Фестываль «Шэнгенка»: як паўставала Еўропа

Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча «Паўстанне Еўропы» адбылася ў галерэі «Ў» у межах фестывалю «Шэнгенка». Гэтым разам прэзентаваліся дзве кнігі на тэму фармавання нацый. Так што часу хапіла і на доўгую дыскусію.

Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча «Паўстанне Еўропы» адбылася ў галерэі «Ў» у межах фестывалю «Шэнгенка». Гэтым разам прэзентаваліся дзве кнігі на тэму фармавання нацый. Так што часу хапіла і на доўгую дыскусію.

Першай прадставілі кнігу венгерскага палітолага, юрыста, філосафа Iштвана Бiбо «Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў».Пераклаў яе Андрэй Храпавіцкі, які не змог прысутнічаць на прэзентацыі, таму некалькі словаў пра выданне сказаў Анатоль Сідарэвіч, «філосаф паводле базавай адукацыі», як ён сам сябе адрэкамендаваў. «Нацыянальнае пытанне — гэта пытанне заўтрашняга дня, — пачаў Сідарэвіч. —Паглядзіце, што робіцца ў Іспаніі: іспанская сацыялістычная партыя цяпер расколваецца на нацыянальныя фракцыі. У Польшчы 800 тысяч жыхароў Сілезіі патрабуюць аўтаноміі, у Латвіі хоча адасобіцца невялічкая колькасць ліваў. А хто ведае, што будзе з Італіяй? Там да гэтага часу ёсць падзел на паўднёвых і паўночных італьянцаў з розным менталітэтам: адны любяць сіесту, а другія — не».

Кніга невялікая, яе можна прачытаць за некалькі гадзін, але вельмі важная для ўсіх, хто хоча разабрацца з пытаннем малых дзяржаваў. Паводле словаў Паўла Баркоўскага, заснавальніка серыі «Сярэднееўрапейскае мысленне», кніга Іштвана Бібо сталася сапраўдным бестселерам фестывалю, яе раскупілі, як гарачыя піражкі. «Гэта, мусіць, таму, што аўтар 6 гадоў у турме прасядзеў», — пракаментаваў Сідарэвіч.

Пра другую кнігу прэзентацыі — зборнік навуковых артыкулаў польскага аўтара Анджэя Валіцкага «Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм» — расказаў перакладчык Аляксей Ластоўскі.

Ён адзначыў, што кніга з’яўляецца першым томам збору твораў Анджэя Валіцкага, які падаецца найбольш важным і цікавым для беларускага чытача. Таму што сусветную вядомасць аўтару ўсё ж прынеслі працы, прысвечаныя іншай праблематыцы — аналізу рускай філасофіі і рускай сацыяльна-палітычнай думкі.

«Пачынаў ён усё ж не з нацыяналізму, а з вывучэння вытокаў польскага марксізму.  У 1950–60-я гады гэтая праблематыка ўспрымалася ў сацыялістычнай Польшчы паважліва. Валіцкі хоць і быў прыхільнікам марксізму, камуністам, аднак, ніколі не быў, таму ў яго была не такая пакручастая біяграфія, як у многіх інтэлектуалаў таго часу, якія паступова ад прыхільнасці да камунізму прыходзілі да поўнага яго адмаўлення. Ён меў досыць вялікую свабоду ў сваёй творчай дзейнасці, шмат падарожнічаў, адначасова выкладаў некалькі гадоў у Аўстраліі, у 80-я гады пачаў выкладаць у ЗША, што пры нашых сацыялістычных рэаліях уявіць было цяжка», — некалькімі словамі абмаляваў біяграфію Валіцкага Ластоўскі.

Ён расказаў, што ў нашыя часы Валіцкі ўспрымаецца як прыхільнік кансерватыўнай плыні, хоць сам аўтар лічыў сябе лібералам. Кніга поўнасцю прысвечаная ўяўленням пра польскую нацыю пачынаючы ад часоў Сярэднявечча. Але найбольш грунтоўна і цікава Валіцкі даследуе гісторыю палітычнай думкі пачынаючы з часоў Асветніцтва, то бок у перыяд распаду Рэчы Паспалітай, калі і ўводзіцца ва ўжытак сама абноўленая канцэпцыя нацыі. Ёсць у кнізе і адмысловы раздзел, прысвечаны нацыянальнаму ўяўленню пра дзейнасць Тадэвуша Касцюшкі, які зацікавіць беларускага чытача. Вялікае месца ў зборніку займае аналіз творчасці рамантыкаў і найбольш выбітнага з іх — Адама Міцкевіча.

«Анджэй Валіцкі вельмі прыязна ставіўся да спадчыны Рэчы Паспалітай, ухваляючы яе шляхецкія традыцыі. Але ён піша крамольную думку пра тое, што калі б Рэч Паспалітая працягвала сваё існаванне, то, напэўна, на некалькі нацый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе было б менш. Я думаю, няцяжка здагадацца, якія нацыі трапляюць у гэты пералік, — расказаў Ластоўскі. — Развіццё беларускага нацыянальнага руху, беларускага нацыяналізму было ў цесным сутыкненні, палеміцы з тым, што адбывалася ў Польшчы, так што гэты кантэкст абавязкова трэба ведаць, каб разумець, адкуль мы такія ёсць і якім чынам сфармавалася беларуская свядомасць».

Менавіта гэтыя праблемы, узнятыя ў прэзентаваных выданнях, сталіся тэмай дыскусіі, у якой узялі ўдзел таксама сацыёлагі і палітолагі Андрэй Казакевіч і Аляксей Дзермант. Калі паўсталі нацыі, якую ролю адыгрывалі эліты, які кшталт нацыяналізму патрэбны Беларусі — на гэтыя ды іншыя важныя і складаныя тэмы выказваліся выступоўцы. Аўдыторыя, у якой было нямала філосафаў і сацыёлагаў, ахвотна далучылася да дыскусіі.

Аляксандра ДорскаяФота: Воля Баркоўская

budzma.org