Шляхам Карскага праз 100 гадоў

Гутарка з аўтарам "Беларускай дыялекталогіі" Міраславам Янкавяком.

Нядаўна ў Варшаве выйшла манаграфія на польскай мове «Беларуская дыялекталогія» (Dialektologia białoruska). Яе аўтары – прафесар Ніна Баршчэўская (Кафедра беларусістыкі Варшаўскага універсітэта) і доктар Міраслаў Янкавяк (Інстытут славістыкі Польскай Акадэміі навук).

Прапануем чытачам гутарку з Міраславам Янкавяком.

“Бацькаўшчына”: Спадар Міраслаў, для манаграфіі “Беларуская дыялекталогія” было сабрана ў палявых умовах і прааналізавана шмат матэрыялу. Чыя была ўвогуле ініцыятыва такіх даследаванняў?

Міраслаў Янкавяк: Думка пра такую ідэю з’явілася некалькі гадоў таму, калі я пісаў магістарскую работу ў Цэнтры Усходняй Еўропы пра беларускага мовазнаўцу і этнографа Яўхіма Карскага як рэктара Імператарскага варшаўскага універсітэта. Ён першы правёў комплексныя даследаванні беларускіх гаворак, апісваючы не толькі цэнтральныя рэгіёны, але таксама памежжы. Па-другое, на працягу некалькіх гадоў, я ўдзельнічаў у праекце “Беларусь і памежжа Беларусі: гісторыя, культура, мова” пад кіраўніцтвам прафесара Эльжбеты Смулковай і доктара Анны Энгелькінг. Гэта ўсё было імпульсам для далейшых даследаванняў – шляхам Карскага 100 гадоў пазней. Ён большасць экспедыцыяў правёў як працаўнік Варшаўскага універсітэта, чаму б не прадоўжыць гэтую традыцыю і цяпер? Першым крокам была кандыдацкая работа пра беларускія гаворкі ў Латгаліі. Пазней з’явілася думка, каб напісаць манаграфію “Беларуская дыялекталогія”. Трэба было толькі знайсці добрага суаўтара, які разам са мной напіша так вялізарную працу. Прафесар Ніна Баршчэўская згадзілася. Гэта былі тры гады выдатнага і плённага супрацоўніцтва. Спадарыня Ніна – гэта не толькі выдатны спецыяліст у гэтай тэме, але і адкрыты да новых ідэяў і маладых навукоўцаў чалавек.

Б: Каму гэтая манаграфія будзе цікавая ў першую чаргу?

МЯ: Па-першае, манаграфія накіраваная на палякаў, студэнтаў-беларусістаў і славістаў, а таксама польскіх філолагаў, каб яны мелі вялікі абсяг ведаў па гэтай тэме і не карысталіся стэрэатыпамі. Па-другое, мы хацелі ахапіць у нашай кнізе яшчэ не ахопленыя аспекты, або якія былі замоўчаныя ў кніжках, выдадзеных у Беларусі. Таму больш падрабязна, напрыклад, мы апісалі беларускія гаворкі па-за межамі краіны – на Падляшшы, на Віленшчыне, у Латгаліі, на Пскоўшчыне, Смаленшчыне, Браншчыне і Чарнігаўшчыне. Сабраны намі матэрыял добра пацвердзіў, напрыклад, што беларускія моўныя рысы на Смаленшчыне, Пскоўшчыне ды Браншчыне ў нейкай ступені адлюстроўваюць даўнія межы ВКЛ і сёння.

Б: Ці плануецца пераклад кнігі на беларускую мову?

МЯ: На гэты момант мы не плануем выдаваць манаграфію на беларускай мове, таму што ў Беларусі надрукавана шмат выдатных прац па гэтай тэме. Але ёсць ідэя перакласці на ангельскую, каб лінгвісты Вялікабрытанні, Нямеччыны ці ЗША, каторыя не валодаюць беларускай мовай, мелі свабодны доступ да матэрыялаў.

Б: Раскажыце больш падрабязна, у якім кірунку будуць праводзяцца наступныя даследаванні і якую геаграфію яны ахопяць?

МЯ: Перад намі, беларусазнаўцамі, яшчэ шмат працы, падрабязных доследаў патрабуюць яшчэ і іншыя памежжы – я ўжо правёў уступныя палявыя даследаванні на Віленшчыне, улетку еду туды паноўна. Несумненна, вельмі цікавым абшарам не толькі для беларусаў, але і для палякаў, выступае Смаленшчына, якая не дачакалася сучасных аб’ектыўных навуковых прац, датычных беларускіх гаворак, што ў нейкай ступені выклікана ненавуковымі фактарамі. Але тут вялікую і добрую працу робяць, напрыклад, стваральнікі сайта пра беларускую Смаленшчыну – я пад вялікім уражаннем ад іх дзейнасці. І застаецца Чарнігаўшчына, пра якую найменш ведаем.

Б: І напрыканцы раскажыце, калі ласка, як Вы асабіста зацікавіліся тэмай беларускіх дыялектаў?

МЯ: Для спадарыні Ніны гэта было натуральнае прадаўжэнне навуковай працы – беларускай дыялекталогіяй яна займаецца ўжо шмат гадоў, а да таго ж яна сама беларуска з Падляшша. У мяне трошкі інакш пачалася прыгода: дзядуля нейкі час пражываў на Палессі і расказваў мне пра Беларусь і беларусаў. Так я паступіў на кафедру беларусістыкі, займаюся Беларуссю ўжо 16 гадоў і пакінуў там частку свайго сэрца.

Міраслаў Янкавяк падчас навуковай экспедыцыі ў вёсцы Стайкі Пінскага раёна

Тамсама

У вёсцы Жытнавічы, Пінскі раён

Фота Лукаша Граеўскага

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"