У Вільні арганізуюць летнюю школу для беларускіх шкаляроў

“Media Camp” – летнюю школу пад такою назваю арганізуе моладзевая асацыяцыя "StudAlliance" з 5 па 9 жніўня ў цэнтры Літвы Вільні. Праект разлічаны на беларускіх шкаляроў старэйшых класаў і студэнтаў. Ягонымі мэтамі з’яўляецца развіццё крэатыўнасці і садзейнічанне ў самаразвіцці беларускай моладзі.

Адзін з адказных за арганізацыю “Media Camp” Кірыл Атаманчык адзначыў, што праект можа пашырыць далягляд беларускай моладзі:

- Удзельнікі змогуць атрымаць веды ў галіне фота, відэа. Галоўны прадукт – гэта даляглад беларускай моладзі, школьнікаў, студэнтаў. Гэта тое, што мы на 100 адсоткаў абяцаем. Гэта тое, што яны атрымаюць, вынясуць уласна для сябе, бо кожны выбірае для сябе сам.

Па выніку дасланых заявак 1 ліпеня будуць адабраныя каля чатырох дзясяткаў удзельнікаў. Са словаў Кірыла Атаманчыка, у ахвочых ёсць апошні шанец даслаць анкеты з усімі неабходнымі дадзенымі.