Паўла Урбан

(27.3.1924 – 2.2.2011)

Паўла Урбан – гісторык, журналіст, культурна-грамадзкі дзеяч.

Нарадзіўся Паўла Урбан у вёсцы Закаліўе на Лепельшчыне. Бацькі – звычайныя  сяляне. У сям’і было сямёра дзяцей. Падчас хутарызацыі ў 1920-х гадох бацька атрымаў дзевяць гэктараў зямлі, але хутка пачалася масавая калектывізацыя, і сям’ю аб’явілі кулацкай. Бацьку арыштавалі, ён чакаў прысуду ў лепельскай турме больш за шэсьць месяцаў. Выпусьцілі яго адтуль у сувязі з артыкулам Сталіна “Головокружение от успехов”. Вярнуўшыся з турмы, бацька быў вымушаны ўступіць у калгас.  

Паўлюк, пасьля 7 клясаў дзесяцігодкі, вучыўся ў Віцебску ў фабрычна-заводзкай вучэльні.

Падчас вайны вёска Закаліўе знаходзілася ў партызанскай зоне. Жыхары нацярпеліся і ад немцаў і ад партызанаў. У часе адной супрацьпартызанскай акцыі немцы артыштавалі Паўлюка й пасадзілі ў лягер  для вывазу ў Нямеччыну. Каб памагаць бацькам з малымі дзяцьмі, Паўла ўступіў у дапаможную паліцыю ў Лепелі. У чэрвені 1944 г., пакінуўшы бацькаўшчыну, ён апынуўся ў нямецкай дывізіі, якая была перакінута ў Францыю. Там хутка перайшоў на бок амэрыканцаў і апынуўся ў Заходняй Нямеччыне. Па заканчэньні вайны ўдалося пазьбегнуць прымусовага “вяртаньня на радзіму” й далучыцца да сваіх суродзічаў у лягеры ДыПі.

Спачатку ў Рэгенсбургу,  а пасьля ў Міхэльсдорфе Паўлюк вучыўся ў беларускай гімназіі ймя Янкі Купалы, быў актыўным удзельнікам скаўцканга руху, добрым гімнастам. У студзені 1948 г., разам зь дзесяцьма сябрамі-скаўтамі з таго ж самага міхэльсдорфскага дыпіўскага лягеру (будучая “Дванаццатка”), выбраўся на заработкі ў Вялікабрытанію. Пасьля двух зь лішнім гадоў вуглякопскае працы й творчага супрацоўніцтва ў выдаваным намі часапісе “Наперад!”, наша група зь дзевяцёх дванаццаткаўцаў, у тым ліку Паўлюк, прыехала ў Бэльгію на навуку ў Лювэнскім унівэрсытэце. Мы з Паўлюком выбралі гістарычны факультэт, які й закончылі ўвосень 1954 году. Пра сваю грамадзкую нагрузку ў Лювэне Паўлюк напісаў наступнае (кніга Барыса Рагулі “Беларускае студэнцтва на чужыне” (Лёндан /Канада/ – Нью Ёрк, 1996, с. 195): “Падчас навучаньня быў сакратаром і скарбнікам лювэнскай студэнцкай арганізацыі (колькасьць беларускіх студэнтаў даходзіла да 50 чалавек), сакратаром Саюзу Беларусаў Бэльгіі. Удзельнічаў у студэнцкім харавым і танцавальным ансамблі”.

