Толькі невялікая доля эмігрантаў далучаецца да беларускай справы

Напярэдадні вялікай падзеі пра справы дыяспары «Нашай Ніве» расказалі кіраўніца Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і старшыня Рады арганізацыі Ніна Шыдлоўская.

«НН»: З чым «Бацькаўшчына» падышла да чарговага з’езда?

Ніна Шыдлоўская: Шосты з’езд — выдатная магчымасць прааналізаваць гісторыю і сучасны стан беларускага замежжа, акрэсліць перспектывы. За чатыры гады пасля папярэдняга з’езда зроблена дастаткова. Вельмі каштоўнае тое, што атрымліваецца пашыраць інфармацыйную прастору, якая дапамагае беларусам даведвацца пра жыццё і дзейнасць суполак у розных кутках свету: праз сайт і штомесячны бюлетэнь «Беларусы ў свеце». Быццам інтэрнэт даступны ўсім, але такой спецыялізаванай камунікацыі, добра наладжанай, няма. І часам людзі здзіўляюцца, што ў іншай краіне віруе беларускае жыццё. Спецыялісты і сябры «Бацькаўшчыны» даследуюць беларускую дыяспару, даследаванні выдаюцца кнігамі. Мы лічым поспехам «Бацькаўшчыны» тое, што ўдалося ініцыяваць і паспяхова каардынаваць дзейнасць грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Алена Макоўская: Асноўная прычына, якая нас падштурхнула выступіць ініцыятарамі «Будзьмы!» — тое, што беларусы, якія выязджаюць за мяжу, моцна асімілююцца. Невялікі працэнт з іх далучаецца да беларускіх суполак альбо стварае свае. Прычына — у слабой нацыянальнай ідэнтычнасці. Паводле сацыялагічнага апытання, якое мы ладзілі ў 2009, у беларусаў пераважае тэрытарыяльная, грамадзянская ідэнтычнасць. А як толькі тэрыторыя і грамадзянства мяняюцца, то адбываецца і змена ідэнтычнасці.

Вялікае значэнне ў сваёй дзейнасці пасля мінулага з’езда «Бацькаўшчына» надавала працы над законапраектам «Аб беларусах замежжа». Нас запрасілі ў склад працоўнай групы, створанай дзяржаўнымі органамі. Мы пераклалі на беларускую мову заканадаўства шмат якіх краін Еўропы ў сферы працы з іх дыяспарамі. Былі таксама сістэматызаваны прапановы прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Спадзяюся, яны ўлічаны ў тым варыянце законапраекта, які існуе сёння.

«НН»: То бок вы не знаёмыя з варыянтам, які мае МЗС Беларусі?

НШ: З канчатковым — не. Цяпер ён на той стадыі, калі ідуць міжведамасныя ўзгадненні праекта. Мы бачылі яго падчас працы ў працоўнай групе пры Цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў.

«НН»: Дзяржава ўзялася за законапрект толькі пасля мінулага з’езда?

АМ: Не, гэта ўжо быў другі этап. Напярэдадні Трэцяга з’езда, у 2000 годзе, тады яшчэ Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў распрацаваў канцэпцыю законапраекта. У працоўную групу ўваходзіла і «Бацькаўшчына». За аснову быў узяты падобны закон Расійскай Федэрацыі. Але для Беларусі ён не пасаваў. Расія прымала геапалітычны закон, у якім яна, як шматнацыянальная дзяржава, звярталася да ўсіх жыхароў постсавецкай прасторы. Фактычна ўсе жыхары былога СССР маглі апеляваць да РФ па прызнанне сабе суайчыннікамі. Таму распрацоўшчыкі праекта з боку дзяржструктур выкраслілі з яго ўсё тое, што не пасавала Беларусі — асноўны змест. У выніку атрымаўся рамачны дакумент, без канкрэтных правоў і абавязкаў. Мы заклікалі зусім да іншага.

НШ: Праца над законапраектам была прыпынена да 2009. Шкада, што апошнія чатыры гады працэс так і не быў завершаны. І цяпер не зразумела, як хутка гэта адбудзецца.

Але што адносна радуе, што назва сфармулявана так, як гэтага хацелі мы і нашы дэлегаты — «Аб беларусах замежжа». Гэта будзе таксама спрыяць пэўнаму ўзмацненню нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

АМ: Яшчэ ў пачатку 2000-х мы правялі кансультацыі з кіраўнікамі беларускіх арганізацый. І яны сказалі: «Мы не хочам быць асобамі нявызначанай нацыянальнасці для сваёй краіны. Усё, што мы робім, робім у замежжы таму, што мы беларусы. І для нас важна, каб у законе мы таксама фігуравалі як беларусы, а не суайчыннікі».

«НН»: Дзяржава бярэ ўдзел у жыцці беларусаў у свеце?

