзельнікам ці сведкам якіх быў аўтар. Ён - універсітэцкі прафесар фізыкі, які апынуўся ў палітыцы і стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі.