Рэпартаж Міры Лукшы з VI З'езду беларусаў свету (дададзена)

«Мы з розных краін, мы належым да розных пакаленняў, розных поглядаў, але што нас яднае нашмат большае — мы беларусы»,— адзначыла Алена Макоўская.

У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау 23 і 24 ліпеня працягваў працу VI З’езд беларусаў свету, асноўнай тэмай якога быў стан беларускай нацыі ва ўмовах глабалізацыі. З’езд праз 20 гадоў ад першага арганізавала Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”».

МГА «ЗБС „Бацькаўшчына”» ладзіць з’езды беларусаў свету раз на чатыры гады пачынаючы з 1993 года. На Першым з’ездзе сабралася больш за тысячу чалавек — дэлегатаў з Беларусі і беларускіх асяродкаў замежжа. Беларусь у той час, з набыццём незалежнасці, вітала сваю дыяспару на дзяржаўным узроўні. Праз дваццаць гадоў пасля той падзеі прыйшоў час, каб ацаніць здабыткі і страты апошніх гадоў, прааналізаваць гісторыю і сучаснасць беларускага замежжа. На VI З’езд сабралася амаль 300 дэлегатаў, якія прадстаўлялі беларускія дыяспары з 18 замежных краін. Многія выдатныя прадстаўнікі беларускай дыяспары не прыехалі ў Мінск праз узрост ці палітычныя меркаванні. У межах з’езду працавалі тры тэматычныя секцыі: па пытаннях, што датычацца магчымасцяў унутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці; культурнай спадчыны беларускага замежжа; супрацоўніцтва «новай» і «старой» эміграцыі на карысць нацыянальнага развіцця. У другі дзень з’езду яго ўдзельнікі прынялі шэраг важных дакументаў і абралі кіраўнічыя органы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

За мяжой пражывае больш за 3,5 мільёны этнічных беларусаў.

З часу апошняга з’езду адышлі дзясяткі сяброў «Бацькаўшчыны». Між іншых Янка Абабурка, Юрый Гіль, Уладзімір Кіт, Вера Рыч, Кастусь Маскалік, Рагнеда Аляхновіч, Янка Жучка, Анатоль Белы, Павал Урбан, Ганна Пазняк, Сакрат Яновіч, Валянцін Грыцкевіч... Іх памяць была ўшанаваная хвілінай маўчання. Не ўчуліся і гукі сурмы, пад якія пачыналіся папярэднія форумы: летась памёр дудар Уладзімір Пузыня.

Першы дакумент, які быў зацверджаны агульным галасаваннем, тычыўся дачыненняў беларусаў замежжа з уладамі, найперш неабходнасці прыняць закон «Аб беларусах замежжа». Размова пра гэта вядзецца ўжо 20 гадоў, але ён дагэтуль не прыняты. Не замацаваны і статус «беларус замежжа». У сваім звароце да дэпутатаў, ураду ды кіраўніка дзяржавы ўдзельнікі з’езду гавораць таксама, што не прынятая дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце», не створаны дзяржаўны камітэт па справах беларусаў замежжа, у парламенце няма камісіі па справах беларусаў замежжа, а ў Акадэміі навук — навуковага цэнтра, які б вывучаў беларускую дыяспару. «Невыкарыстанне найбагацейшага патэнцыялу беларускай дыяспары прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Беларусі!» — адзначана ў дакуменце. Таксама на з’ездзе была прынятая праграма «Беларусы замежжа (2013-2017)», якая ставіць за мэту захаваць беларускую прысутнасць у свеце ў розных яе праявах, кансалідаваць беларускую нацыю і ўмацаваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.

