Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Генадзь Бураўкін. Кожны народ можа найпаўней выявіць сябе толькі ў форме нацыянальнай дзяржавы

Прызначэнне на пасаду прадстаўніка Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый не было для мяне запланаваным паваротам лёсу. Наадварот, гэта была поўная нечаканасць. У савецкім грамадстве ў тыя часы пачаліся працэсы дэмакратызацыі. У Беларусі абудзіліся новыя інтэлектуальныя сілы, з’явіліся новыя грамадскія арганізацыі, у прыватнасці – Беларускі Народны Фронт.

Я, як кіраўнік дзяржтэлерадыё, лічыў сваім абавязкам інфармаваць пра гэтыя працэсы і дыскусіі ў нашых праграмах. Мы давалі слова Зянону Пазьняку, гаварылі пра з’езд БНФ у Вільні, арганізацыю “Мемарыял” і нават, хоць і не надта шырока, – пра падзеі каля Маскоўскіх могілак. Усё гэта выклікала вялікія прэтэнзіі з боку тагачасных ідэалагічных кіраўнікоў. Паводле іх, нельга было даваць слова Пазьняку і наогул гаварыць пра падзеі, якія выбіваліся са звыклага рэчышча савецкай штодзённасці.

Паколькі я з гэтым пагадзіцца не мог, я прапаноўваў нашым ідэалагічным босам выступіць у адказ Зянону Пазьняку, пры гэтым у куды шырэйшым часовым фармаце. Канешне, ні на што падобнае яны пайсці не маглі, і канфлікт між намі стаў відавочным. Былі розныя спробы выжыць мяне з пасады. Толькі я не збіраўся здавацца, хоць і разумеў, што мне не дадуць спакойнага жыцця. Як раз у гэты час мне прапанавалі працу прадстаўніка Беларускай ССР пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Разумеючы тагачасны палітычны клімат у БССР, пасля доўгіх развагаў я пагадзіўся і аказаўся ў Нью-Ёрку, будучы абсалютна непадрыхтаваным да дыпламатычнай работы.

Гэты перыяд для мяне быў даволі няпростым і складаўся з двух этапаў: спачатку я быў прадстаўніком БССР, а потым ўжо прадстаўляў незалежную Беларусь. Калі я прадстаўляў БССР значэнне  маёй пасады, як, зрэшты, і роля нашай рэспублікі ў ААН, былі даволі сціплымі. Усё вырашаў прадстаўнік СССР. На маё шчасце, тагачасным прадстаўніком СССР пры ААН быў выдатны дыпламат Юлій Міхайлавіч Варанцоў. Гэта быў не толькі вопытны амбасадар, але і вельмі інтэлігентны чалавек, які ставіўся да мяне з вялікай прыязнасцю і дапамагаў там, дзе мне не хапала ведаў ці інтуіцыі. Я пераканаўся, што сапраўды значэнне нашых дыпламатаў, якія працавалі ў Нью-Ёрку, скажам шчыра было чыста фармальным. Таму прадстаўнікі іншых краін з намі не надта і раіліся, калі рыхтаваліся праекты важных рашэнняў, бо было вядома, што як вырашыць прадстаўнік Савецкага Саюзу, так і будуць сябе паводзіць прадстаўнікі Украінскай ССР і Беларускай ССР. Гэта была рэальнасць: у нас не было не толькі самастойнай дыпламатычнай палітыкі, але і сваёй дыпламатычнай школы. Калі ў тых жа ўкраінцаў проста колькасна было болей падрыхтаваных для замежнай працы людзей, то ў беларусаў нават колькасна такая група была зусім маленькай. Акрамя Прадстаўніцтва пры ААН ніякіх іншых дыпламатычных прадстаўніцтваў Савецкай Беларусі ў свеце тады не было.

