Чацвёрты AD.NAK!: выключнасць уключана!

У адукацыйным цэнтры IBB адбылося ўрачыстае адкрыццё Чацвёртага Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Як заявілі арганізатары, сёлетняе мерапрыемства будзе яшчэ больш яскравым і адметным. Фестываль праходзіць пад слоганам “Уключы выключнасць”.

http://budzma.org/wp-content/gallery/adnak2013/tarantino-by-2013-adnak-2819.jpg

Адкрыццё прайшло перад уваходам у Міжнародны адукацыйны цэнтр Ёханэса Рау, дзе сабраліся госці і ўдзельнікі Фестывалю. На імправізаваны п’едэстал у выглядзе вялікай кнопкі ўзышлі арганізатары Фестывалю – каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” Ніна Шыдлоўская і старшыня аргкамітэту, кіраўнік спецыялізаванага рэсурсаMarketing.by Сяргей Скараход. “Мы намагаемся штогод стварыць адметную падзею і быць выключнымі, – заявіла Ніна Шыдлоўская. – Мы верым, што іскрынка крэатыўнасці ёсць у кожным і проста трэба ўключыць выключнасць. AD.NAK! якраз і ёсць такой пляцоўкай, дзе кожны можа выявіць сябе. На ёй аб’ядноўваюцца прадстаўнікі культурнай сферы, у тым ліку і рэкламы”.

http://budzma.org/wp-content/gallery/adnak2013/tarantino-by-2013-adnak-2864.jpg

http://budzma.org/wp-content/gallery/adnak2013/tarantino-by-2013-adnak-2930.jpg

Самыя адметныя працы ўдзельнікаў Фестывалю будуць названыя ўвечары на цырымоніі ўзнагароджання, якая пройдзе ў чатырох аддзяленнях. Сяргей Скараход паабяцаў усім, што сёлета яна будзе яшчэ больш урачыстай і яскравай. Натуральна, былі згаданыя і партнёры Фестывалю, якія дапамаглі зладзіць мерапрыемства. Асабіста прывіталі госця з Японіі Кванта Сімідзу, уладальніка “Канскага льва”. Цягам усяго дня замежныя і айчынныя адмыслоўцы правядуць майстар-класы ў межах адукацыйнай праграмы Фестывалю. А у 19.00 пачнецца ўрачыстая частка.

http://budzma.org/wp-content/gallery/adnak2013/tarantino-by-2013-adnak-2950.jpg

Скончылася адкрыццё запусканнем белых і чырвоных балонікаў – так высока, як ляцяць імкненні ўсіх удзельнікаў і гасцей AD.NAK!

http://budzma.org/wp-content/gallery/adnak2013/tarantino-by-2013-adnak-2995.jpg

Мікалай Дубавіцкі

фота – Аляксандр Ждановіч