Курсы беларускай мовы цяпер і ў Токіа

Нефармальныя заняткі беларускай мовы «Мова ці кава» сабралі сотні слухачоў у Маскве і Менску. Хто б мог падумаць, што наступным горадам, у які завітае нашая мова. будзе японская сталіца!

Арганізатарка заняткаў «Беларускай гутарні» Таццяна Цагельнік атрымлівае ступень магістра ў Нідэрландах на япаністыцы, у Токіа прыехала на навучальны год.

Як распавяла дзяўчына, ідэя зладзіць заняткі з’явілася колькі гадоў таму, пасля першай паездкі ў Японію. Але па-сапраўднаму натхніў яе поспех «Мовы ці кавы»:

«Я хацела, каб нашыя заняткі былі таксама месцам сустрэчы для беларусаў у Японіі. Паводле афіцыйных звестак, нас тут толькі некалькі соцень чалавек, і ніхто асабліва кантактаў не падтрымлівае. Удзельнікі ж курсаў – збольшага японцы, якія ўжо ведаюць расейскую мову або польскую. Гэтак, адна дзяўчына вучыцца на паланістыцы. Вядома, што для ведання польскай гісторыі варта пазнаёміцца і з беларускаю», – распавядае Таццяна.

Пра нашую краіну ў Японіі практычна нічога не ведаюць.

Паводле Таццяны Цагельнік, у мясцовых кнігарнях можна знайсці толькі дзве кнігі, прысвечаныя Беларусі – хутчэй паліталагічная праца былога працаўніка японскай амбасады ў Менску і гісторыя Беларусі, таксама японскага аўтара.

Калі ж год, якія Таццяна правучыцца ў Токіё, скончыцца, дзяўчына спадзяецца, што ейную ініцыятыву працягне Сіёры Кіясава

– дзяўчына, што праславілася на менскіх курсах «Мовы ці кавы» тым, што вывучыла беларускую мову за 11 месяцаў. Цяпер яна вярнулася на радзіму і зазірнула на першы занятак «Беларускай гутарні».

Заняткі ладзяцца раз на тыдзень, і наступныя – ужо ў нядзелю. Калі чытач раптам узгадае, што акурат знаходзіцца ў Токіа, то дакладна варта завітаць на «Гутарню». Інфармацыя ў суполцы ў «Фэйсбуку».