Чэхія прызнала беларусаў нацыянальнай меншасцю

Чэхія прызнала беларусаў нацыянальнай меншасцю. Гэта аўтаматычна дае права на дзяржаўную падтрымку, зазначыў прадстаўнік Грамадскага Аб'яднання «Пагоня»Віталь Цімошчанка. Цягам некалькіх год разам з паплечнікамі ён выступаў з падобнай ініцыятывай.

- Год яднаем вакол сябе дыяспару беларусаў у Чэхіі. Гэтая ініцыятыва з’яўлялася і раней, але літаральна тры гады таму мы вырашылі давесці гэты праект да канца. І гэта фактычна было такім гістарычным абгрунтаваннем прысутнасці беларусаў у Чэхіі.

Нацыянальныя меншасці ў Чэхіі павінны адпавядаць двум асноўным умовам: іх супольнасць павінна гістарычна дзейнічаць на тэрыторыі Чэхіі і мець дастатковую колькасць членаў з чэшскім грамадзянствам. На дадзены момант у Чэхіі афіцыйна зарэгістравана некалькі тысяч беларусаў.

- Ёсць гістарычная абгрунтаванасць прысутнасці беларусаў у Чэхіі яшчэ з 15 стагоддзя. А што тычыцца колькасці людзей, то дакладна вядома, што іх далёка за тысячу з чэшскім грамадзянствам. А што тычыцца астатніх беларусаў, то іх тут напэўна каля 7 тысяч.  

Дагэтуль статус меншасці мелі 12 нацыянальнасцяў: балгары, харваты, венгры, немцы, палякі, славакі, сербы, цыгане, русіны, рускія, грэкі, украінцы. Разам з беларусамі нацыянальнай меншасцю прызналі таксама в’етнамцаў.