Усе дэлегаты з’езду пагадзіліся з рэзалюцыяй «Беларуская мова — галоўны фактар захавання беларускай нацыі»: «Мы звяртаемся да ўсіх беларусаў у метраполіі і замежжы з заклікам актыўна, штодзённа выкарыстоўваць беларускую мову ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці». Гэтае пытанне не выклікала спрэчак. Але абмеркаванне заявы «Аб акце добрай волі» заняло шмат часу, бо ў ёй было запісана пытанне пра палітвязняў. «Мы заклікаем улады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у знак пакарання за свае палітычныя перакананні». Але ў выніку заяву зацвердзілі ў першапачатковым выглядзе.

Паводле Алены Макоўскай, з часу апошняга з’езду на 10-15 працэнтаў знізілася колькасць беларускамоўных сярод дыяспары (вядома, паводле сацыялагічных апытанняў):

— Умова захавання дыяспары — захаванне на належным узроўні яе нацыянальнай ідэнтычнасці і самабытнасці, — адзначыла пераабраны кіраўнік ЗБС «Бацькаўшчына». На яе думку, толькі гэта зможа абараніць беларусаў ад асіміляцыі ў тых краінах, дзе яны цяпер жывуць. Падзякавала ўсім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі з’езду, ды ўсім беларусам, якія «думаюць пра сваю краіну і падмацоўваюць сваю любоў да Радзімы канкрэтнымі дзеяннямі». Заявіла яна, што беларускай дзяржаве варта разглядаць беларускую дыяспару ў замежжы як найважнейшы знешнепалітычны, эканамічны рэсурс. «І, нарэшце, зрабіць працу з беларускім замежжам адным з прыярытэтаў сённяшняй палітыкі нашай дзяржавы. Мы не можам супрацьстаяць працоўнай міграцыі. Мы жывем у часы глабалізацыі. Але мы можам агульнымі высілкамі дзяржавы і грамадскасці супрастаяць асіміляцыі, развіваць і падтрымліваць нацыянальную культуру, зрабіць так, каб нацыянальная мова беларускага народа заняла належнае месца ва ўсіх сферах жыцця. Мы можам хаця б пачаць гэты працэс. Амаль 3,5 мільёна этнічных беларусаў жыве за межамі сваёй радзімы. Але дыяспара штогод змяншаецца. І зусім не таму, што беларусы вяртаюцца на радзіму. Беларусы — гэта велізарныя чалавечыя рэсурсы. Дыяспара валодае эканамічным, сацыяльным, культурным і грамадска-палітычным патэнцыялам. І важнасць гэтага патэнцыялу ўзрастае ва ўмовах глабалізацыі, калі адбываецца знікненне межаў, ідзе актывізацыя свабодных патокаў людзей, ідэй, тавараў. Падыход да сваёй дыяспары як да найважнейшага знешнепалітычнага эканамічнага рэсурсу сустракае ўсё большы распаўсюд у міжнароднай практыцы. Мы спадзяемся, што такі падыход будзе і ў Рэспублікі Беларусь, таму што гэта шлях у будучыню. Зрабіць стаўку на беларускую дыяспару дзяржава можа, давёўшы да канца распрацоўку закона аб беларусах замежжа і прыняўшы яго. Упершыню ў Беларусі канцэпцыя законапраекта аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой, была распрацаваная Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у 2001 годзе. Аднак прадстаўнікі «Бацькаўшчыны» не былі задаволеныя гэтай канцэпцыяй, бо ў яе аснове ляжаў адпаведны закон Расійскай Федэрацыі, які для Беларусі не падыходзіў. Праца над законапраектам аднавілася ў 2009 годзе, прычым прапановы аб’яднання былі ў гэты раз улічаныя, у прыватнасці тэрмін «суайчыннік» быў заменены тэрмінам «беларус замежжа». Цяпер гэты законапраект блізкі да прыняцця. Толькі разам, аб’яднаўшы свае намеры, як было 20 гадоў таму на Першым з’ездзе беларусаў свету, мы зможам справіцца з новымі выклікамі і праблемамі, якія стаяць перад намі. Нам трэба весці сумесную працу па паглыбленні нацыянальнай ідэнтычнасці — гэта базавыя ўмовы існавання не толькі дыяспары, але і самой Беларусі. Нам неабходна заканадаўча замацаваць статус беларусаў замежжа і зрабіць працу з беларускім замежжам прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі», — падагуліла кіраўнік «Бацькаўшчыны».

