Літаратура эміграцыі, якая здзівіць і рассмяшыць

Дзённікі юнака ў акупаваным Мінску і вясёлыя фельетоны. Навуковае даследаванне жанраў і літаратурны альманах. Чатыры абсалютна розныя кнігі эміграцыйнай спадчыны былі прэзентаваныя ў кнігарні “логвінаЎ”.

Дзённікі юнака ў акупаваным Мінску і вясёлыя фельетоны. Навуковае даследаванне жанраў і літаратурны альманах. Чатыры абсалютна розныя кнігі эміграцыйнай спадчыны былі прэзентаваныя ў кнігарні “логвінаЎ”.

Ежа для літаратуразнаўцаў

Два з прадстаўленых выданняў зацікавяць пераважна даследчыкаў літаратуры. Таму на прэзентацыі ім надавалася менш увагі. Вядоўца імпрэзы, гісторык Наталля Гардзіенка, сказала колькі словаў пра кожнае.

Альманах “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва”, які існуе з 1953 года, выходзіць у Нью-Ёрку апошнім часам раз на год. Новы нумар прысвечаны беларускай літаратуры — як эміграцыйным пісьменнікам, так і літаратарам метраполіі, пераважна міжваеннага перыяду. Тут змешчаныя фотаархівы пісьменніка Юркі Віцьбіча, даваенныя дакументы літаратуразнаўцы Антона Адамовіча і ягонае ліставанне з паэтам Міхасём Кавылём, дзе ён вучыць яго пісаць санеты, а таксама поўная бібліяграфія артыкулаў Максіма Багдановіча ў нямецкамоўным і эміграцыйным друку.

У кнізе амерыканскага беларуса, архівіста, даследчыка Лявона Юрэвіча “Жанры” разглядаюцца некаторыя напрамкі беларускай эміграцыйнай літаратуры. Тут ёсць тэксты, прысвечаныя спецыфічнаму гумару дыяспары, травелогам — нататкам эмігрантаў пра падарожжы, у тым ліку і на радзіму, у БССР. Надаецца ўвага біяграфіям, перакладам, што рабіліся за мяжой, ды іншым жанрам, якія існуюць у эмігранцкім асяродку. Кніга зрабілася дваццаць першым выданнем у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, якая папулярызуе веды пра беларускую дыяспару. Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, адзначыла: “Кнігі, што выходзяць у гэтай серыі, вучаць, як захоўваць Беларусь незалежна ад таго, дзе ты жывеш. Бо для нас як нацыі не вельмі вялікай і з цяжкай доляй вельмі важна, каб беларускае жыццё існавала не толькі на радзіме, але і  ў тых краінах, куды воляй лёсу трапляюць нашыя людзі”.

Беларускі Ільф і беларускі Пятроў

Наступныя дзве кнігі могуць стаць адкрыццём не толькі для знаўцаў беларускай эміграцыі, а для любога прыхільніка добрага чытва. Пра іх гэтым вечарам казалі шмат, з захапленнем і гарачымі заклікамі “чытаць усім”.

Даследчык Ціхан Чарнякевіч прызнаўся, што да таго, як атрымаў прапанову зрабіцца рэдактарам-укладальнікам кнігі Лявона Савёнка “Творы”, ніколі не чуў пра гэтага аўтара. У кнізе сабраныя даэміграцыйныя творы пісьменніка-фельетаніста і тэксты, напісаныя падчас акупацыі, якія пасля яго ад’езду ў ЗША былі незаслужана пакінутыя без увагі на радзіме.

“Лявон Савёнак — адзін з найлепшых сатырычных пісьменнікаў савецкага часу, гэта беларускі Ільф і Пятроў. У 1920-я гады ён быў карэспандэнтам газеты “Савецкая Беларусія”, на той час яшчэ беларускамоўнай, і там друкаваў свае фельетоны. Безумоўна, тэмы былі спецыфічныя, часта даводзілася “адгукацца на задачы кампартыі”, але пісаў ён так па-майстэрску, што кожнае слова ажно звінела. Калі я перадрукоўваў іх у чытальнай зале, часам ажно не мог стрымацца ад смеху, — кажа Чарнякевіч, на думку якога сатырычны талент Савёнка можна паставіць нават вышэй за талент Мрыя. — Абсалютна незразумела, як некаторыя фельетоны маглі быць надрукаваныя ў той час. Бо даводзячы пэўную з’яву рэчаіснасці да абсурду, ён паказваў ідыятызм некаторых сітуацый. Так што гэта быў апазіцыйны таварыш”.