Аднак, з абвяшчэннем Беларуссю незалежнасці сітуацыя карэнным чынам змянілася. Да нас, прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, пачалі ставіцца зусім па-іншаму: калі рыхтавалася дакументы, да нас загадзя падыходзілі параіцца і прасілі выказаць сваю пазіцыю. Мы сталі практычна раўнапраўнымі сярод калег і пачалася сур’ёзная дыпламатычная работа. Але нам не хапала ні вопыту, ні кадраў, ні нават разумення таго, што пры належных намаганнях нашы інтарэсы цалкам ці часткова будуць улічаныя. У самой Беларусі большасці чыноўнікаў  і дэпутатаў не хапала адчування самастойнасці, таго, што мы незалежная дзяржава! Заставалася аглядка, на Маскву ці на іншыя цэнтры сусветнай палітыкі. А вось да самастойнасці даводзілася прывучаць і сябе, і іншых.

Варта памятаць, што ў той час наша краіна змяніла сваю назву з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. У выкарыстанні новай англамоўнай назвы наша пазіцыя была такой, што мы павінны прывучаць свет, каб нас называлі так, як мы называем сябе самі. Гэта было пэўнай праявай характару і я веру, што нашы нашчадкі ацэняць слушнасць такога нашага рашэння.

Адным з маіх найлепшых дыпламатычных дасягненняў я лічу тое, што мы пачалі сур’ёзна кантактаваць з беларускай дыяспарай. Вядома, што ў Нью-Ёрку былі асноўныя інтэлектуальныя сілы беларускай эміграцыі і наогул гэта быў адзін з найактыўнейшых і найуплывовейшых яе асяродкаў. Для мяне было адкрыццём, што наша эміграцыя – гэта далёка не такая супольнасць, якой яна нам у БССР уяўлялася. Так атрымалася, што ў Савецкай Беларусі за доўгія дзесяцігоддзі многія людзі былі прапагандаю выхаваны так, што практычна лічылі эмігрантаў ворагамі. Як вынік, у нашых замежных суайчыннікаў было насцярожаннае стаўленне да нас як да прадстаўнікоў Савецкага Саюза, а ў нас – да іх, бо мы не ведалі, хто яны, чым яны жывуць, як яны трапілі за акіян. Многія ў Беларусі нават і зараз не задумваюцца, што аснова эміграцыі – гэта дастаткова маладыя людзі, якія пры ўсіх гістарычных варунках не маглі свае рукі запэцкаць крывёю землякоў.

Я прыгадваю, як Наталля Арсеннева і Масей Сяднёў прызнаваліся мне, што пры першым знаёмстве са мной адчувалі няёмкасць, бо я быў для іх чалавекам з той Савецкай Беларусі, ад якой яны акрамя абразаў і лаяння нічога да сябе не адчувалі. І толькі пасля да іх прыйшло разуменне, што, нягледзячы на рознасць нашых лёсаў нас яднала і збліжала Беларушчына – беларуская мова, культура, гісторыя. Такое ж у пэўнай ступені было і ў адносінах з Вітаўтам Кіпелям, Янкам Запруднікам, Антонам Шукелойцем. Таму гэтае адчуванне еднасці і адданасці Радзіме і роднаму народу дазволіла нам паразумецца. У нас атрымалася не проста супрацоўніцтва, але часам і сяброўства. Мы запрашалі нашу эміграцыю на ўсе мерапрыемствы, якія ладзілі ў Прадстаўніцтве, і яна заўсёды з радасцю адгукалася. Асноўны акцэнт мы рабілі на культуры. Мы адзначалі юбілеі Купалы, Коласа, Багдановіча, да нас прыязджалі з канцэртамі “Песняры” і “Сябры”. Наша эміграцыя бачыла, як нам гэта дорага, а мы – як гэта дорага і ім. І ў дачыненнях з дыяспарай я па-сапраўднаму зразумеў, што такое мова ў лёсе чалавека і краіны. Калі ты жывеш сярод чужых людзей у чужой краіне і чуеш роднае слова, яно для цябе як пароль і пасведчанне. Жывучы ў Беларусі, мы гэтага часта не адчуваем. Сярод іншых народаў можна вызначыцца тэхналогіямі, эканомікай, але самая галоўная адметнасць – мова. Яна робіць цябе непадобным да іншых, годным і паважаным у свеце.