Алена Макоўская звярнула таксама ўвагу на тое, што паваенная хваля беларускай эміграцыі, якую складалі носьбіты сапраўднай нацыянальнай ідэнтычнасці і самабытнасці, здолела і без падтрымкі савецкай дзяржавы супрацьстаяць асіміляцыі, выжыць і стварыць свае нацыянальныя цэнтры, якія існуюць да гэтай пары: «Сёння бальшыня эмігрантаў, якія з’язджаюць з Беларусі, не маюць глыбокай нацыянальнай і культурнай повязі са сваёй Радзімай. Таму мы і ставім пытанне захавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці як самае галоўнае і актуальнае для жыцця беларусаў на Бацькаўшчыне і за яе межамі». Алена Макоўская заклікала беларускую дзяржаву праводзіць сваю палітыку, звязаную з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. На яе меркаванне, гаворка ідзе пра тое, каб прыцягваць на Бацькаўшчыну высокакваліфакаваных спецыялістаў, асабліва з беларусаў замежжа.

— Калі чалавек у першым пакаленні страчвае мову, то ў другім і трэцім ён губляе нацыянальнасць, — адзначыў у сваёй прамове старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Паводле агучаных ім звестак, яшчэ зусім нядаўна ў суседняй Польшчы беларусаў налічвалася 300-400 тысяч, а ў апошні перыяд — паводле афіцыйнай статыстыкі — толькі 47 тысяч. У Расіі нядаўна было 1,5 мільёны беларусаў, а цяпер толькі 800 тысяч насельніцтва Расіі называе сабе беларусамі. Таксама ў некаторых краінах знікаюць беларускія структуры — як у Бразіліі, Балгарыі, Іспаніі. Затое ўзніклі ў Грузіі і Швейцарыі.

Былі выбраныя новыя сябры Вялікай Рады ды іншых кіраўнічых органаў аб’яднання, а таксама папоўніўся спіс ганаровых сяброў арганізацыі — тых, хто 10 і болей гадоў актыўна працуе на яе карысць. Сярод тых, хто быў названы ганаровым сябрам на з’езде — Рыгор Барадулін, Яўген Вапа, Анатоль Вярцінскі, Вольга Іпатава, Таццяна Казак, Хведар Нюнька ды іншыя. Ніна Шыдлоўская была пераабраная старшынёй Рады.

Удзельнікі з’езду таксама прынялі          рэзалюцыю, датычную захавання гістарычна-культурнай спадчыны, і рэзалюцыю пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб’ектаў (каб далей выкарыстоўвалася беларуская лацінка). Дадаткова прынялі прапанову «Да 500-х угодкаў бітвы пад Воршай». Юбілей будзе спраўляцца 8 верасня ў наступным годзе, і дэлегаты звярнуліся ў Міністэрства культуры Беларусі, каб належным чынам ушанаваць гэтую падзею на дзяржаўным узроўні. Хаця адзін з дэлегатаў (з Украіны) заклікаў, каб ушанаваннем некаторых падзей не пакрыўдзіць іншыя нацыі.

