Пасля “Шэнгенкі”. У жыцці — пытанні, у кнігах — адказы?

Першы фестываль перакладной літаратуры “Шэнгенка” аказаўся больш чым проста літаратурным фестывалем. Зрэшты, як часта і здараецца, мастацтва разварушвае такія тэмы, што нават у самых разумных кнігах не знайсці адназначных адказаў.

Першы фестываль перакладной літаратуры “Шэнгенка” аказаўся больш чым проста літаратурным фестывалем. Зрэшты, як часта і здараецца, мастацтва разварушвае такія тэмы, што нават у самых разумных кнігах не знайсці адназначных адказаў.

http://budzma.org/wp-content/gallery/shen/img_0935.jpgНа “Шэнгенцы” сёлета было шмат чаго цікавага. Была імпрэза, прысвечаная чэшскай літаратуры (Багуміл Грабал, Эган Бонды, Міхал Вівэг, Ірэна Доўскава), прэзентавалі шмат перакладаў з польскай (Тадэвуш Ружэвіч, Анджэй Стасюк) і славацкай (Рудольф Слобада, Дамінік Татарка). Што адметна, уся перакладзеная літаратура — альбо паэзія, альбо эсэістыка на культурныя і культуралагічныя тэмы. І гэта, у прынцыпе, акрэслівае самыя запатрабаваныя сёння літаратурныя формы.

Але найбольш цікавай імпрэзай сталася, напэўна,прэзентацыя перакладзенай на беларускую мову філасофскай літаратуры. Цяпер мы маем магчымасць чытаць і абмяркоўваць на роднай мове яшчэ некалькі сур’ёзных кніжак. Прычым кніжкі сапраўды сур’ёзныя: “Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаў” (адной з якіх, як не складана здагадацца, з’яўляецца і Беларусь) венгерскага юрыста і філосафа Іштвана Бібо і “Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм” польскага гісторыка Анджэя Валіцкага. Кнігі гэтыя перакладзеныя на нашую мову нездарма. Перакладчыкі Андрэй Храпавіцкі і Аляксей Ластоўскі палічылі, што менавіта гэтыя творы важныя для беларусаў, таму што тым ці іншым чынам яны закранаюць беларускую гісторыю, нацыянальнасць, фарміраванне менталітэту. Пра гэта шмат разважалі падчас прэзентацыі кніг. І вось гэта — самае цікавае!

Адны любяць сіесту, другія – не

http://budzma.org/wp-content/gallery/shen/img_4211.jpgЖыццё не стаіць на месцы, усё мяняецца. А феномен беларускай нацыі і нацыяналізму дасюль не даследаваныя як след. Ды і самі паняцці “нацыя”, “нацыяналізм”, “нацыянальнасць” пад уплывам розных культуралагічных і паліталагічных фактараў мяняюцца. Сёння нацыяналізм — гэта ўжо не крайні шавінізм, які мае відавочна негатыўную афарбоўку, а хутчэй, аб’ектыўны патрыятызм, без якога немагчымае існаванне ніводнай паўнавартаснай дзяржавы. А між тым многія энцыклапедыі і слоўнікі, якія выдаюцца у нашай краіне, бессаромна капіююць тлумачэнне гэтых паняццяў з савецкай літаратуры, у якой падаюцца ўжо даўно не адпаведныя часу дэфініцыі. Што наогул наводзіць на думку: час у Беларусі спыніўся?..

Некаторыя беларускія гісторыкі і філосафы сцвярджаюць, што нацыянальнае пытанне — гэта пытанне заўтрашняга дня. Асабліва гэта тычыцца Еўропы, дзе ўсе ўпарта імкнуцца падзяліцца і ўтварыць незалежную дзяржаву. Узяць тую ж іспанскую Каталонію. Або, напрыклад, Італію, дзе дасюль існуе яскравы падзел на паўночных і паўднёвых італьянцаў, у кожнага з якіх свой менталітэт.

– Адны любяць сіесту, іншыя яе не любяць, — смяецца гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Сёння мы насамрэч назіраем татальны падзел на кам’юніці па інтарэсах ва усіх сэнсах і сферах, пачынаючы ад музычных густаў і заканчваючы глабальнымі геапалітычнымі інтарэсамі. Мажліва, адбываецца гэта таму, што ў свеце стала занадта шмат людзей і занадта шмат разнастайнасці. Нават рэклама імкнецца дагадзіць не проста ўсім, а менавіта вам, прадаць прадукт, зроблены менавіта для вас. Як тут не ўявіць, што вы — цэнтр сусвету, не сабраць яшчэ чалавек 20 такіх, як вы, і не ўтварыць суполку фанатаў менавіта “створанага для вас шампуню”. Але гэта, вядома, жарт, перабольшанне. Я хацела проста прадэманстраваць механізм.

