Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Зянковіч Юрась. Беларусы ў Амэрыцы на раздарожжы: куды рухацца далей?

Калі старэйшае пакаленьне беларускай дыяспары ў Амэрыцы прыбывала ў канцы 40-х і пачатку 50-х гадоў, то ў яго не было двух меркаваньняў пра тое, якая мусіць быць мэта беларускай супольнасьці на новым кантынэнце. Безумоўнай задачай-максімум – якая ў тых рэаліях выглядала абсалютнай утопіяй, бо СССР падаваўся моцным як ніколі – было вяртаньне незалежнай Беларусі на мапы Эўропы і сьвету.

Дзеля гэтага беларусы ў Амэрыцы пашыралі веды пра Беларусь сярод амэрыканскага грамадзтва і прыцягвалі ягоную ўвагу да нашай краіны і яе праблемаў у савецкім концлагеры. Гэтаму служылі ўсе метады працы тагачаснай дыяспары: правядзеньне масавых акцыяў, перапіска з кангрэсмэнамі, ініцыяваньне слуханьняў па пытаньнях Беларусі ва ўсіх узроўнях амэрыканскай улады і грамадзтва, выдавецкая дзейнасьць ды г.д. Прайшло нямала год, пакуль камень абыякавасьці да нашай краіны ўдалося зварушыць зь месца – каб пра Беларусь хаця б часам пачалі ўзгадваць амэрыканскія ўлады і грамадзтва. Яшчэ больш год прайшло, пакуль Беларусь сталася незалежнай.

Я не перабольшую ролю дыяспары ў аднаўленьні нашай незалежнасьці. Але і пераменьшваць яе ролю таксама нельга: дзякуючы дзейнасьці дыяспары Беларусь заставалася ў парадку дня амэрыканскай зьнешняй палітыкі (хай і на вельмі нізкім месцы ў прыярытэтах), што дало свой плён у першы ж месяц нашай рэальнай незалежнасьці: 8 сьнежня 1991 году былі падпісаныя Белавескія пагадненьні, якія паставілі кропку ў гісторыі СССР і далі нам незалежнасьць, а ўжо 25 сьнежня ЗША ўсталявалі зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.

Чаму мы цяпер ня можам аб’яднацца?

Мэта дзейнасьці дыяспары была выкананая напоўніцу, і што рабіць далей, ніхто асабліва ня ведаў. Зрэшты, новая мэта не сфармуляваная да сёньняшняга дня, што выклікае свары і расколы ў нашым асяродку: калі група людзей ня мае акрэсьленай мэты, уся яе энэргія пачынае выдаткоўвацца на ўнутраныя разборкі.

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі была спроба абвесьціць мэтай дзейнасьці дыяспары аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі. Але гэткая мэта мае шэраг істотных мінусаў:

Яна занадта вузкая, бо ня ўсе прадстаўнікі дыяспары яе падтрымоўваюць і разумеюць. Праз гэта значная частка амэрыканскіх беларусаў не аб’яднаныя і не жадаюць аб’ядноўвацца з тымі, хто гуляецца ў палітыку. Ім больш даспадобы жыць уласным жыцьцем і імкнуцца да асабістага посьпеху ў новай краіне.

Яна занадта ільлюзорная, бо што такое дэмакратыя, ня ведае дакладна ніхто. Невядома, па якім крытэры ацэньваць той момант, калі надыдзе дэмакратыя. У гэтым адрозьненьне гэткай мэты ад мэты аднаўленьня незалежнасьці – незалежнай краіна робіцца ў той момант, калі скідае ярмо панаваньня іншай дзяржавы, і гэты момант можна дакладна адсачыць.

Яна занадта кароткатэрміновая. Максімальны тэрмін існаваньня рэжыму Лукашэнкі абмежаваны тэрмінам фізычнага жыцьця дзейснага кіраўніка – ягоная дыктатура сканае не пазьней чым на наступны дзень пасьля ягонай сьмерці. Прыклады іншых аўтарытарных рэжымаў пра гэта яскрава сьведчаць. З улікам узросту Лукашэнкі і чутак пра стан ягонага здароўя, я ня думаю, што рэжым працягне даўжэй за 10-15 год. А хутчэй за ўсё яшчэ меней, бо ён збанкрутуе эканамічна і палітычна за жыцьця Лукашэнкі.