Па выніковай рэзалюцыі з’езду заўваг не было. Усе прысутныя пагадзіліся, што «нацыянальная ідэнтычнасць ёсць апірышчам развіцця беларускага народу», а нашыя нацыянальныя сімвалы — герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг. З’езд выказаў спадзяванне, што герб і сцяг будуць уключаныя ў пералік нацыянальна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Наталля Гардзіенка, даследчыца гісторыі беларусаў замежжа, кандыдат гістарычных навук звярнула ўвагу на тое, што «па-ранейшаму не распрацаваная нарматыўна-прававая база дачыненняў з дыяспарай, у сучаснай Беларусі сістэматычна не займаюцца вывучэннем ні таго, што ўяўляе сабою сам феномен беларускага замежжа, яго гісторыя і культура, ні таго, што адбываецца сёння ў дыяспары. Не праводзіцца аналіз рэальных міграцыйных працэсаў, невядома ні больш-менш дакладная колькасць беларускіх суполак, ні сапраўдныя аб’ёмы эміграцыі. Праблемай застаецца cтаўленне беларускай дзяржавы да дыяспары». У якасці прыкладу яна прывяла параўнальныя дадзеныя міграцыі з Беларусі ў шэраг краін свету. Так, паводле афіцыйнай беларускай інфармацыі за 2000-2010 гады ў Канаду выехалі 1 046 жыхароў Беларусі, а паводле канадскай статыстыкі за гэты перыяд на сталае жыццё ў краіну прыехаў 5 701 беларус. Паводле беларускіх звестак у 2011 годзе ў Канаду эмігравалі 59 чалавек, а паводле канадскай статыстыкі ў краіну прыбылі 355 беларусаў. На думку даследчыцы, праблема рэальнай эміграцыі застаецца незафіксаванай і незаўважнай у Мінску. Паводле яе слоў, сённяшні падзел беларускай эміграцыі мае найперш і найбольш палітычны характар і залежыць ад стаўлення да беларускіх улад. «Гэты падзел у шмат чым інспіруе сам афіцыйны Мінск праз палітычную эміграцыю і лаяльныя да сябе суполкі, каб паказаць падтрымку сваёй палітыцы з боку замежжа. Разам з тым, і эміграцыйныя дзеячы, пераймаючы гэтую своеасаблівую тактыку, часам пачынаюць дзяліць эмігрантаў і наогул беларусаў на «чэсных» і «нячэсных», называць агентамі КДБ усіх, хто не прытрымліваецца іх поглядаў, або неяк узаемадзейнічае з уладнымі структурамі. Часта канфлікты ў беларускіх асяродках маюць іншую аснову, звязаную з дачыненнямі лідараў між сабою па пытаннях маёмасці, або высвятленню пытання, хто які беларус і гэтак далей».

Генадзь Бураўкін: «Самае балючае для нацыі — пытанне мовы. Мне так здалося, што нават у дэлегатаў з’езду — найлепшых прадстаўнікоў беларускага замежжа — няма разумення таго, што без беларускай мовы Беларусі быць не можа. У некаторых адкрыта, у некаторых прыхавана часам з’яўляецца думка пра тое, што мы — беларусы, мы — за Беларусь, але не абавязкова, каб беларусы ведалі мову, і не абавязкова, каб беларусы былі нечым духоўным глыбока гістарычным паяднаныя. Я гэта катэгарычна не прымаю і ў гэтым бачу вялікую небяспеку, якую вучоныя модна называюць небяспекай глабалізацыі. Для такіх цывілізацый, як беларуская, гэта вялікая небяспека. Бо ў нашым нацыянальным характары няма радыкалізму і рашучасці адносна нацыянальнага пытання, дзякуючы якім іншыя народы захоўваюцца як этнасы ў незалежных дзяржавах».

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла ў сваім вітальным слове адзначыла, што «менавіта ад дэлегатаў форуму залежыць будучыня Беларусі і мажлівасць Бацькаўшчыны зноў заняць тое пачэснае месца ў сям’і народаў Еўропы, якое калісьці займалі нашыя продкі. Адной з найважнейшых задач беларусаў з’яўляецца інфармаванне свету пра нашую зямлю, пра наш народ, пра нашую слаўную мінуўшчыну і нашую культуру».