Ногі беларускай нацыі

http://budzma.org/wp-content/gallery/shen/fq0r9982.jpgНацыянальнае пытанне для беларусаў — адно з тых пытанняў, якое здавён стаіць перад нашай нацыяй і на якое пакуль мы з вамі так і не далі адназначнага адказу. Хто мы? Адкуль? Куды мы ідзём? Хіба хто-небудзь з нас здольны на гэта адказаць? Асабліва калі ўлічваць, што і само паняцце нацыі вызначыць цяжка. Канечне, калі зноў жа не карыстацца дапамогай савецкай даведачнай літаратуры, у якой на ўсё заўжды быў адназначны адказ…

Як ні дзіўна, але асабліва сёння, калі, здавалася б, можна расслабіцца — у нас ёсць незалежная краіна пад назвай Рэспубліка Беларусь — якраз і трэба быць найбольш пільнымі. Таму што трэба захаваць — краіну, мову, нацыю. Тут можна прыгадаць і нашую “мяккую ідэнтычнасць” на памежных тэрыторыях. Калі многія жыхары, напрыклад, Заходняй Беларусі лічаць сябе палякамі. А палешукі дык і наогул — быццам асобны народ. Можна прыгадаць і бясконцыя спрэчкі пра нацыянальнасць таго ці іншага мастака: ці можна Шагала, Бакста, Малевіча ды іншых называць беларусамі? Можна прыгадаць і тое, што акурат сёлета мы святкуем важную дату — 150 гадоў таму пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага. А яшчэ можна прыгадаць асаблівасці школьнай адукацыі ў Беларусі і выхавання ў дзіцячых садках.

Адна мая знаёмая працуе выхавацелькай у дзіцячым садку аднаго абласнога цэнтра. Недзе раз на тыдзень па раскладзе ў дзетак занятак па беларускай мове. І што вы думаеце: дзеці чакаюць яго з нецярпеннем? Не! Яны не тое што не чакаюць яго, яны не тое, што не могуць запомніць па-беларуску ніводнага слова! Яны нават характэрны для роднай мовы фрыкатыўны гук “гэ” вымавіць не могуць… Ды і мова для іх беларуская наўрад ці родная… Дзеткам цяжка, таму што мова засвойваецца ў першую чаргу тады, калі з ёй сутыкаешся ў рэальнасці. А калі ў сям’і і на вуліцах дзеці чуюць выключна рускую мову, то пра што можа ісці гаворка? І пра якую нацыю можа ісці гаворка таксама? Калі такая абыякавасць да роднай культуры і мовы будзе працягвацца, то неўзабаве ад нашай незалежнай краіны застанецца хіба што назва. І тым больш у такіх “экстрэмальных” умовах выжывання здаровы нацыяналізм беларускай культуры як раз дарэчы. Хаця зноў жа нацыяналізм можа быць розным. Вось філосаф Валянцін Акудовіч сцвярджае, што этнічна-лінгвістычны нацыяналізм у Беларусі пацярпеў поўнае фіяска. І прапаноўвае спавядаць нацыяналізм грамадзянскі. Многія з ім не згодныя. Так ці інакш, нацыянальнасць — гэта непазбежна вынік сацыялізацыі. Іншымі словамі, мы ўсмоктваем тое, што вакол нас. А што вакол нас? Азірніцеся!

http://budzma.org/wp-content/gallery/shen/img_0751.jpgСпрэчкі пра тое, адкуль растуць ногі беларускай нацыі, нават на прэзентацыі кніг Бібо і Валіцкага не прывялі да адзінай думкі. Што ўжо гаварыць у глабальным сэнсе? Гісторык і філосаф Анатоль Сідарэвіч мяркуе, што нацыя наша пачала фармавацца ў XV стагоддзі. А маладыя гісторыкі (Аляксей Дзермант і Андрэй Казакевіч) мяркуюць, што ўсё ж у XVI. Насамрэч, такія нюансы — справа спецыялістаў. А ў жыцці патрэбна, каб быў вынік. І каб ён быў заўважны — на вуліцах, у крамах, у школах і ўніверсітэтах.

Але відавочна адно: гісторыю беларускай нацыянальнай ідэі яшчэ трэба пісаць. І тое, што ў нас ствараецца для гэтага падмурак у выглядзе перакладаў на родную мову філасофскіх твораў замежных аўтараў — выдатна. Культура ўсё ж непасрэдна ўплывае на фармаванне нацыі, а нехта з вядомых нават сказаў, што “нацыя — гэта твор, які стварае эліта”. Пад элітай тут, вядома, маюцца на ўвазе гумілёўскія пасіянарыі, а не сучасныя бізнесоўцы. Таму цалкам верагодна, што літаратура паўплывае на свайго чытача. І, можа быць, у нас нават колькасць эліты павялічыцца.

Вольга Чайкаўская, фота Івана Лужынскага