Дыяспара нічым ня можа дапамагчы змаганьню з дыктатурай, апроч маральнай падтрымкі. Палітычныя лёсы Беларусі мусяць вырашацца ў самой Беларусі.

Карацей, атрымоўваецца, што змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі – гэта высакародная мэта, але яна тактычная, а не стратэгічная, і таму ня ў стане аб’яднаць нашую дыяспару.

Між іншым, стратэгію і тактыку блытаюць шмат хто зь беларусаў. Гэта і прадстаўнікі ўлады, якія замест стратэгічнага разьвіцьця краіны жывуць па прынцыпе “працягнуць да заўтра – і добра”. Апазыцыя ў гэтым сэнсе нічым ня лепшая, бо, нягледзячы на шматлікія заклікі выпрацаваць плян разьвіцьця краіны ў выпадку прыходу да ўлады, так і ня можа патлумачыць грамадзянам Беларусі, чым яна будзе займацца на наступны дзень пасьля адхіленьня Лукашэнкі.

На жаль, у гэтую ж пастку трапляе і нашая дыяспара: цяжка сказаць, чым будзе займацца, скажам, БАА “Пагоня”, калі Лукашэнка перастане быць дыктатарам. Зрэшты, сёньняшняе кіраўніцтва БАЗА таксама ня ў стане адказаць на гэтае пытаньне. А, як паказвае досьвед “арабскай вясны” (ды й іншых рэвалюцыяў), усё можа перамяніцца да гары нагамі цягам нават аднаго тыдня.

Без стратэгічнага бачаньня разьвіцьця дыяспары яшчэ праз 5-10 год ад яе не застанецца і сьляда. Шматлікія замкнутыя ў саміх сабе колы беларусаў у Амэрыцы разваляцца самі сабой, маёнтак будзе канчаткова змарнаваны, а мы зоймемся вырашэньне ўласных надзённых праблемаў, асымілёўваючыся жахлівымі тэмпамі ў амэрыканскім грамадзтве. У адрозьненьні ад нашых папярэднікаў 30-40 год таму, у нас няма стрыжнёвай ідэі, якая нас усіх аб’ядноўвае.

Карысьць дыяспары і метраполіі

Перш чым рабіць спробу сфармуляваць мэты і задачы дыяспары, трэба адказаць на пытаньне: што можа даць дыяспара сваёй метраполіі, і што метраполія можа даць дыяспары?

Пачну з другога пытаньня. Адказ, на маю думку, вельмі просты: нічога, апроч прытока новых імігрантаў.

Па-першае, у беларускіх уладаў няма бачаньня таго, чым яны могуць быць нам карыснымі. А па-другое, і жаданьня нам дапамагаць таксама няма: амэрыканскіх беларусаў афіцыйны Менск успрымае як патэнцыйных, а часьцяком і рэальных ідэалагічных ворагаў. Беларускае грамадзтва таксама глядзіць на нас ня надта прыхільна: нас лічаць або здраднікамі, бо мы зьехалі, або крыніцай грошаў, бо мы ўсе (ва ўяўленьні беларусаў метраполіі) багатыя. Наўзамен нам нічога не прапануюць і не зьбіраюцца прапаноўваць. Адзінае, што ідзе зь метраполіі – гэта тоненькая крынічка новых, пераважна маладых іммігрантаў. Гэта палітычныя бежанцы, пераможцы ў грын-кард латэрэю і пэўная колькасьць прафесіяналаў, якім пашчасьціла знайсьці працу ў Амэрыцы.

Такім чынам, як і пяцьдзесят год таму, беларусы Амэрыкі ня могуць разьлічваць на падтрымку – і нават на простае разуменьне – сваіх землякоў.