Таму, што ў нас наладзіліся добрыя адносіны з беларускай дыяспарай, спрыяла і прыязнае стаўленне да эміграцыі тагачаснага міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанкі. Важным фактарам збліжэння было тое, што эміграцыя пабачыла, што ў Беларусі абудзілася беларускасць, хай сабе і не ў такіх маштабах як хацелася, прычым не толькі сярож вяскоўцаў і інтэлігенцыі, а і сярод некаторых вышэйшых чыноўнікаў, такіх, як прэм’ер Кебіч ці той жа Краўчанка. Таму, калі бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” былі зацверджаныя Вярхоўным Саветам у якасці дзяржаўных сімвалаў, покуль мы ўзгаднялі і замаўлялі выраб сцягу, адпаведны ўсім канонам сцягоў, што вісяць каля штаб-кватэры ААН, нашы эмігранты прынеслі нам свой бел-чырвона-белы сцяг.

У тыя гады ўпершыню за доўгі перыяд нашы суайчыннікі пачалі ездзіць на Радзіму. Можна сказаць, тады пранаваў узнёслы, радасны настрой як сярод эмігрантаў, якія атрымалі магчымасць наведаць сваіх родных і блізкіх, так і сярод некаторых афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, бо яны пабачылі ў эмігрантах добрых людзей, суайчыннікаў, якія хацелі дапамагаць Радзіме, чым маглі. Я ўспамінаю тыя гады як шчаслівы перыяд у нашых дачыненнях.

На жаль, апошнім часам сувязі аслабелі і зноў пачынаюць зацягвацца імжой дзяржаўнага недаверу. Вяртаюцца не лепшыя настроі насцярожанасці і падазронасці. Згадваю шчырага беларускага патрыёта Масея Сяднёва, несправядліва і жорстка пакрыўджанага савецкай уладай. Ён знайшоў у сабе сілы дараваць Беларусі тое, як яна з ім абыйшлася, і быў рады наведаць родныя мясціны. А чаму ж Беларусь як дзяржава не хоча дараваць гэтаму чалавеку, нават калі ў яго і была нейкая віна перад ёю? Што гэта за бесчалавечная ўлада, якая патрабуе, каб ёй даравалі ўсё, што яна нарабіла, нават калі гэтыя дзеянні былі відавочна несправядлівымі і антыбеларускімі, а сваім грамадзянам не даруе нічога? І мне трывожна, што нягледзячы на колькаснае павелічэнне эміграцыі, часам не даводзіцца казаць пра ўмацаванне традыцыяў шчырай адданасці самаму галоўнаму – Беларушчыне.

Не спрыяе гэтаму і цяперашняя практыка беларускіх уладаў, якую можна вызначыць як старанне вярнуцца ў савецкія часы з недаацэнкай нацыянальнага складніку, а часта і барацьбой з ім. Я не скажу, што пра Беларусь сталі менш ведаць і гаварыць. Аднак, нас прыгадваюць часта як краіну, якая хоча павярнуць гісторыю назад, як апошнюю дыктатуру ў Еўропе. Галоўная “заслуга” ў гэтым найперш вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва. Ды і як ні горка мне пра гэта гаварыць, у многім віну я ўскладаю і на мой родны народ, за тое, што ён церпіць націск, які на яго робяць. Беларусам, як мне здаецца, часамі не хапае рашучасці аднойчы гукнуць: “Хопіць! Мы – цывілізаваная краіна! Наша своеасаблівасць у нашай гісторыі, нашым характары, і мы нікому не дамо за нас вырашаць наш лёс!” Найяскравейшай ілюстрацыяй таго, што адбываецца ў краіне, па-мойму, з’яўляецца так званая “Лінія Сталіна” з яе фальшаванай трактоўкай падзей Вялікай Айчыннай вайны. “Лінія Сталіна”, на жаль, праходзіць праз усю дзяржаўную ідэалогію, хоць і не так адкрыта як раней. І мне трывожна за будучыню нашай дзяржавы. Я лічу, што кожны народ можа найпаўней выявіць сябе толькі ў форме нацыянальнай дзяржавы, бо менавіта ў межах нацыянальнай дзяржавы народ атрымлівае ўсе магчымасці рэалізаваць свае таленты, паказаць сваю своеасаблівасць і забяспечыць самому сабе вартае жыццё.

Гэты артыкул з'явіўся па-англійску ў Belarusian Review, Vol. 25, No. 2.

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.