АМ: Кропкавая праца ідзе, але яна не сістэмная.

НШ: Сістэмнасць — гэта паслядоўнасць і рэгулярнасць крокаў, якія могуць чакаць з боку дзяржаўных органаў беларусы замежжа. Пасля прыняцця адпаведнага заканадаўства, для тых, хто хоча трымаць больш шчыльную повязь з Беларуссю, будзе да чаго апеляваць. У тым ліку самім бачыць, што прапаноўваць. З боку дзяржавы прыняцце такога закона пакажа, што беларусы патрэбныя метраполіі, гэта важны палітычны крок.

І не толькі па прынцыпе — інвестуйце ў сваю радзіму альбо дапамагайце нам прадаваць нашу прадукцыю, але і больш іміджавым, скіраваным на перспектыву: гэта фактычна дэманстрацыя зацікаўленасці ў тым, каб беларусы заставаліся беларусамі ў краінах свайго пражывання, і гатоўнасці ажыццяўляць практычныя крокі ў гэтым кірунку.

АМ: Спачатку прымаецца закон, а пасля разглядаюцца падзаконныя акты, якія даюць пэўныя палёгкі пры перасячэнні мяжы, пры атрыманні грамадзянства і г.д. Беларусы з постсавецкай прасторы настальгуюць па Радзіме, і не раз выказвалі жаданні, да прыкладу, на пенсію вярнуцца ў Беларусь. Але вырашэнне ўсіх працэдурных пытанняў для іх досыць складанае.

Да нас звяртаюцца беларусы замежжа, якія хацелі б дзяцей вучыць па-беларуску. Яны могуць арганізаваць нейкія нядзельныя школы, але ў іх няма распрацаванай методыкі, па чым вучыць. Тыя часы, калі можна было перадаць нейкія чорна-белыя ксеракопіі, прайшлі.

«НН»: Ці ёсць за мяжой беларусы, якія гатовыя прапанаваць краіне нешта большае за культурнае супрацоўніцтва?

АМ: Канечне. Беларусамі замежжа заснавана нямала фондаў, якія дапамагалі нашай краіне змагацца з наступствамі Чарнобыльскай аварыі, дасылалі гуманітарную дапамогу, абсталяванне, вывозілі тысячы дзяцей на аздараўленне. Спрыяюць многім праектам і цяпер — выданню кніг, набыццю гістарычных рэліквій для музеяў, рэканструкцыі помнікаў, пабудове цэркваў. Яны не заўжды афішуюць сваю дзейнасць. І адным з пунктаў, што мы прапаноўвалі ў дзяржаўную праграму, быў такі: калі замежны бізнэсовец беларускага паходжання мае бізнэс у Беларусі, да яго можна было б ужываць паменшанае падаткаабкладанне, з умовай, што гэтыя грошы ідуць на падтрымку беларускай суполкі ў замежжы.

«НН»: Колькі беларусаў замежжа чакаецца на з’езд?

АМ: Каля 200 гасцей і дэлегатаў з 18–19 краін, і гэта без «часткі» з Беларусі.

«НН»: Якія праблемы будзеце ўздымаць перад імі?

НШ: Тэма з’езда — «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці» — вырашана калегіяльна сябрамі вялікай Рады аб’яднання. Але натуральна, што беларусы замежжа будуць агучваць і актуальныя для іх праблемы. Таму вельмі важна, каб пасля вынікі з’езда былі пачутыя і на дзяржаўным узроўні.

Аналізуючы папярэднія з’езды, мы ўбачылі, што глабальныя пытанні, якія закладаліся ў тэмах папярэдніх, так і не вырашаны да сёння. Асноўныя праблемы для беларускай нацыі і беларускай дыяспары застаюцца актуальнымі і найперш — гэта наша нацыянальная ідэнтычнасць.

«НН»: Афіцыйныя структуры дапамагаюць у падрыхтоўцы з’езда?

НШ: Мы склікаем з’езд, таму ўсе арганізацыйныя моманты згуртаванне вырашае самастойна, як і раней. Па некаторых пытаннях мы звярталіся да дзяржавы. Так, звярнуліся ў МЗС Беларусі з просьбай гасцям і дэлегатам з замежжа выдаць бясплатныя візы. І нам пайшлі насустрач.

Міністэрства культуры прапанавала дапамогу з культурніцкай праграмай. На жаль, гэтым не зможам напоўніцу скарыстацца. Праца з’езда будзе адбывацца 2 дні, і запланаваць хаця б палову дня на выезд, скажам, у Мір, немагчыма.

Нам важна, каб на сустрэчу з дэлегатамі прыйшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, у кампетэнцыі якіх менавіта супраца з беларускай дыяспарай. І цяпер ідзе ўзгадненне, хто будзе прысутнічаць.

Сяргей Макарэвіч