Прадпрымальнікі паставяць помнік графу Каралю Гутэн-Чапскаму

З прапановай вылучыць месца пад помнік мэру Мінска ў 1891-1901 гадах да Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта звярнулася Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя старшыня прэзідыума канфедэрацыі Уладзімір Карагін.

«Прыкра, - лічыць Карагін, - што дагэтуль Мінск не ўвасобіў у помніку ці памятнай дошцы памяць пра найлепшага мінскага граданачальніка».

Ён пабудаваў конку, першую электрастанцыю, завод «Аліварыя» ды ўвогуле быў цікавым чалавекам. Калі ў гарадскога савета не было грошай, ён адмовіўся ад зарплаты і 10 гадоў працаваў задарма. Мы, прадпрымальнікі, гатовы сабраць грошы, каб імя гэтага чалавека, які так шмат зрабіў для нашай сталіцы, было ўвекавечана ў нашай гісторыі.

Дзейнасць графа Караля Гутэн-Чапскага гісторыкамі ацэньваецца адназначна: час ягонага кіравання Мінскам стаў перыядам самых паспяховых рэформаў гаспадаркі і культуры горада за ўсю яго гісторыю. Менавіта пры Чапскім за 11 гадоў Мінск ператварыўся з дробнага губернскага мястэчка Расійскай імперыі ў сапраўдны еўрапейскі горад.