Міністр культуры Барыс Святлоў адзначыў, што Рэспубліка Беларусь «пакуль не мае магчымасці даць беларусам замежжа такую ж багатую матэрыяльную падтрымку, якую даюць сваім суайчыннікам некаторыя больш заможныя краіны, аднак ідучы насустрач адзін аднаму, працуючы сумесна, можна вырашаць шмат пытанняў і праблем ужо сёння». У той жа час беларуская дзяржава чакае ад нацыянальных дыяспар па ўсім свеце актыўнай дапамогі. «У гэтай зале нямала беларусаў, што прадстаўляюць палітычную і дзелавую эліту. І нам заўсёды хочацца ўспрымаць іх не толькі назіральнікамі з-за мяжы, але і непасрэднымі ўдзельнікамі будаўніцтва суверэннай Беларусі, рэфарматарамі эканомікі, ініцыятарамі развіцця нацыянальнай культуры, навукі і мастацтва. Ад дыяспары чакаюць не толькі прэзентацыі нацыянальнай культуры за мяжой, але і ўмацавання аўтарытэту беларускай дзяржавы, а таксама аб’ектыўнага інфармавання сусветнай супольнасці пра працэсы культурнага будаўніцтва ў Беларусі і, безумоўна, прыцягнення інвестыцый з-за мяжы».

Даследчыца Наталля Гардзіенка ўручыла на з’ездзе першую ўзнагароду ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) гісторыку Алесю Пашкевічу. «Акт удзячнасці БІНіМу» — гэта ўзнагарода, якая будзе ўручацца штогадова за даследаванні гісторыі беларускай эміграцыі.

VI З’езд беларусаў свету дапамог стварэнню экспазіцыі пра эміграцыйны друк. У фае цэнтра падчас працы форуму адкрыліся адразу дзве выставы. Адна — падрыхтаваная мастакамі-беларусамі Балтыі на чале з Вячкам Целешам, другая, прысвечаная спадчыне Беларусі на Захадзе — гісторыкамі Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстава «Якуб Колас у эміграцыйным друку», якая змяшчае ўнікальныя асобнікі замежных выданняў і невядомыя цікавыя факты пра класіка беларускай літаратуры.

«Шкада, што тыя праблемы, якія былі на першым з’ездзе, так і засталіся», — сказала Ніна Савінава з Эстоніі пра ўдзел дзяржавы ў працы з дыяспарай. Прайшло 20 гадоў, а нічога кардынальна не памянялася. Нас успрымаць дзяржаве трэба не як тых, хто паехаў за лепшым жыццём, а як тых, хто апынуўся за мяжой і захоўвае беларускасць — гэта пра недавер з боку дыпламатычных служб і цяжкасці ў атрыманні візаў».

Пра візы сказала і Алена Глагоўская з Гданьска. «Пасольскія прадстаўніцтвы дзеляць беларусаў на сваіх і не сваіх, каму можна дапамагаць, а каму нельга. У кастрычніку мне забаранілі ўезд у Беларусь на навуковую канферэнцыю. А перад гэтай паездкай давялося дзень правесці ў беларускім консульстве ў чаканні візы».

Скептычна наконт вынікаў з’езду выказаліся перакладчык Лявон Баршчэўскі і паэт Сяргей Законнікаў. «Вынікі нашых рэзалюцый, на жаль, маюць слабы рэзананс», — сцвердзіў Баршчэўскі. — «Пакуль у дзяржаве не будзе нармальнага ладу (палітычнага, грамадскага), не будзе вырашана ніводная праблема, у тым ліку вашыя (дыяспары) лакальныя праблемы», — адзначыў Законнікаў.

І калі адны казалі пра палітвязняў (Мікола Статкевіч праз адваката даслаў сваё вітанне), то іншыя гаварылі пра вялікую ролю ўлад Рэспублікі Беларусь. Камусьці не хапала на з’ездзе дзяржаўнага гімна і афіцыйнай сімволікі. Адзін з прадстаўнікоў беларусаў з Расіі заходзіў на розныя форумы дыскусіі і на кожным правакацыйна крыўдзіўся, што на з’ездзе «Бацькаўшчыны» не ўшаноўваецца тое, што ў краіне абавязвае двухмоўе.

Запісала Міра ЛУКША