Пасьля Лювэну П. Урбан правёў год у Рыме, працуючы ў архівах і спадзяючыся на шанец зрабіць дактарат з гісторыі Беларусі. Але лёс павярнуўся другім бокам. Праз год, напрыканцы 1955 г., шляхі нашы зыйшліся  ў Мюнхэне, дзе я працягваў сваю журналістычную працу ў радыё “Вызваленьне” (будучая “Свабода”), а Паўлюк стаўся супрацоўнікам Інстытуту Вывучэньня СССР. Там ён  працаваў рэдактарам, узначальваў аддзел біяграфічных даведнікаў, быў сябрам прэзыдыюму навуковай рады і сакратаром гэтай рады. Пра яго пісаў адзін з кіраўнікоў Інстытуту, др. Шульц, Антону Адамовічу ў 1970 г.: “П. К. Урбан працуе рэдактарам нашых біяграфічных даведнікаў і адзначаецца выключнай стараннасьцю, добрасумленнасьцю й цудоўным характарам”. Лагоднасьць Паўлюковага характару, між іншага, красамоўна адлюстраваная ў ягонай ветлівай усьмешцы, якую бачыш на пераважнай бальшыні фатаздымкаў яго.

Пасьля таго як у 1972 г. Інстытут Вывучэньня СССР спыніў сваю дзейнасьць, ад 1974 г. і да выхаду на пэнсію ў 1989 г. П. Урбан быў супрацоўнікам Беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”.

Быўшы чалавекам з моцным патрыятычным пачуцьцём і высокай грамадзянскай маральлю, Паўлюк актыўна  спалучаў сваю прафэсійную працу з грамадзкімі справамі й палітычнай дзейнасьцяй. Ён быў сябрам Рады БНР. Паралельна з працай у Інстытуце Вывучэньня СССР, плённа супрацоўнічаў на грамадзкай аснове з  газэтай “Бацькаўшчына”, быў скарбнікам і адміністратарам аднайменнага кніжнага выдавецтва, сакратаром мюнхэнскага аддзелу БІНіМу.

У 1961 г. Паўлюк ажаніўся зь зямлячкаю, Ларысай Асадчай. У іх нарадзілася дачка. Абедзьве жывуць у Мюнхэне й абедзьве дбайна апекаваліся ім апошімі гадамі ў часе ягоных хваробаў.

Памёр Паўла Урбан на 87 годзе жыцьця ў Мюнхене 2-га лютага 2011 г.

Паўла Урбан пакінуў па сабе багатую гістарыяграфічную, журналістычную й эпісталярную спадчыну, пакуль што несабраную. А што да кніжных выданьняў, дык у лісьце да мяне ў 2001 г. ён назваў наступныя публікацыі:

  1. П. К. Урбан. Смена тенденций в советской историографии. Институт по изучению СССР. Мюнхен, 1959.
  2. Паўла Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў (У сувязі з брашурай Л. С. Абэцэдарскага). Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Мюнхэн – Нью Ёрк, 1972.
  3. Паўла Урбан. Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў. Выдавецкі цэнтар “Бацькаўшчына”. Менск, 1994.
  4. Паўла Урбан. Старажытныя ліцьвіны. Мова,  паходжаньне і этнічная прыналежнасьць. “Тэхналогія”. Мінск, 2001.

Пра публікацыю №4 Паўлюк зазначыў у лісьце: “Апошняя кніга – гэта зборнік маіх працаў, дапоўнены ‘Матэрыяламі да тлумачэньня славянскіх і ліцьвінскіх паганскіх імёнаў’. Зборнік гэты я яшчэ не атрымаў зь Менску, і нават ня ведаю, ці захавалася пададзеная назва, якую прапанаваў Зьміцер Санько!”

Бальшыня навуковых і публіцыстычных артыкулаў Паўлы Урбана апублікаваныя ў пэрыёдыках Інстытуту Вывучэньня СССР і Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ды ў газэце “Бацькаўшчына” (спыніла выхад у 1966 г.).

Пра Паўлюка можна прачытаць, калі хто мае, у кніжках Яна Максімюка “Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне” (Нью Ёрк – Беласток, 1994) і Барыса Рагулі “Беларускае студэнцтва на чужыне” (Лёндан /Канада/ – Нью Ёрк, 1996) ды маёй “Дванаццатцы” (Нью Ёрк, БІНіМ, 2002). Падборка матэрыялаў, прысвечаных памяці Паўлы Урбана з яго ўспамінамі, надрукавана ў 34-м нумары “Запісаў БІНіМ”.

Янка Запруднік