“Дзённік 1943—1947” Дзмітрыя Сямёнава — хлопца, які не быў вядомым дзеячам ні на радзіме, ні ў эміграцыі, — з’яўляецца ўнікальным гістарычным дакументам. Запісы, якія выпадкова захаваліся ў сям’і аўтара, вяліся ў 1943 годзе ў акупаваным Мінску і падчас уцёкаў за мяжу. Гісторыка Антона Рудака яны зацікавілі найперш як адлюстраванне тагачаснага моладзевага асяродку ў сталіцы.“Як ні дзіўна гучыць, у часе акупацыі ў Мінску моладзь фактычна далучылася да агульнаеўрапейскай інфармацыйнай і культурнай прасторы. Людзі глядзелі фільмы і слухалі музыку, папулярную ў Еўропе, чаго не было да вайны. Нават подпісы на фотаздымках і віншавальных паштоўках моладзь рабіла па-нямецку, — кажа Рудак. — Цікава, што Сямёнаў у перыяды захапленне рознымі дзяўчатамі ў запісах пераходзіць на рускую мову. Значыць, дзённік ён вёў не толькі для сябе ці нашчадкаў, але і каб даць пачытаць”.

Адкуль пайшлі “чарка і скварка”

Літаратурны крытык Ганна Кісліцына знайшла сувязь паміж дзённікамі Сямёнава і самым буйным сатырычным творам Савёнка “Запіскі эмігранта” (“Дзеннік Ів. Ів. Чужанінава”), бо яны апісваюць адну і тую ж рэчаіснасць, час акупацыі ў Мінску.

“Нядаўна я даведалася, што ў 1950-я гады ў Мінску была хваля антысемітызму. Мяне зацікавіла: як гэта магло быць пасля столькіх нявінных ахвяраў, беларусы ж павінны былі шкадаваць яўрэяў.  Прачытаўшы гэтыя тэксты, я зразумела, што беларусы маглі не бачыць не тое, што адбывалася побач з імі ў адным горадзе, а нават на суседніх вуліцах, — апавядае Кісліцына. — Калі ў Сямёнава слова “немцы” пару разоў згадваецца — танчылі разам ці гралі ў фанты, то ў Савёнка яго ўвогуле няма. Можна, аказваецца, пражыць на гэтай  тэрыторыі і не бачыць ворага, а бачыць толькі тое, што ўвасабляе беларускую нацыянальную ідэю — чарку і скварку. Кніга Савёнка разбіла маё ўяўленне, што гэтая актуалізацыя чаркі і скваркі з’явілася ў 1990-я. Бо ў кнізе гэты фразеалагізм згадваецца шматкроць: калі спачатку “чарка, скварка і цёплы жаночы бок пагладзіць”, то бліжэй да канца вайны пра бок ужо няма, відаць, трошку расхацелася”.

Ганна Кісліцына расказала, што твор Савёнка здзівіў яе многімі акалічнасцямі сталічнага жыцця: і апісаннем шлюбу пад акупацыяй, калі жаніліся дзеля некалькіх палітонаў ці мяхоў мукі, і запатрабаванасцю розных варажбітак, цыганак і хірамантаў, да якіх людзі хадзілі, каб дазнацца пра сваю будучыню, і раптоўнай рэлігійнасцю ў атэістычным асяродку.

“Здаецца, што смешнае магло быць ў той вайне? Але праз мову можна рассмяшыць, нават апісваючы самыя трагічныя сітуацыі. Гэта рэдкая кніга ад эмігрантаў, над якой ты не сядзіш і не нудзішся, разбіраючы складаную мову, а можаш проста павесяліцца”, — дадала яна напрыканцы і параіла ўсім яе прачытаць.

Аляксандра Дорская, budzma.org

Фота: Зарына Кандрацьева