Цяпер пра тое, што мы можам даць метраполіі. У сучасным сьвеце дыяспара можа быць карыснай сваёй краіне дзьвюма рэчамі: палітычнай падтрымкай у краіне знаходжаньня і інвестыцыямі.

Беларуская дыяспара занадта слабая дзеля таго, каб быць карыснай

Паспрабуйма адказаць на пытаньне: ці мы ў стане даць нашай краіне гэтыя дзьве рэчы?

Трэба канстатаваць сумны факт: наш палітычны ўплыў упаў амаль да нуля і працягвае падаць, а нашых фінансавых магчымасьцяў зь цяжкасьцю хапае на падтрыманьне нават наяўнай інфраструктуры ў Амэрыцы, ня кажучы ўжо пра яе разьвіцьцё.

Лабіраваць інтарэсы Беларусі (хоць дзейснай улады, хоць дэмакратычнай апазыцыі) мы на сёньня ня можам. Так, з намі па старой памяці кансультуюцца ў Дзярждэпартамэнце і ў Сэнаце, памятаючы, што некалі амэрыканскія беларусы былі моцныя і згуртаваныя. Але пройдзе яшчэ колькі год, і ўсім стане ўвачавідна, што кароль (тобок мы) голы: мы не даем ніякай электаральнай падтрымкі амэрыканскім палітыкам, а нашыя цэрквы і грамадзкія цэнтры зь цяжкасьцю зводзяць канцы з канцамі і таксама нічым для іх ня могуць быць карыснымі. Амэрыканскія палітыкі працуюць толькі з тымі асяродкамі, якія могуць забясьпечыць ім пераабраньне на новы тэрмін, і калі яны зразумеюць адсутнасьць карысьці, яны канчаткова адвернуцца ад нас і нашых праблемаў.

Як зьмяніць сітуацыю на нашую карысьць?

На маю думку, перш чым займацца палітычным лабізмам беларускіх інтарэсаў у Амэрыцы, мы мусім стаць можнымі ў фінансавым пляне. У рэшце рэшт лабізм – гэта досыць сьпецыфічная прафесія, якой мусяць займацца адмыслоўцы. Сярод нас ёсьць людзі патэнцыйна здольныя весьці такую працу, але яны занятыя іншым – выжываньнем і заробкам на хлеб штодзённы. Каб іх вызваліць ад гэтага, мы мусім быць у стане запэўніць ім фінансавае ўтрыманьне. А мы зараз гэтага зрабіць ня можам.

Такім чынам, перш чым ставіць палітычныя задачы перад дыяспарай, мы мусім паставіць задачы эканамічныя – нам трэба стварыць групу заможных, неабыякавых да Беларусі прафесіяналаў і бізнэсоўцаў, якія затым дабраахвотна возьмуць на сябе абавязак фінансаваць беларускую палітыку ў Амэрыцы.

А дзеля гэтага мы павінныя стварыць умовы для асабовага росту кожнага з нас. Мы мусім навучыцца трымацца адзін за аднога і дапамагаць адзін адному. У маім папярэднім артыкуле на гэтую тэму я ўзгадваў прыклад жыдоўскай дыяспары ў ЗША – ад іх варта павучыцца ўзаемадапамозе.

Я б сказаў, што нашая дыяспара ў Амэрыцы ня ў стане ставіць палітычныя задачы на бліжэйшыя 10-15 год – пакуль мы ня выгадуем пасярод сябе групу заможных мецэнатаў беларускай прысутнасьці ў ЗША. І пачынаць гэта трэба ўжо сёньня, бо заўтра будзе позна.

Што варта рабіць, каб мы сталі пасьпяховымі і заможнымі?

Зараз ідзе абмеркаваньне таго, чым павінныя ў бліжэйшы час займацца беларускія арганізацыі ў Амэрыцы. Сярод прапановаў гучаць, часьцей за ўсё, ідэі пра тое, як бавіць вольны час. Не памяншаючы неабходнасьці падтрымкі беларускай культуры ў ЗША з дапамогай цікавага баўленьня вольнага часу, я ўсё ж рызыкну запрапанаваць, што на першае месца мы мусім паставіць тыя праекты, якія дазволяць новапрыбылым (ды й даўнапрыбылым) беларусам забясьпечыць асабовы рост.

