Беларусы замежжа падтрымалі ксяндза Уладзіслава Лазара

Беларусы Польшчы з Варшавы, Познані, Кракава, а таксама з Чэхіі, Нарвегіі ды іншых краінаў адправілі паштоўкі арыштаванаму ксяндзу Уладзіславу Лазару.

Пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве, каля двух месяцаў таму быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ.

Кіраўнік “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі” Анатоль Міхнавец заклікае беларусаў далучацца і пісаць лісты падтрымкі ксяндзу Лазару:

- З допісаў беларусаў мы ведаем, што ён быў сумленным чалавекам, адказным, які не баяўся казаць праўду. На наш погляд менавіта з гэтым звязаны яго арышт, таму лічу, што падтрымка такіх людзей з’яўляецца абавязкам кожнага актыўнага грамадзяніна Беларусі. Людзей, якія незаконна рэпрэсаваныя, якія не баяліся стаяць за праўду. Таму зараз мы павінныя іх бараніць, дабівацца вызвалення, апраўдання, і такім чынам змагацца за кожнага чалавека.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар абвінавачваецца ў шпіянажы і ў супрацоўніцтве з замежнай выведкай.