Беларусы Пецярбурга ўшанавалі памяць Васіля Быкава

"Талент - гэта труба, вечавы звон, барабан, але не жалейка і не свісцёлка... ён з'яўляецца на свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі"

22 чэрвеня беларусы Пецярбурга сабраліся ў бары "Свабода", каб ушанаваць памяць вялікага сына Беларусі. З уступным словам выступіла Любоў Маркоўская, якая распавяла пра жыццёвы шлях Васіля Уладзіміравіча. Затым прысутныя паглядзелі фільм, зняты па аднайменнай аповесці Быкава "У тумане". Пасля невялікага перапынку ўсе ўдзельнікі распавялі, кім для іх быў Васіль Быкаў, як яны прыйшлі да яго творчасці і як яно на іх паўплывала. Прачыталі ўспамін блізкіх і сяброў, выказванні самога пісьменніка. Склалася атмасфера духоўнай блізкасці з пісьменнікам, быццам кожны ведаў яго асабіста.

Не адно пакаленне вырасла на творах Быкава, ўсе па-рознаму прыходзілі да яго творчасці і ў розныя перыяды свайго жыцця, але нікога яна не пакідала абыякавым. Жывучы па сумленні і праўдзе, Васіль Уладзіміравіч быў і застаецца маральным эталонам для беларусаў. На яго творах фармавалася грамадская пазіцыя, не прыняцце хлусні, мужнасць адстойваць свае пазіцыі ў тысяч беларусаў. Слова Быкава актуальнае і сёння, і заўтра, і будзе актуальным, пакуль б'ецца жывое беларускае сэрца.

"Я веру, што Беларусь жыве і будзе жыць. Зробім жа ўсё дзеля гэтага!" .