Пачнем зь неабходасьці курсаў ангельскай мовы. Ці трэба казаць лішні раз, наколькі веданьне мовы нашай новай краіны важнае дзеля посьпеху? Але далёка ня ўсе сярод нас валодаюць ёй на дастатковым узроўні. Курсы ангельскай мовы мусяць зьявіцца ў кожным беларускім асяродку. Дарэчы, вельмі часта пад гэта можна атрымаць фінансаваньне ад мясцовых уладаў ці ад уладаў штату – яны таксама зацікаўленыя ў хутчэйшай інтэграцыі новапрыбылых у грамадзтва.

Наступны крок – стварэньне сыстэмы ўзаемадапамогі ў пошуку працы. Сярод нас ёсьць ня толькі прадстаўнікі працоўных прафесіяў ці гуманітарыі, але таксама і бізнэсоўцы, якім патрэбныя салідныя працаўнікі. Між іншым, вядучую ролю ў гэтым праекце павінна б была граць нашая газэта “Беларус” – трэба стварыць адпаведны разьдзел на сайце, дзе можна будзе зьмясьціць абвесткі, і пачаць іх друкаваць у папяровым выданьні. Гэткая газэта мусіць рассылацца, у першую чаргу, па бізнэсах, якія належаць беларусам ці выхадцам зь Беларусі – нават першы час бясплатна. Апроч крыніцы аб’яваў пра працоўныя месцы, гэта можа даць хай і невялікі, але даход ад рэклямы, калі бізнэс зразумее, што нашую газэту чытаюць беларусы, якія могуць стаць іх кліентамі.

Таксама варта разважыць стварэньне сваіх агенцыяў па працаўладкаваньню – магчыма сумесна зь мясцовай уладай, якая з задавальненьнем пойдзе насустрач такой ініцыятыве, і можа нават дапаможа грашыма.

Трэцяе – гэта адукацыя. Без адукацыі немагчыма здабыць пачэснае месца ў амэрыканскім грамадзтве. Кожнага новапрыбылага трэба арыентоўваць на тое, што трэба ісьці вучыцца і падвышаць свой узровень ведаў. Беларускія асяродкі маглі б усталяваць кантакты зь мясцовымі вучэльнямі (коледжы, універсытэты), каб сумесна арганізоўваць прэзэнтацыі вучэбных праграмаў. Яны пойдуць насустрач, бо гэта для іх крыніца дадатковых прыбыткаў.

У перспектыве бліжэйшых 5-7 год я б хацеў, каб у беларускім асяродку зьявіўся наш уласны Credit Union. Дзеля яго стварэньня не патрэбныя надта вялікія грошы (для пачатку працы дастаткова пісьмовай гарантыі на паўмільёны даляраў), а сьпецыялістаў у галіне банкаўскай дзейнасьці ў нас, прынамсі ў Ню-Ёрку, хапае. Не хапае толькі арганізатара і пачатковых укладчыкаў капіталу. Стварэньне такога саюза дазволіць палепшыць доступ беларускіх іммігрантаў да крэдытных рэсурсаў, дасьць новыя месцы працы і крыніцу стабільнага прыбытку, які можа быць выдаткаваны на падтрыманьне існуючай інфраструктуры маёмасьці беларускіх цэнтраў.

Ну і нарэшце – мараторый на любыя свары ў нашым асяроддзі. Нас ня так шмат, каб мы маглі дазволіць сварыцца паміж сабой. Як я раней ужо пісаў, нашыя палітычныя разыходжаньні ці асабістыя амбіцыі не павінныя адбівацца на нашых узаемных дзелавых адносінах. У нас ва ўсіх адна мэта – посьпех кожнага з нас як асобы, посьпех беларускай дыяспары і посьпех нашай краіны.

Вось заклік, які я хацеў адрасаваць нашым лідарам арганізацыяў і нашым кіраўнікам царквы: мы досыць ужо сварыліся, дык давайце пачынаць будаваць будучыню разам!

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.