У Мінску адбылася вечарына памяці Віктара Ганчара

У Мінску адбылася вечарына з цыклу "Мы не забудзем", прысвечаная знікламу 16 верасня 1999 года беларускаму палітыку Віктару Ганчару. Гэтае мерапрыемства арганізаванае Маладымі хрысціянскімі дэмакратамі. Паводле словаў сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, вечарыны пра зніклых палітыкаў трэба праводзіць дзеля іх памяці.

"Цяпер ужо не ўзнікае пытанне: дзе гэтыя людзі? Трэба адказваць на пытанне: калі панясуць адказнасць тыя, хто зрабіў гэтыя злачынствы?" -- кажа Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі:

- Калісьці, дапусціўшы гвалтоўнае знікненне гэтых людзей, у Беларусі былі адчыненыя вароты для гвалту, які распаўсюдзіўся і проста пануе дагэтуль. 19 снежня 2010 года, выбух у метро... І многія іншыя жахлівыя падзеі – гэта ўсё падзеі аднаго духу – гвалту і зла, якія ў беларускую палітыку ўпушчаныя, якія мы мусім спыніць.

На вечарыне "Мы не забудзем" выступілі таксама былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Васіль Шлындзікаў, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі. Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў дабівацца стварэння міжнароднага трыбуналу па палітычных знікненнях і забойствах у Беларусі.